Версия для печати
Размер шрифта:
Фото
Печатать

Лідскі раён атрымаў самы вялікі ўраджай за сваю гісторыю

15.12.2026
Лідскі раён атрымаў самы вялікі ўраджай за сваю гісторыю
Сёлета Лідскі раён паказаў адзін з найлепшых эканамічных вынікаў у аграрнай сферы і заняў годнае месца сярод раёнаў Гродзеншчыны. Як у гэты няпросты час удаецца трымаць у тонусе сельскую гаспадарку і за кошт чаго папрыгажэла Ліда ў Год добраўпарадкавання, карэспандэнту «Звязды» расказаў старшыня Лідскага раённага выканаўчага камітэта Аляксандр ВЯРСОЦКІ.

— Аляксандр Людвігавіч, з якімі паказчыкамі Лідскі раён завяршыў сельскагаспадарчы год? Ці ўсіх пастаўленых задач удалося дасягнуць?

— Па-першае, сёлета Лідскі раён атрымаў самы вялікі ўраджай за ўсю гісторыю свайго існавання. Па-другое, мы на 9 ц/га павялічылі ўраджайнасць збожжавых культур у параўнанні з папярэднім годам, і сярэдняя ўраджайнасць склала 40,5 ц/га. Гэта менш, чым сярэдні паказчык па вобласці, але для нас — найлепшы вынік у гісторыі. Па-трэцяе, у Лідчыны — найлепшы паказчык па прывазе малака ў вобласці: звыш 111 % малака мы надаілі больш у параўнанні з папярэднім годам. Па-чацвёртае, што датычыцца валавой вытворчасці прадукцыі сельскай гаспадаркі, Лідскі раён выканаў і нават перавыканаў даведзены план (па выніках 9 месяцаў): звыш 109 % у параўнанні з мінулым годам. Ды і па прыбаўцы валавой вытворчасці прадукцыі сельскай гаспадаркі мы найлепшыя ў вобласці. Гэта не можа не радаваць, бо малако і збожжа складаюць аснову сельскагаспадарчай вытворчасці раёна. Нягледзячы на асобныя цяжкасці, год склаўся для нас удала. У чым сакрэт? Самі мабілізаваліся вакол тых задач і даручэнняў, якія ставяцца кіраўніком дзяржавы, істотнай была і дапамога Гродзенскага аблвыканкама. Поспех — у галаве. Ён не залежыць ад надвор’я, іншых акалічнасцяў. Ужо пачалі рабіць пэўныя захады для таго, каб і наступны год быў не горшы, а нават лепшы за гэты.

— Прэзідэнт на асабістым кантролі трымае сітуацыю з падзяжом буйной рагатай жывёлы. Як на Лідчыне выконваюцца адпаведныя даручэнні кіраўніка дзяржавы?

— Па падзяжы жывёлы мы ўкладваемся ў даведзеныя тэхналагічныя нормы. Намаганні накіраваны на тое, каб купіраваць праблемы, звязаныя з кармленнем і ўтрыманнем жывёлы. Будзем працягваць работу, каб з кожным годам такія факты былі адзінкавыя, каб іх увогуле не было. У гэтым плане своечасовым з’яўляецца Указ Прэзідэнта № 290 «Аб узмацненні адказнасці старшыняў райвыканкамаў», згодна з якім за кіраўніком раёна замацавана адна стратная сельгасарганізацыя з мэтай павышэння яе рэзультатыўнасці. За мной замацавана РСУП «Саўгас «Лідскі», там ужо назіраецца і зніжэнне падзяжу, і павелічэнне рэалізацыі малака — прыбаўка 1,5 літра ў параўнанні з аналагічным перыядам летась. Пры гэтым я і не бываю на гэтым прадпрыемстве часцей, чым на іншых. Кантроль аднолькавы да ўсіх. Вывераная кадравая палітыка і дакладныя арганізацыйныя рашэнні робяць сваю справу.

— Да завяршэння падыходзіць Год добраўпарадкавання. Што зроблена за гэты перыяд? 
І ці не спадзе актыўнасць, звязаная з добраўпарадкаваннем горада, сельскіх населеных пунктаў, пасля таго як завершыцца Год добраўпарадкавання?

— Звыш 8 мільёнаў рублёў сёлета было ўкладзена ў рамонт толькі вулічна-дарожнай сеткі, новы выгляд набыла набярэжная каля Лідскага замка. Бягучы рамонт праведзены ў дзевяці дварах, устаноўлены 23 дзіцячыя гульнявыя пляцоўкі. Гэта значны ўнёсак у пытанне добраўпарадкавання нашага горада. Кардынальна змянілася канцэпцыя па азеляненні, што заўважылі не толькі жыхары горада, а і нашы госці. Высаджана на 50 тысяч кветак больш, чым летась. Не толькі дзякуючы бюджэтным сродкам папрыгажэў наш горад. 

На сваёй тэрыторыі за ўласныя грошы наводзілі парадак установы сацыяльнай сферы і прамысловыя прадпрыемствы, актыўна далучаліся гараджане, і, што адметна, да агульнай справы пачалі падключацца прыватныя кампаніі. Год добраўпарадкавання паказаў, што мы можам многае. Выклікі, з якімі апошнім часам сутыкаемся, прымушаюць знаходзіць іншыя шляхі паспяховай работы. Налета работа па добраўпарадкаванні ні ў якім разе не спыніцца. Паспрабуем вытрымаць набраны тэмп і выйсці на новы ўзровень у сваім развіцці.

Звязда

© Лiдскi раённы выканаўчы камітэт, 2026.