Версия для печати
Размер шрифта:
Фото
Печатать

Ваенныя нумары газеты «Уперад» 1943 года папоўнілі фонды Лідскага гісторыка-мастацкага музея

02.02.2024
Ваенныя нумары газеты «Уперад» 1943 года папоўнілі фонды Лідскага гісторыка-мастацкага музея
Да гэтага часу яны захоўваліся ў рэдакцыі «Лідскай газеты». Усе нумары газет ваеннага часу былі падпарадкаваны адной тэме — змаганню супраць фашысцкай агрэсіі. І лідская «Уперад» працавала ў гэтым кірунку. Тут друкаваліся як паведамленні цэнтра, так і мясцовыя навіны, якія ў пераважнай большасці насілі баявы характар.

Знайшоў баявыя лісткі жыхар Слоніма, калі падчас сартавання перабіраў звезеную на прадпрыемства макулатуру. Мужчына зацікавіўся стосам старых газет і забраў іх сабе. Доўгі час яны ляжалі ў яго хаце, потым вырашыў аддаць у рэдакцыю. Лісткі будуць захоўвацца ў спрыяльных умовах і адпаведным мікраклімаце, што вельмі важна для такога нетрывалага матэрыялу, як папера.
Важна не толькі прабегчы вачыма па баявых загалоўках, але яшчэ і ўважліва прачытаць артыкулы. І тады міжволі становішся сведкам і ўдзельнікам далёкіх падзей.

Па матэрыялах газеты Звязда

У адным з нумароў на другой старонцы пад загалоўкам «Няма ходу фашысцкім цягнікам» паведамляецца аб падрыўной групе атрада імя Чкалава, якая вярнулася з задання. Камандзір дакладвае ў штабе, што заданне выканана: пад адкос пушчаны два вайсковыя эшалоны, якія ішлі на фронт. Поўнасцю знішчаны два паравозы, шэсць платформ з танкамі, платформа з аўтаматчыкамі і восем платформ з сенам, пад якім была замаскіравана вайсковая тэхніка. Тут жа паведамляецца яшчэ аб адной групе падрыўнікоў, якая вярнулася з задання. На іх рахунку — таксама два эшалоны, якія перавозілі прадукты харчавання. «Такія баявыя будні ў адным са шматлікіх атрадаў савецкіх патрыётаў». І псеўданімы былі не абы-якія. Напрыклад, аўтарам прыведзенай інфармацыі значыцца «Партызан І. Б.»

Вядома, пастаянна друкаваліся паведамленні Саўінфармбюро з франтоў на бягучы момант. І хаця першы радок сведчыў, што істотных змен на 14 чэрвеня 1943 года не адбылося, наступны абзац суха паведамляў, што напярэдадні часцямі авіяцыі на розных участках фронту знішчаны ці пашкоджаны не менш чым 20 аўтамашын з войскамі і грузам, узарваны склад боепрыпасаў, спынены агонь трох артылерыйскіх батарэй, разбіты некалькі эшалонаў ворага.

© Лiдскi раённы выканаўчы камітэт, 2024.