– Мая бабуля акунае яйкі ў адвар з цыбулевага шалупіння!
– А мы набываем фарбу ў магазіне!– А я ўпрыгожваю яйкі з дапамогай велікодных наклеек! – адказваюць рабяты.
– Сення я пакажу вам, як робяцца васкаванкі. Гэта старажытная тэхніка прыйшла да нас з пасёлка Сапоцкін з-пад Гродна, дзе сакрэты аздаблення яек перадаюцца з пакалення ў пакаленне.Перад тым, як прыступіць да справы, Алена Гаўрык зрабіла невялікі экскурс у гісторыю. Яна расказала, што раней роспісам яек займаліся выключна жанчыны. Да гэтай працы яны рыхтавалася доўга і карпатліва. Перад пачаткам працэсу пасцілі і малілася. Нашы продкі для гэтага выкарыстоўвалі натуральныя фарбавальнікі з пялёсткаў кветак, каранёў, лісця дрэў, кары дуба, шалупіння цыбулі. Яйкі, на думку нашых продкаў, неслі вельмі сур'ёзную інфармацыю, убіралі ў сябе адмоўную энергію. Таму дарыліся яны толькі сваякам і блізкім людзям. Кожны ўзор нёс у сабе пэўны сэнс і пажаданні. Пісанка з выявай рака прыцягвала дастатак і багацце, кветкі малявалі для жанчыны, якая хацела мець дзяцей. Ластаўкі азначалі прыход вясны, зярняты – урадлівасць, спіраль – доўгае жыццё. Але, бадай, самыя распаўсюджаныя арнаменты – гэта сонечныя знакі. Нашы продкі пры вырабе пісанак звычайна выкарыстоўвалі чатыры асноўныя колеры: чырвоны, жоўты, чорны, карычневы – адпаведна сімвалы агню (радасці), сонца, зямлі, урадлівасці. Дарэчы, сапраўдная пісанка не псавалася вельмі доўга. Жаўток і бялок проста высыхалі ўнутры. Ужо пазней з яйка пачалі шляхам праколу шалупіння выдаляць змесціва.
Але школьнікам так нецярпелася ўзяцца за работу, што настаўніца неўзабаве прапанавала прыступіць да яе. Васкаванне – працэс нанясення тонкім металічным прадметам кропкавага малюнка з гарачага воску на яйка да яго фарбавання. Таму для вырабу па такой тэхналогіі спатрэбяцца латок з яйкамі, бляшанка з фарбай, прылада для роспісу і расплаўлены воск. Важна, каб воск быў менавіта натуральны: таму купляюць яго ў пчаляроў альбо можна расплавіць васкавую свечку.
Асобна трэба сказаць пра інструмент для роспісу. Прылада не мудрагелістая, але на дарозе не валяецца. Трэба зрабіць яе самому. На канец драўлянай палачкі ( можна алоўка) убіць цвік або шпільку. Тонкія лініі робяцца маленькай плешкай, а таўсцейшыя — большай. І не трэба марудзіць, каб воск не застыў. Цяпер застаецца ўключыць фантазію...
— Думайце пра нешта добрае, светлае, і рука сама пачне выводзіць узор, — падбадзёрвае сваіх вучняў Алена Іванаўна.Нанесці ўзор воскам — гэта паўсправы. Наступны важны этап — афарбоўка. Юныя майстры па чарзе акунаюць свае васкаванкі ў посуд з фарбамі, а потым сушаць. Затым нанесены воск плавіцца пры дапамозе свечкі і сціраецца. На месцы васкавання застаецца незафарбаваны арнамент. Дарэчы, майстры раяць выкарыстоўваць белыя яйкі, бо ўзор на іх выглядае больш выразным.
Вучань сёмага класа Алесь Гурчын прызнаецца: справа не такая простая, як падалося спачатку, але вельмі займальная.
Калі
майстар-клас скончыўся, дзеці ўзяліся параўноўваць свае работы.
Ніводнага паўтору! У адных атрымаліся каласкі, у другіх – сонейкі, а ў
кагосьці прасочвалася нават касмічная тэматыка. Усе пісанкі ўнікальныя,
зробленыя з душой і фантазіяй. Свае рознакаляровыя шэдэўры школьнікі
забралі з сабой, каб пакласці да святочнага стала.
Лідская газета