Характарыстыка раёна
Лідскі раён размешчаны ў цэнтральнай частцы тэрыторыі Гродзенскай вобласці, мяжуе з Воранаўскім, Іўеўскім, Навагрудскім, Дзятлаўскім і Шчучынскім раёнамі.
У 274 населеных пунктах раёна пражываюць 133 900 чалавек, у г. Лідзе –
103 500 чалавек, у г. Бярозаўцы – 9 900 чалавек, у
сельскай мясцовасці – 20 500 чалавек.
Лідскі раён знаходзіцца на скрыжаванні важнейшых аўтамабільных і жалезных дарог, мае багатыя зямельныя рэсурсы і кваліфікаваныя рабочыя кадры. Гэта сучасны рэгіён, які дынамічна развіваецца, прывабны для бізнесу.
Горад Ліда - буйны прамысловы і культурны цэнтр Гродзенскай вобласці, які размешчаны за 160 км ад г. Мінска, за 100 км ад г. Гродна. Ліда мае развітую інфраструктуру і сетку аўтамабільных дарог. Ліда - вузлавы цэнтр чыгуначных зносін з Баранавіцкім, Маладзечанскім, Гродзенскім і Віленскім напрамкамі.
Агульная плошча Лідскага раёна складае 1567 кв. км. Большую частку тэрыторыі займаюць ворныя землі (33,9 %), лясы (27,2 %), лугі (19,8 %).
Прадстаўнічая і выканаўчая ўлада ў раёне ажыццяўляецца Лідскім раённым, Бярозаўскім гарадскім і дванаццаццю сельскімі Саветамі дэпутатаў і выканаўчымі камітэтамі.
Стагоддзямі ў добрасуседстве і павазе адзін да аднаго на Лідчыне жывуць прадстаўнікі шасці канфесій і 60 нацыянальнасцяў. 51,4% насельніцтва складаюць беларусы, палякі - 35,3%, рускія - 9,4%, украінцы - 1,7 %. Таксама пражываюць літоўцы, татары, яўрэі, немцы, армяне, азербайджанцы.
На тэрыторыі раёна дзейнічаюць 48 рэлігійных суполак, з іх 18 суполак Беларускай праваслаўнай царквы, 17 - Рымска-каталіцкай, 10 - пратэстанцкіх суполак, адна абшчына Грэка-каталіцкай царквы, ёсць мусульманская і іудзейская абшчыны.
З эканамічнага пункту гледжання Лідскі раён адметны наяўнасцю развітой прамысловай інфраструктуры. Гэта прадпрыемствы машынабудавання і металаапрацоўкі, хімічнай, харчовай, мукамольна-крупяной, шкляной прамысловасці і іншыя. Усяго 25 буйных арганізацый прамысловасці. Заканадаўчая база Рэспублікі Беларусь дазваляе паспяхова працаваць як айчынным, так і замежным інвестарам, абараняе іх камерцыйныя інтарэсы і забяспечвае аднолькавыя ўмовы для вядзення бізнесу. На тэрыторыі раёна зарэгістравана больш за 80 арганізацый з замежным капіталам, у тым ліку створаных з удзелам расійскага, літоўскага, польскага, амерыканскага, нямецкага, дацкага, італьянскага, аўстрыйскага і іншых.
Кадравы патэнцыял прамысловага комплексу досыць высокі і дазваляе цалкам задаволіць патрэбнасць любой вытворчасці ў спецыялістах і рабочых. Падрыхтоўкай асноўнага вытворчага персаналу ў сферы метала- і дрэваапрацоўкі, машынабудавання, оптыкі, шкловарэння і аўтасэрвісу займаюцца тэхнічны каледж і тры ліцэі, якія размешчаны на тэрыторыі раёна. Інжынерна-тэхнічныя кадры рыхтуюцца ў вышэйшых навучальных установах рэспублікі.