Настройкі
Настройкі шрыфту
Arial
Times New Roman
Памер шрыфту
A
A
A
Міжлітарная адлегласць
Стандартнае
Павялічанае
Вялікае
Колеравая схема
Чорным
па белым
Белым
па чорным
Лiдскi раённы выканаўчы камітэт
Галоўная / Навiны раёна
09.10.2025

Мар’ян Роўба: “Мне па-ранейшаму хочацца, каб Лідскі раён быў у ліку лепшых ва ўсіх галінах”

Прадаўжаецца ўшанаванне жыхароў Лідскага раёна, якія ў свой час адзначаны высокімі дзяржаўнымі ўзнагародамі. На гэты раз віноўнікам урачыстасці з нагоды юбілею – 80-годдзя з дня нараджэння – стаў Мар’ян Іосіфавіч Роўба. Мерапрыемства адбылося непасрэдна ў самым райвыканкаме. Яго супрацоўнікі прыйшлі на сустрэчу з былым калегам-юбілярам.Працоўная дзейнасць Мар’яна Іосіфавіча была звязана з органамі кіравання. Старонкі яго біяграфіі ўключаюць працу ў якасці старшынь сельскіх Саветаў народных дэпутатаў, пасаду аднаго з кіраўнікоў саўгаса імя Леніна, які некалі размяшчаўся на землях сённяшняга філіяла “Дзітва” ОАО “Лідахлебапрадукт”. З 1996 года Мар’ян Іосіфавіч працаваў кіраўніком справамі Лідскага райвыканкама. З 2004 года па 2007 год, да выхаду на заслужаны адпачынак, – намеснікам кіраўніка справамі, начальнікам аддзела па прававой рабоце і арганізацыі прыёму грамадзян. Уручаючы Мар’яну Роўбе Ганаровую грамату Лідскага райвыканкама з нагоды юбілейнай даты, Аляксандр Вярсоцкі адзначыў, што да гэтага яму, як кіраўніку раёна, даводзілася такім чынам ушаноўваць працаўнікоў-ардэнаносцаў сельскагаспадарчай галіны, а зараз гэта прадстаўнік выканаўчай улады. У 1982 годзе Мар’ян Іосіфавіч за сваю бездакорную, самаадданую працу на карысць дзяржавы быў узнагароджаны ордэнам Дружбы народаў. – Для нас гэта добры прыклад для пераймання, – падкрэсліў старшыня райвыканкама. Старшыня Лідскага раённага Савета дэпутаў Інэса Белуш, далучаючыся да сказанага, у прыватнасці адзначыла, што Мар’ян Іосіфавіч заўсёды вельмі адказна і правільна падыходзіў да справы, на якой бы пасадзе не працаваў. Старшыня Дзітвянскага сельвыканкама Іна Мяшкевіч згадала, што Мар’ян Іосіфавіч многа зрабіў для развіцця сельсавета. А яго мудрыя парады не толькі як былога кіраўніка мясцовай улады, але і як жыхара аграгарадка Дзітва вельмі мудрыя, абгрунтаваныя, дапамагаюць ёй у рабоце. Удзячнасць за ацэнку яго працы выказаў і сам віноўнік урачыстасці. – Мне здаецца, быццам я толькі нядаўна пакінуў сцены гэтага будынка і пайшоў у адстаўку, – шчыра прызнаўся Мар’ян Роўба. – Але ўсё, як кажуць, і перыяд часу ў тым ліку, пазнаецца ў параўнанні. Дзеці, якія нарадзіліся ў 2007 годзе, ужо могуць знаходзіцца на першым курсе навучальных устаноў. Сапраўды, дзе б я ні працаваў, поўнасцю аддаваўся рабоце, імкнуўся паказаць сябе са станоўчага боку. Працуючы ў маладосці настаўнікам Воранаўскай школы стаў пераможцам лёгкаатлетычнага кросу на прызы раённай газеты. Калі служыў у арміі, за тры гады атрымаў амаль шэсць дзясяткаў заахвочванняў. Мая партыйная, дзяржаўная работа адзначана ордэнам Дружбы народаў. Я выбіраўся членам райкама партыі, дэпутатам раённага Савета, заносіўся на Дошку гонару. Я ўдзячны, што маё станаўленне як работніка партыйных і дзяржаўных органаў прайшло пад кіраўніцтвам першага сакратара райкама партыі Сцяпана Аляксандравіча Грывачэўскага і старшыні райвыканкама Івана Рыгоравіча Бурлыкі. Амаль два дзесяцігоддзі мінула, як Мар’ян Іосіфавіч знаходзіцца на заслужаным адпачынку. Займаецца хатнімі справамі, умацоўвае здароўе. Шчаслівы і ў сямейным жыцці: ён добры муж, бацька дваіх дзяцей, дзядуля пяцёра ўнукаў. Але і сёння Мар’ян Іосіфавіч па-ранейшаму хвалюецца за ўсе старонкі жыцця нашага раёна. Ён знаходзіцца ў курсе падзей, радуецца вынікам работы сферы адукацыі, культуры, сельскай гаспадаркі і прамысловасці. – Мне хочацца, каб Лідскі раён быў у ліку лепшых ва ўсіх галінах, – падкрэсліў юбіляр. Мар’ян Іосіфавіч выказаўся таксама, што ганарыцца тым, што па заслугах ацэнены дзелавыя якасці спецыялістаў райвыканкама, з якімі яму некалі давялося працаваць. Зараз яны падняліся па кар’ернай лесвіцы, сталі кіраўнікамі ўпраўленняў і аддзелаў. А вельмі шчырая атмасфера мерапрыемства, цёплыя адносіны да юбіляра з боку прысутных не дала сумнення таму, што былога калегу па-ранейшаму паважаюць у калектыве і цэняць усё тое, што ім зроблена за гады работы. Прэс-служба Лідскага райвыканкама, "Лідская газета"