Галоўная /
Навiны раёна
04.06.2025
Міжраённы артраскапічны цэнтр, дзе будуць выконвацца аперацыі на суставах, ствараецца ў Лідзе
Майстар-клас па рабоце на сучасным артраскапічным комплексе даў у
Лідскай раённай бальніцы галоўны пазаштатны траўматолаг Міністэрства
аховы здароўя, дырэктар РНПЦ траўматалогіі і артапедыі,
член-карэспандэнт НАН Беларусі, доктар медыцынскіх навук, прафесар
Міхаіл Герасіменка.
Аб гэтым паведамілі БелТА ва ўстанове аховы здароўя.
Як растлумачылі спецыялісты, артраскапія — гэта малаінвазіўны метад
дыягностыкі і лячэння суставаў, які шырока прымяняецца ў траўматалогіі і
артапедыі. Ён заключаецца ў выкарыстанні спецыяльнага аптычнага прыбора
— артраскопа ў суставе праз невялікія праколы. Гэта дазваляе
траўматолаг-артапеда дэталёва агледзець унутраныя структуры сустава і
пры неабходнасці адразу выканаць хірургічнае ўмяшанне
Артраскапія выкарыстоўваецца для дыягностыкі і лячэння розных
захворванняў і траўмаў суставаў: пашкоджанне меніскаў і звязкаў
каленнага сустава, разрывы рататарнай абшэўкі плечавага сустава, артрыты
і артрозы на ранніх стадыях, запаленчыя і дэгенератыўныя захворванні
суставаў, выкарыстоўваецца для выдалення храстковых або касцяных
фрагментаў пасля траўмаў. Яе перавагі — мінімальная траўматычнасць,
хуткае аднаўленне, высокая дакладнасць дыягностыкі, а таксама зніжэнне
пасляаперацыйных ускладненняў і эстэтычны вынік — адсутнасць вялікіх
шрамаў пасля працэдуры.
Штогод у Рэспубліцы Беларусь выконваецца каля 5 тыс. такіх умяшанняў на
рэспубліканскім, абласным і міжраённым узроўнях. «Артраскапічны
комплекс закуплены за сродкі рэспубліканскага бюджэту, — сказаў Міхаіл
Герасіменка. — Дзякуючы гэтаму ў Лідскай ЦРБ ствараецца міжраённы
артраскапічны цэнтр, высокаспецыялізаваная дапамога тут будзе аказвацца
жыхарам некалькіх раёнаў. Урачы, якія будуць тут працаваць, прайшлі
падрыхтоўку ў гродзенскай бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі».
Як адзначыў галоўны ўрач Лідскай ЦРБ Іван Загароўскі, склалася
добрая практыка Міністэрства аховы здароўя — выязныя навукова-практычныя
семінары. Гэта дае магчымасць урачам атрымліваць новыя веды,
адпрацоўваць практычныя навыкі непасрэдна на месцах, запазычаць вопыт
лепшых спецыялістаў вядучых клінік краіны — РНПЦ траўматалогіі і
артапедыі, Гродзенскай універсітэцкай клінікі і Гродзенскай клінічнай
бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі. «За мінулы год у Лідзе было
праведзена 260 пратэзаванняў тазасцегнавых суставаў, што складае 28
працэнтаў ад усіх пратэзаванняў на Гродзеншчыне», — сказаў Іван
Загароўскі. З пачаткам работы міжраённага артраскапічнага цэнтра і асваеннем новых
аперацый у планах у лідскіх медыкаў укараненне пратэзавання каленных
суставаў.