Настройкі
Настройкі шрыфту
Arial
Times New Roman
Памер шрыфту
A
A
A
Міжлітарная адлегласць
Стандартнае
Павялічанае
Вялікае
Колеравая схема
Чорным
па белым
Белым
па чорным
Лiдскi раённы выканаўчы камітэт
Галоўная / Навiны раёна
13.03.2024

Прадзедава спадчына

Нярэдка дзіву даешся, як пераплятаюцца ніткі лёсаў. Узяць хаця б такі факт. Ганна Іванаўна Шэстак (у дзявоцтве Салаўёва) зараз жыве ў аграгарадку Тарнова ў будынку былога палаца графа Маўраса, у якога ў канцы 19-га стагоддзя служылі яе прадзед і прабабуля, Андрэй і Францішка Багданец. Андрэй  працаваў садоўнікам, Францішка – пакаёўкай. На тэрыторыі фальварка нарадзілася і жыла ў маленстве і бабуля Ганны Іванаўны – Станіслава. Галіны радавога дрэва гэтых людзей спачатку раскінуліся па розных населеных пунктах, а потым адно з іх зноў накіравала ў Тарнова. Больш таго, у тое месца, з якім быў звязаны пэўны адрэзак жыцця  продкаў. Жыццёвая дарога прывяла да палаца Ганна  і яе сястра Марыя  нарадзіліся ў Дзітрыках, дзе ў мясцовай школе настаўнічалі іх бацькі, Анэля Антонаўна і Іван Іванавіч Салаўёвы. Пасля атрымання атэстата аб адукацыі дзяўчаты  набылі прафесіі: Ганна Іванаўна стала фармацэўтам, Марыя Іванаўна – бібліятэкарам. Сваю працоўную дзейнасць яны звязалі з Лідчынай.  Іх бацькі, пасля таго як выйшлі на пенсію, заставаліся жыць у Дзітрыках.  У пачатку 2000-х гадоў сельгаспрадпрыемства “Тарнова”, цэнтральнай сядзібай якога з’яўлялася вёска Тарнова, аб’ядналі з сельгаспрадпрыемствам “Мажэйкава”. Тагачасны дырэктар Казімір Рахатка  надаваў вялікае значэнне навядзенню парадку ў населеных пунктах. Ён стаў ініцыятарам пераабсталявання былога графскага палаца ў Тарнова пад добраўпарадкаванае жыллё для працаўнікоў вёскі. У 2013 годзе аднымі з навасёлаў у гэтым доме сталі былыя настаўнікі Дзітрыкаўскай школы – Анэля Антонаўна і Іван Іванавіч Салаўёвы.  Пасля таго, як Анэля Антонаўна адышла ў нябыт, Ганна Іванаўна пераехала з Ліды ў Тарнова да бацькі, каб забяспечыць яму неабходны догляд. А калі бацькі не стала, засталася ў сельскай мясцовасці надалей. Тым больш, што пасля пераезду жанчыне адразу прапанавалі пасаду па яе спецыяльнасці. Ганна Іванаўна, згодна з  графікамі,  працуе ў Тарноўскай і Мажэйкаўскай аптэках.    Дзверы кватэры ў былым графскім палацы не зачынены для родзічаў Андрэя Багданца і яго жонкі Францішкі. Ганну Іванаўну наведваюць яе дзеці Ліза і Яўген, сястра Марыя Іванаўна з сынам Эдмондам. На святы сваякі абавязкова збіраюцца ўсе разам у Тарнова. І не-не, ды  і ва ўспамінах закрануць жыццё сваіх продкаў, тыя факты з іх жыцця, якія перадаваліся з пакалення ў пакаленне. Графскі садоўнік У паселішча Тарнова багатая гісторыя. З часу яго заснавання змянілася некалькі  ўладальнікаў. А вось палац – двухпавярховы будынак з чатырохпавярховай вежай – у 1884 годзе ўзвёў у Тарнова (ці як раней называлі – у Тарноўшчыне)  граф Дзмітрый Маўрас. Тытулам графа  генерал-маёра рускай арміі Дзмітрыя Маўраса  ў 1876 годзе надзяліў расійскі імператар Аляксандр ІІ. Акрамя палаца, пабудаванага ў стылі мадэрн, на сядзібе існавалі ветраны млын, вінакурня, канюшня, лядоўня, капліца і іншыя пабудовы. Вакол палаца быў разбіты парк. Для  добраўпарадкавання парка граф Маўрас і ўзяў да сябе на працу садоўніка Андрэя Багданца. Яго  сённяшнія нашчадкі  ведаюць, што прадзед Андрэй  быў родам з Палесся. Акрамя яго ў сям’і было яшчэ двое дзяцей. Маці працавала пакаёўкай  у багатых мясцовых памешчыкаў.  Верагодна,  што тыя і далі дзецям сваёй служанкі добрую адукацыю.  Напрыклад, Андрэй Іосіфавіч  не проста быў граматным, а валодаў  замежнымі мовамі, у тым ліку і лацінскай, добра разбіраўся ў садаводстве і агародніцтве. Дасканальна вядома, што садоўнік пастаянна папаўняў веды. Граф Маўрас падараваў яму дарагія кнігі па раслінаводству, выпісваў спецыяльную літаратуру з-за мяжы. Новае Багданец прымяняў на практыцы. Напрыклад, мог зрабіць прышчэп на буйным кусце руж так, што калі зацвіталі кветкі, то на кожнай з галінак яны былі рознага колеру: ружовага, чырвонага, белага. Дарэчы, ружы былі любімымі кветкамі  графіні. Таму імі з густам упрыгожвалася тэрыторыя вакол палаца. Арэлі, якія былі ўстаноўлены каля графскага будынка, замыславата абвівалі сцёблы руж. Калі графіня  адпраўлялася ў лодцы на прагулку па возеры, то абавязкова брала з сабой букет такіх кветак. Нездарма садоўнік Андрэй пастаянна шукаў новыя гатункі. Саджанцы выпісваў ажно з Галандыі.  Свае веды садоўнік Багданец прымяняў не толькі для аздаблення кветнікаў, але і  парка ў цэлым, а таксама для атрымання  багатых ураджаяў у цяпліцах, на агародзе,  у садзе.  Андрэй Іосіфавіч быў, як кажуць, майстрам на ўсе рукі. Умеў выдатна гатаваць, і яму нават давяралі на святы выпякаць  разнастайную здобу да графскага стала.  Багданец меў сталярскія навыкі: мог вырабіць не толькі патрэбныя для работы на зямлі прылады працы, але і мэблю. Ён таксама добра разбіраўся ў ветэрынарыі, нават лячыў жывёлу. Пабудаваў дом, пасадзіў сад,  выгадаваў дзяцей У Тарнова ж графскі садоўнік і ажаніўся. Узяў у жонкі мясцовую дзяўчыну Францішку. Сціплая Францішка з маленства расла сіратою і асаблівай ласкі не ведала. Казалі, што калі будучы муж пры знаёмстве пацалаваў дзяўчыне руку, яна ад перапоўненых пачуццяў расплакалася. Дарэчы, Андрэй Іосіфавіч адрозніваўся сваёй галантнасцю, выхаванасцю. Праўнучкі графскага садоўніка ўпэўнены: тое, што  іх родныя ніколі не прымянялі ў зносінах непрыстойных слоў, пайшло ад прадзеда. Цікавы і такі факт. Андрэй Іосіфавіч надаваў асаблівае значэнне свайму знешнему выгляду.  Напрыклад, калі збіраўся разам з жонкай Францішкай адправіцца на службу ў Белагрудскі касцёл, абавязкова апранаў фрак. У Францішкі і Андрэя нарадзілася чацвёра дзяцей: Уладзімір, Марыя, Станіслава і Іосіф. Станіслава стала маці Анэлі Антонаўны і бабуляй для Ганны Іванаўны і Марыі Іванаўны. Менавіна ад Станіславы Андрэеўны апошнія і даведаліся многа цікавага з жыцця сям’і графа Дзмітрыя Маўраса, прадзеда Андрэя і прабабулі Францішкі.  Станіслава жыла з бацькамі і з іншымі іх дзецьмі на графскай сядзібе да сямі гадоў. А ў 1913 годзе сям’я Андрэя Багданца пераехала на хутар за вёску Парачаны. На сабраныя за час службы ў графа грошы Андрэй Іосіфавіч купіў зямлю, пабудаваў  прасторны дом і ўжо на ўласным надзеле пачаў займацца агародніцтвам. Былі ўстаноўлены шэсць цяпліц, высаджана 200 садовых дрэў. Прычым у цяпліцах расла не толькі вядомая мясцовым жыхарам агародніна, але і заморская: напрыклад, дыні, кавуны. Ды і тэхналогіі вырошчвання мелі свае асаблівасці. Бабуля Станіслава расказвала ўнучкам, як іх прадзед вырошчваў пэўныя гатункі бульбы. Высаджваў яе на высокіх трохвугольных градах на зіму і добра ўкрываў. З надыходам цяпла грады раскрываліся, і бульба хутка ішла ў рост. Маладой бульбачкай можна было ласавацца ўжо ў маі. Дарэчы,  гаспадар не выкопваў куст цалкам, а  падкопваў і выбіраў спачатку толькі буйныя клубні.   Яблыні, слівы, парэчкі, трускаўкі і іншае, што расло на ўчастку, таксама было самых разнастайных гатункаў. Насенне і саджанцы Андрэй Іосіфавіч выпісваў з Санкт-Пецярбургу, вёў перапіску з селекцыянерамі і іншымі садаводамі і агароднікамі. Атрыманы ўраджай былы графскі садоўнік у асноўным рэалізоўваў у Лідзе на рынку. Насеннем ён дзяліўся з мясцовым насельніцтвам. За Андрэем  Іосіфавічам сярод вяскоўцаў трывала замацавалася мянушка “Агроднік”, а яго дачку, Станіславу, паміж сабой людзі клікалі, няйначай, як Стася Агроднікава. У 1923 годзе Станіслава Андрэеўна выйшла замуж  і пакінула бацькоўскі дом. Яе муж, Антон Адольфавіч, працаваў рахункаводам. Як служачага яго пераводзілі з аднаго месца ў другое. З ім пераязджала і сям’я. Давялося жыць у Жырмунах, Дакудава, Ліпнішках. Аднак у 40-х гадах, з пачаткам вайны, сям’я, у якой на гэты час нарадзіліся дзве дачкі, Ядзвіга і Анэля, зноў апынулася на  хутары за Парачанамі. Мінулі гады. Дочкі выраслі. Анэля Антонаўна выйшла замуж за Івана Іванавіча Салаўёва, які быў родам з Ленінграда, але прыехаў настаўнічаць на Лідчыну. І будзе прадаўжацца радавод! – Нягледзячы на тое, што раслі мы з сястрой у Дзітрыках, вельмі часта бывалі ў бабулі Станіславы і дзядулі Антона, –кажа Ганна Іванаўна Шэстак. – Дзе б я не жыла, прыхільнасць у сваім сэрцы ўсё роўна мела да двух месцаў. Адно з іх – хутар за Парачанамі, аснову якога залажыў прадзед Андрэй, і дзе цяплынёй і клопатам акружалі нас бабуля Станіслава і дзядуля Антон. Другое – былая сядзіба ў Тарнова, па якой хадзілі прадзед Андрэй і прабабуля Францішка.  Ганна Іванаўна шкадуе, што не занатоўвала многіх фактаў з успамінаў, якія датычыліся жыцця прадстаўнікоў радавога дрэва. Тым не менш, жанчына мае цвёрды намер перадаць сваім дзецям усю тую інфармацыю, якая звязана з продкамі. Няхай яны, ў сваю чаргу,  перададуць яе  нашчадкам, каб ведалі свае карані. Дарэчы, як вядома, ад продкаў нашчадкам  перадаюцца рысы знешнасці, характару, здольнасці. Пэўны “багаж” атрымалі продкі ад сваіх прашчураў Андрэя і Францішкі. У першую чаргу – гэта імкненне да ведаў, жаданне авалодаць пэўнай прафесіяй,  дадатковым заняткам, а таксама і ўнутраная інтэлігентнасць і прыстойнасць.