Настройкі
Настройкі шрыфту
Arial
Times New Roman
Памер шрыфту
A
A
A
Міжлітарная адлегласць
Стандартнае
Павялічанае
Вялікае
Колеравая схема
Чорным
па белым
Белым
па чорным
Лiдскi раённы выканаўчы камітэт
Галоўная / Навiны раёна
24.09.2022

У Лідзе справілі раённае свята Багач

Культура беларусаў надзвычай шматгранная. Кожны абрад раскрывае адну з важных рыс характару нашага народа – імкненне адарыць усіх увагай, добрымі пажаданнямі, прыўнесці часцінку радасці ў кожную хату. Вось і сёння ў Лідскім раённым цэнтры экалогіі, турызму і краязнаўства яблыку не было дзе ўпасці: тут ладзілася раённае свята Багач. У народзе казалі: “Прыйшоў Багач – кідай рагач, бяры сявеньку – сей памаленьку”, а яшчэ: “Будзь багаты, як восень”. Этымалогія назвы народнага свята цалкам адпавядала стану гаспадаркі людзей у гэты час: у палявых работах пастаўлена кропка, а ў засеках – збожжа, садавіна і агародніна. – У вёсках існаваў звычай, згодна з якім ад кожнага члена сям'і прыносілі па жменьцы жыта, абмалочанай з першага снапа на Зажынках. Жыта складалі ў агульную каробку (лубку), якая ўвесь год захоўвалася ў адной з вясковых хат , – расказвае намеснік дырэктара Лідскага раённага цэнтра экалогіі, турызму і краязнаўства Любоў Прадка. – У хаце, дзе знаходзіўся багач, святар служыў малебен «за новы лёс i Божую шчодрасць да людзей». Потым здзяйсняўся абыход вакол вёскі з каробкай, у цэнтры якой у зерне была ўстаўлена запаленая свечка. Пасля абыходу ішлі да хаты, у якой увесь наступны год павінна была захоўвацца каробка з жытам. Лічылася, што багач павінен прыносіць гаспадару дабрабыт, дастатак і здароўе. Урачыста, з музыкай і народнымі песнямі ладзілася свята. Асабліва радуе тое, што ў рэканструкцыі абраду прымалі ўдзел мясцовыя школьнікі – пакаленне, якому выпала захоўваць памяць і несці беларускую культуру, традыцыі продкаў у заўтрашні дзень. У імправізаванай “хаце” (ёю стала пляцоўка каля экалагічнага цэнтра) працавалі творчая майстэрня «Лаўка цудаў» па вырабе народных абрадавых абярэгаў з саломы, пляцоўка «Кошык фарбаў», дзе хлопцы і дзяўчаты займаліся стварэннем карцін з выкарыстаннем прыродных матэрыялаў, а таксама дэгустацыйная пляцоўка «Смачна есцi», якая ўяўляла сабой калейдаскоп традыцыйных страў беларускай нацыянальнай кухні з агародніны, садавіны, збожжавых культур. Праходзілі творчая сустрэча «Смак восені» (майстар-клас па стварэнні вырабаў з агародніны) і выстава-продаж дароў восені «Восеньскi вiнегрэт». З вялікай зацікаўленасцю госці свята ўдзельнічалі ў дажыначных абрадавых гульнях, конкурсах, танцах. – Цікава было акунуцца ў свет народных абрадаў, атмасферу таго часу, паўдзельнічаць у конкурсах , – адзначыў Матвей Дудзіч. – Гэта вельмі добра, што на Лідчыне імкнуцца зберагчы тую багатую спадчыну, якая дасталася нам ад нашых бабуль і дзядуль. Народнае свята жыве, пакуль пра яго памятаюць і працягваюць шанаваць. – Вельмі рада, што прыняла ўдзел у такім прыгожым мерапрыемстве. Дзякуй арганізатарам , – падтрымала размову Людміла Андрушкевіч, мама дзяўчынак Дашы і Дамінікі. – На свята прыйшлі выхаванцы цэнтра, жыхары нашага новага мікрараёна. Яно атрымалася вельмі душэўным, яркім, народным і запомніцца кожнаму надоўга. Цікавыя факты Багач – свята, якое заканчвала цыкл вырошчвання ўраджаю. Адзначалі яго нашы продкі 21 верасня па народным календары. У гэты дзень было прынята сядзець у хаце з агнём. У святліцы запальвалі свечку і ставілі яе ў міску са збожжам або проста праводзілі вечар пры лучыне і чыталі малітву. Лічылася, што агонь валодае ачышчальнай сілай і зараджае энергіяй жыцця. Асаблівае значэнне пры святкаванні Багача меў культ Маці. У гэты дзень вясковыя жанчыны вадзілі карагоды, дарылі падарункі бабкам-павітухам, хадзілі ў госці да старэйшых сваячак. Некалькі гадоў назад была выпушчана памятная манета, прысвечаная народнаму святу Багач.