Настройкі
Настройкі шрыфту
Arial
Times New Roman
Памер шрыфту
A
A
A
Міжлітарная адлегласць
Стандартнае
Павялічанае
Вялікае
Колеравая схема
Чорным
па белым
Белым
па чорным
Лiдскi раённы выканаўчы камітэт
Галоўная / Навiны раёна
05.01.2024

Ветэран вайны з Ліды прымала віншаванні з 95-годдзем

Пра баявыя подзвігі падчас Вялікай Айчыннай вайны  напісана нямала. Але важкі ўклад у барацьбу з ворагам уносілі і мірныя жыхары. У тыле па 18 гадзін стаялі ля станкоў і рабілі снарады. Дапамагалі партызанам: кармілі, лячылі. Такіх гісторый  — тысячы. Набліжала перамогу як магла і Настасся Мураўкіна. Яна вывучылася на цырульніка, галіла раненых у шпіталі, байцоў у ваенных частках. За самаадданую працу ў тыле лідчанка ўзнагароджана ордэнамі і медалямі.   Дзяцінста і юнацтва Настассі прайшлі ў горадзе Асташкаве Твярской вобласці Расіі – менавіта там бярэ свой пачатак магутная рака Волга. Па ёй на параходзе дзяўчынка вярталася з дзіцячага аздараўленчага лагера, калі аб’явілі, што пачалася вайна.    – Тады мне было ўсяго 12 год і я не да канца разумела, што азначае гэта звестка. Калі прыбегла дадому, застала матулю ў слязах – старэйшага брата забіралі на фронт, – успамінае Настасся Пятроўна.   Пачалася эвакуацыя мясцовага насельніцтва, усіх адпраўлялі ў Казахстан. Паехаць першым эшалонам Настачцы і яе родным не ўдалося, а другі эшалон разбамбілі. Сям’я засталася ў родным Асташкаве. І хаця горад не папаў пад фашысцкую акупацыю, але знаходзіўся ў непасрэднай блізкасці да лініі фронту. У 1943 годзе Настасся разам з сяброўкай пайшла вучыцца на цырульніка.  – Акрамя таго, што мы галілі раненых у шпіталі, выконвалі і шмат іншай работы – мылі падлогу, тапілі печ, насілі ваду… Працы тады ніхто не баяўся. Усе былі аб’яднаны адной мэтай: зрабіць ўсё магчымае для фронта, усё –ля Перамогі, – расказвае жанчына. І вось доўгачаканая Перамога! Настасся Пятроўна прызнаецца: гэты дзень для яе – адзін з самых шчаслівых у жыцці.  Яна успамінае, як збянтэжаная бегла на плошчу і там сустрэла сваіх калег. Яны танцавалі, абдымаліся і віншавалі адзін аднаго. Гэта было сапраўднае свята.   Вайна скончылася, а прафесія, якой авалодала Настасся Мураўкіна, засталася з ёй на ўсё жыццё. У 1947 годзе дзяўчына разам з маці пераехала да роднага дзядзькі ў Ліду. Спачатку ўладкавалася на працу ў ваенны шпіталь, а потым больш за 30 год працавала ў цырульні на станцыі Ліда.   – Стрыгла нажніцамі, электрычнай машынкай, рабіла прычоскі, завіўкі, навучылася асновам афарбоўвання. Увогуле, цырульнік – творчая прафесія, і менавіта за гэта яна мне падабаецца. Нават цяпер надыходзяць моманты, калі хочацца ўзяць у рукі інструмент і зрабіць каму-небудь стрыжку. Нажаль, здароўе ўжо зусім слабое, – дзеліцца сваімі думкамі ветэран.  ... Цяпер замест нажніцаў Настасся Мураўкіна трымае ў руках букет ружаў – кветкі прыемна атрымліваць кожнай жанчыне. Павіншаваць ветэрана Вялікай Айчыннай вайны з 95-годдзем прыйшла цэлая дэлегацыя: намеснік ваеннага камісара Трафім Ходар і вядучы спецыяліст ваеннага камісарыята Лідскага раёна Ганна Сакалова, старшыня Лідскага раённага Савета ветэранаў Віктар Рыбачук, а таксама спецыяліст Лідскага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання Кацярына Міса. Госці ўзгадалі заслугі юбіляркі, а таксама імклівую хаду часу – здаецца, зусім нядаўна Настасся Пятроўна прымала віншаванні з 90-годдзем. Цёплыя словы і пажаданні здароўя падмацавалі грашовымі падарункамі. Не забыліся і пра ласункі, якія так любіць юбілярка.  Іх перадалі для жанчыны з Лідскага малочна-кансервавага камбіната і Лідскага хлебазавода. Да віншаванняў далучылася і раённая арганізацыя ГА «Беларускі саюз жанчын»:      – Дзякуй за вашу працу, сумленнасць, за мірнае неба. Вы – жанчына з вялікай літары! – адзначыла прадстаўніца арганізацыі Алена Быстрыцкая.    Расчуленая Настасся Пятроўна шмат дзякавала ўсім прысутным. А госці паабяцалі, што надоўга не развітваюцца: наперадзе – Дзень Перамогі і традыцыйная сустрэча.  – Дзякуй за ўвагу, дзякуй за павагу! А моладзі хачу пажадаць:  будзьце працавітымі і беражыце згоду на Зямлі, – праслязілася юбілярка.