Галоўная /
Навiны рэгiёна
15.10.2024
Апошнім часам Гродзенская вобласць стала папулярным месцам для здымкаў розных «трэвэл»-шоу
Такі падыход абумоўлены ростам папулярнасці ўнутранага турызму і
павелічэннем попыту расійскіх грамадзян на вандроўкі па рэгіёне. Прычым
сюды прыязджаюць не толькі турысты. Апошнім часам Гродзенская вобласць
стала папулярным месцам для здымкаў розных «трэвэл»-шоу. Напрыклад, на
гэтым тыдні творчы дэсант папулярнага расійскага тэлеканала плануе
ахапіць сваёй увагай самыя знакавыя мясціны Прынёманскага краю. Сярод
традыцыйных маршрутаў з’явіліся і новыя адрасы.
Чарговыя здымкі расійскага тэлеканала самыя маштабныя. Будзе
падрыхтавана некалькі дакументальных фільмаў аб падарожжы па Беларусі. У
Гродзенскай вобласці — першай у маршруце расіян — праграма ахоплівае
ўвесь рэгіён. Нямала знакавых аб’ектаў задзейнічана ў самім абласным
цэнтры. Каралеўскія замкі, Каложская царква ХІІ стагоддзя, самая вялікая
ў Беларусі харальная сінагога, знакамітая пажарная каланча з
гарністам-сігнальшчыкам апоўдні, Касцёл Францішка Ксаверыя з самым
старажытным у Еўропе вежавым гадзіннікам, дзеючая гатычная кірха з
музычнымі арганнымі сустрэчамі... Усяго не пералічыць. У маршруце
заяўлены і новыя аб’екты. Напрыклад, музей старажытнай паляўнічай і
ваеннай зброі.
Як паведаміў каардынатар музея Вячаслаў Сяліцкі, установа хоць і
маладая, ёй толькі два гады, але ўжо стала «музеем года» ў конкурсе
«Пазнай Беларусь».
Сама галерэя знаходзіцца ў гістарычным цэнтры горада, у будынку, дзе
раней размяшчаліся пасольскія палаты. У дворыку можна ўбачыць самы
вялікі ў Беларусі мурал плошчай 150 «квадратаў». З паляўнічай тэматыкай
суседнічае і герб горада з аленем святога Губерта, дарэчы, паляўнічага. У
экспазіцыі — парадная зброя ХІХ—ХХ стагоддзяў, якую можна лічыць
творамі мастацтва. Многія здзіўляюцца, напрыклад, калі бачаць дзіцячую
зброю. А такую робяць спецыяльна для парадаў. Ёсць тут і калекцыя ікон з
выявамі святых са зброяй. У музеі праходзяць тэатралізаваныя
прадстаўленні з уласнымі прывідамі. У хуткім часе тут будзе дзейнічаць
экспазіцыя антычнай і экзатычнай зброі.
Яшчэ адзін новы аб’ект — былое радавое гняздо магнатаў Валовічаў у
Свяцку, што паблізу Гродна. Будаваўся палац у ХVІІІ стагоддзі па праекце
італьянскага архітэктара Джузепэ дэ Сака, але доўгі час велічны будынак
стаяў у запусценні, і толькі ў 2017 годзе тут пачаліся работы па
рэканструкцыі. Летась палацава-паркавы комплекс стаў даступны для
наведвальнікаў. Як расказала яго кіраўнік Святлана Кончыц, запушчана
некалькі аб’ектаў: гатэль прэміум-класа на 22 нумары, рэстаран-піваварня
з чатырма сартамі крафтавага піва, гістарычная гасцёўня з фірменным
дэсертам і тэатралізаваным прадстаўленнем. На тэрыторыі знаходзіцца пяць
вадаёмаў, дно якіх выкладзена мораным дубам, таму вада тут чыстая і
празрыстая. Да палаца вядзе алея з векавымі дрэвамі. Усе гэтыя
асаблівасці будуць адлюстраваны ў фільмах расійскага цыкла «Невядомыя
маршруты Беларусі».
Гродзенцы прымаюць не толькі расійскія СМІ, але і прадстаўнікоў турыстычнай індустрыі Саюзнай дзяржавы. Па словах намесніка начальніка ўпраўлення спорту і турызму Гродзенскага аблвыканкама Таццяны Лідзяевай ,
за апошні час у рэгіёне пабывалі дэлегацыі з Санкт-Пецярбурга, гарадоў
Паўночна-Заходняй акругі Расіі, Смаленскай вобласці, Алтайскага краю. З
рэкламнымі мэтамі ў расійскія рэгіёны ездзяць і гродзенскія турфірмы.
Гэта дае свой плён. Паток расіян расце, што выгадна для эканомікі
Гродзенскага рэгіёна. Расіяне здымаюць дарагія нумары, наведваюць
рэстараны. Напрыклад, з пачатку года амаль на 30 працэнтаў выраслі
даходы, атрыманыя за кошт замежных турыстаў. Многія вельмі хваляць
мясцовую кухню. У «топе» — Гродна, Аўгустоўскі канал, Мірскі і Лідскі
замкі, Навагрудак, Жыровічы, Ваўкавыск. «Смачныя» святы Прынямоння
Згодна са статыстыкай Інстытута сацыялогіі, кожны пяты беларус
падарожнічае з мэтай наведаць фестывалі, святы, выстаўкі і іншыя
мерапрыемствы. У сувязі з гэтым усё больш папулярным становіцца падзеевы
турызм.
Напрыклад, толькі ў жніўні ўдзельнікамі такіх масавых
мерапрыемстваў у Гродзенскай вобласці сталі звыш 150 тысяч чалавек.
Апошні месяц лета выдаўся ў рэгіёне багатым на розныя святы і кірмашы.
Сярод самых папулярных — «Бацькава булка» ў Свіслачы, «Іўеўскі памідор»,
«Ганненскі кірмаш» у Зэльве, «Свята мора» на Аўгустоўскім канале,
«Кераміка Крэва», каля ста тысяч гасцей сабраў у Лідзе маштабны
«Харч-Фэст», які завяршыў жнівеньскі святочны марафон. Усе гэтыя святы
маюць свае адметнасці.
— Сёлетні жнівень пабіў усе рэкорды па наведванні мерапрыемстваў, —
падкрэсліла Таццяна Лідзяева. — Нашы святы выклікаюць цікавасць не
толькі ў беларусаў, але і замежнікаў, у тым ліку расіян. Для нас гэта
вельмі істотны момант, бо дазваляе не проста прыцягнуць гасцей, але
затрымаць іх у горадзе ці раёне. А гэта значыць, што яны абавязкова
наведаюць славутыя аб’екты, набудуць сувеніры, зойдуць у кафэ. А падчас
свята для гасцей фестываляў супрацоўнікі турысцка-інфармацыйных цэнтраў
праводзяць экскурсіі.
У рэгіёне важнае значэнне надаецца турыстычным цэнтрам. Гродзенская
вобласць першай у краіне пачала развіваць гэты кірунак і працягвае яго
пашыраць. Цяпер гэтай сеткай ахоплена 11 раённых цэнтраў.
— Работа інфацэнтраў скіравана на тое, каб турыстычныя патокі
ўзрасталі, значыць, трэба прапанаваць цікавыя анімацыі, экскурсіі,
дэгустацыі. Напрыклад, у Навагрудку турысцка-інфармацыйны цэнтр
праводзіць начныя экскурсіі з арганнай музыкай. І гэта карыстаецца
высокім попытам. На жаль, не кожны інфармацыйны цэнтр мае ў штаце
экскурсавода. А попыт на іх паслугі ў турыстаў расце, — заўважае Таццяна
Лідзяева. Каго вабіць «салодкі» маршрут
Па словах спецыялістаў, за апошнія некалькі гадоў турызм значна
змяніўся ў адпаведнасці з патрабаваннямі спажыўца. З кожным годам
павялічваецца колькасць новых маршрутаў. У Гродзенскай вобласці
распрацавана больш як 300 разнастайных турыстычных маршрутаў, у тым ліку
з гастранамічнымі элементамі. Удзельнікі тура каштуюць кулінарныя
вырабы, хатнія сыры, прадукты з мёду і нават вінаградных слімакоў.
Адзін з такіх маршрутаў вядзе ў аграгарадок Парэчча Гродзенскага
раёна. Тут вытворчасць мёду паспяхова злучыла прамысловасць і турызм. Як
расказала дырэктар бізнес-праекта Вольга Гаўрылік ,
праграма тура разлічана і на дзяцей, і на дарослых. Наведвальнікі
прамысловай пчалярні могуць убачыць увесь працэс атрымання мёду ад
меданоса да ўпакоўкі. Тут пакажуць, як жылі пчолы мільёны гадоў таму і
як абсталяваны сучасныя вуллі. Кожны можа ўзяць у рукі дымар, адкрыць
вулей і адчуць сябе сапраўдным пчаляром. Удзельнікаў экскурсіі запросяць
у музей для дэгустацыі дзесяці сартоў мёду.
— Мы першае прадпрыемства ў Беларусі, дзе пачалі вырабляць узбіты мёд
па спецыяльнай тэхналогіі. Ён нагадвае мяккую пасту, куды дадаём
натуральныя кампаненты: розныя ягады, імбір, фундук. Разам з мёдам
частуем травяной гарбатай. Таксама турысты сваімі рукамі ствараюць з
пчалінага воску свечку, якую бяруць у якасці сувеніра, — паведаміла
дырэктар мядовага прадпрыемства.
Па яе словах, найчасцей сюды прыязджаюць школьнікі, але цікавасць
праяўляюць і дарослыя. У прыватнасці, такія экскурсіі арганізоўваюць для
тых, хто адпачывае ў мясцовых санаторыях. Таксама прадпрыемства
супрацоўнічае з гродзенскімі ўніверсітэтамі ў навуковым кірунку.
Па звестках упраўлення спорту і турызму, з пачатку года ў Гродзенскай
вобласці адбылося каля 40 маштабных свят і фестываляў —
ваенна-патрыятычных, культурна-гістарычных, гастранамічных. А кухні
народаў свету, якія былі прадстаўлены падчас сёлетняга фестывалю
нацыянальных культур у Гродне, сталі аб’ектам увагі яшчэ аднаго
папулярнага «трэвэл»-шоу НТВ «Поедем-поедим». І аўтары праекта не былі
расчараваныя.
Звязда