Галоўная /
Навiны рэгiёна
16.07.2024
Чым жыве ў аграгарадку Пескаўцы Яўгенія Руткоўская
Аднойчы мне пашанцавала прыехаць у
аграгарадок Пескаўцы, які знаходзіцца ў 50 км ад горада Ліды. Вуліцы
амаль пустыя, але гэта не дзіва: у працоўны дзень жыхары аграгарадка
былі на рабоце. Мне ў вочы кінулася жанчына ва ўзросце, якая ехала на
ровары з мясцовага магазіна. Я не змагла прайсці міма і затрымала яе.
Аказалася, што гэта была жыхарка Пескаўцаў 79-гадовая Яўгенія Пятроўна
Руткоўская. Мы разгаварыліся. Жанчына расказала пра сваё жыццё і чым
займаецца на пенсіі:
— Жыву ў Пескаўцах з 1965 года. З таго
часу вёска змяніла сваё аблічча, — кажа Яўгенія Пятроўна. – Шмат
пабудавалася новых дамоў, ды і людзі мяняліся: адныя прыязджалі, другія,
наадварот, мянялі месца жыхарства. Цяпер жа кожны селянін Пескаўцаў
ведае адзін аднаго. Жанчына ў размове таксама паведаміла, як яна прыехала ў Пескаўцы і засталася тут. – Закончыла я Сухоцкі тэхнікум, прыехала
сюды на працу па размеркаванні. Спачатку працавала на племянной ферме, а
потым перавялі на пасаду бухгалтара ў мясцовым калгасе. У Пескаўцах Яўгенія Пятроўна і сустрэла
свайго мужа. Нарадзілася трое дзяцей. Дачка зараз жыве ў Мінску, а сыны
працуюць і жывуць у аграгарадку. Яўгенія Пятроўна таксама мае 6 унукаў і
6 праўнукаў, якімі яна вельмі ганарыцца. — На выхадныя прыязджала дачка з сям’ёю,
прыходзілі сыны. Яны дапамаглі мне апалоць агарод. Але і сама не сяджу
на месцы. Вечарам ці зранку стараюся паліваць градкі, каб быў добры
ўраджай. Дачка кожны год садзіць мне розныя кветкі, такія як гартэнзіі,
фіялкі, бо ведае, што я вельмі люблю іх, а зяць заўсёды іх фатаграфуе і
паказвае сваім калегам па працы. Яшчэ кожны год саджаем бульбу, каб
хапіла сабе і дзецям. У гаспадарцы трымаю курэй, — кажа Яўгенія
Пятроўна. З цеплынёю ў сэрцы жанчына выказвае словы падзякі прадстаўнікам мясцовай улады, якія не забываюць пра яе. – Заўсёды прыходзяць і пытаюцца, якая
дапамога патрэбна. Таксама папярэджваюць аб ашуканцах, якіх зараз шмат,
каб я была ўважлівай, – кажа жанчына. У аграгарадку працуе магазін «Родны
кут». Там маецца вялікі асартымент прадуктаў. – Пакупнікам усяго хапае.
Вось і сёння ездзіла на ровары купляць прадукты. Буду рабіць аладкі, —
кажа Яўгенія Пятроўна, а пасля падзялілася сваім сакрэтам прыгатавання
смачнай стравы. РЭЦЭПТ Для прыгатавання аладак спатрэбіцца: 200
мл кефіру, 150 г. мукі, 1 яйка, 2-3 ст. л. цукру, дробка солі, 0,5 ч.
л. соды без верху. Кефір трэба крыху падагрэць. Дадаць да яго соду і
пачакаць з’яўлення рэакцыі. Потым дадаць яйка, цукар, соль і ў канцы
муку. Цеста будзе цягучае і густое. Патэльню разагрэць і сфарміраваць
аладкі лыжкай. Масла дадаваць не трэба. Калі на патэльні цеста крыху
прыгарае, то проста змажце посуд кропляй расліннага алею. 1 ст. л. з
горкай цеста роўная адной аладцы. Смажым пад вечкам на сярэднім агні з
двух бакоў. Прыемнага апетыту! — кажа жанчына. У размове Яўгенія Пятроўна таксама паведаміла, што выпісвае наша выданне: — Я вельмі люблю чытаць і ўжо на
працягу многіх гадоў выпісваю «Лідскую газету». Хочацца быць у курсе
падзей, якія адбываюцца на Лідчыне. Люблю чытаць матэрыялы пра людзей,
якія жывуць у нашым раёне. Жанчына падзякавала за плённую працу і пажадала калектыву «Лідскай газеты» толькі поспехаў і росквіту.
Лідская газета