Галоўная /
Навiны рэгiёна
16.05.2025
І не разарваць такія ніткі памяці
Калі бываю ў аграгарадку Тарнова, не
абмінаю ўвагай абеліск, які размешчаны ў цэнтры населенага пункта. На ім
маецца надпіс “Вечная слава загінуўшым за свабоду і незалежнасць нашай
Радзімы, 1941-1945 гады”, значацца 25 прозвішчаў жыхароў акругі, а
таксама ёсць надпіс “Невядомы Салдат”. У тое, каб гэты надпіс з’явіўся,
свой уклад унесла і “Лідская газета”. Наша выданне перыядычна
звярталася да тэмы невядомых пахаванняў часоў Вялікай Айчыннай вайны,
пісала пра раскопкі вайскоўцамі-пашукавікамі такіх магілак і пра
ўшанаванне памяці загінуўшых як абаронцаў Радзімы, так і мірных жыхароў –
ахвяр ваеннага ліхалецця. Давялося ў гэтым удзельнічаць і асабіста мне
як журналісту, рыхтуючы адпаведныя матэрыялы. Адзін з такіх прыкладаў –
перазахаванне праху Невядомага Салдата з ляснога масіву каля хутароў
вёскі Ольжава ў паркавай зоне на тэрыторыі Тарнова. Усё пачалося з таго, што ў
пачатку 2009 года ў “Лідскую газету” патэлефанаваў жыхар вёскі Далекія
Мікалай Іосіфавіч Гойка і расказаў пра магілку ў лесе. “Пажадана было б
правесці раскопкі і перазахаваць Невядомага Салдата на могілках
перспектыўнай вёскі ці гарадскіх могілках, бо практычна ўсе бліжэйшыя
хутары Ольжава апусцелі, старэюць, і адыходзяць з жыцця людзі старэйшага
пакалення, якія ведаюць гісторыю магілкі ў лесе. Маладыя ж проста
могуць забыцца аб лясным месцы пахавання”, – казаў Мікалай Іосіфавіч. Ну, хіба магла рэдакцыя не
раздзяліць хваляванні Мікалая Іосіфавіча за лёс магілы Невядомага
Салдата? Я адправілася ў Далекія, а затым разам з Гойка – да хутароў
вёскі Ольжава. Пагутарыўшы з ім і з мясцовымі жыхарамі, даведалася, што
ўсё здарылася дзесьці ў сярэдзіне вайны. Па словах суразмоўцаў, нейкія
фашысцкія прыхвасні затрымалі ў лесе недалёка ад Ольжава, а затым
растралялі аднаго з двух салдат Савецкай арміі, якія ўцяклі з палону.
Мясцовыя жыхары пахавалі вайскоўца ў лясным масіве недалёка ад “сіняга
крыжа” (на скрыжаванні дарог некалі сапраўды стаяў вялікі крыж) і
даглядалі магілку. Спачатку гэта быў толькі бугарок, а ў 70-х гадах
студэнты Гродзенскага ўніверсітэта, якія праводзілі ў раёне пошукавую
работу, выступілі ініцыятарамі ўстаноўкі на магіле помніка. Атрымаўся
сапраўдны мемарыял з умурованай вайсковай каскай. Шэфства над месцам
пахавання прадоўжылі вяскоўцы і вучні Далекскай школы. Сам Мікалай
Іосіфавіч, які на той час працаваў бухгалтарам калгаса, таксама прыклаў
да гэтага руку. Калі з кар’ера міма месца пахавання пачалі вазіць
гравій, папрасіў некалькі машын высыпаць ў лесе па шляху да магілкі, бо
дарожка была глейкая. Але мінулі дзесяцігоддзі, помнік састарыўся.
Думка пра тое, што месца памяці можа зусім знікнуць з твару зямлі, і
падштурхнула Мікалая Гойка ўзняць пытанне аб перазахаванні. Усю атрыманную інфармацыю я
паведаміла ў дадатак да тых звестак аб магіле Невядомага Салдата, якія
меліся, у аддзел ідэалагічнай работы Лідскага райвыканкама і ў Лідскі
ваенкамат. Прапанова жыхара Далекіх там была падтрымана і выкананы ўсе
неабходныя фармальнасці, каб упраўленне па ўвекавечванню памяці пры
Міністэрстве абароны рэспублікі арганізавала хутчэйшы прыезд на Лідчыну
ваеннаслужачых 52-га асобнага спецыялізаванага пошукавага батальёна для
правядзення раскопак месца пахавання каля Ольжава. Праз два месяцы вайскоўцы прыбылі
ў Лідскі раён. Мне было дазволена прысутнічаць на месцы раскопак у
лясным масіве ля Ольжава і фіксаваць у сваім журналісцкім блакноце тое,
што адбывалася, для падрыхтоўкі матэрыяла. Ваеннаслужачыя-пашукавікі
абследавалі мясцовасць, знялі дзёрн. Пад ім пясок, далей – гліна.
Вызначылі, што астанкі чалавека могуць знаходзіцца на глыбіні паўтара
метра. …Мінашукальнікам абмацваецца
глеба ў яме. Ідзе сігнал, што тут знаходзіцца нейкі металічны прадмет.
Паяўляецца надзея: можа ўдасца ўстанавіць асобу загінуўшага? А раптам
знойдзецца салдацкі медальён, які падкажа імя салдата? Па крупіцах
перабіраецца зямля… Прадметы, якія далі б падказку, на жаль, не
знойдзены. Са знаходак, што дасталі з ямы ў час раскопак, мяне больш
за ўсё ўразілі два кавалкі гумы, скручаныя дротам. Яны яшчэ мацней
падкрэслілі трагізм таго, што адбывалася. Салдат, які ўцёк з палону,
галодны, змораны, у якога зношанае адзенне, а на нагах самаробны абутак з
гумы, з надзеяй прабіраецца дадому, дзе яго чакае маці, але жыццё
абрываецца… – Якім быў гэты вайсковец, можна
толькі выказаць здагадку. Не старэйшы 25 гадоў, сярэдняга росту, –
адзначыў мне кіраўнік пошукавай групы пасля завяршэння работ. – На
жаль, у дадзеным выпадку, як і пры правядзенні многіх іншых раскопак,
якія ажыццяўляе наш батальён на тэрыторыі Беларусі, імя чалавека так і
застанецца невядомым. Супакойвае тое, што хоць і праз многія
дзесяцігоддзі, але гэты Невядомы Салдат з лясной ямы будзе пахаваны, як і
належыць чалавеку. Акрамя таго, колькі б часу не
мінула, не сатрэцца памяць аб тых, хто стаў пад ружжо, каб абараніць
сваю краіну ад фашысцкай навалы. У кастрычніку 2009 года ў аграгарадку
Тарнова прайшло ўрачыстае мерапрыемства з нагоды перазахавання з усімі
вайсковымі ўшанаваннямі праху салдата Савецкай арміі, загінуўшага ля
хутароў Ольжава. Сярод шматлікіх прысутных на імпрэзе (прадстаўнікоў
раённай і мясцовай улады, вайсковых часцей, ваенкамата, духавенства,
вучняў і настаўнікаў Тарноўскай сярэдняй школы) была і журналіст
“Лідскай газеты”. На месцы перазахавання тады ўстанавілі драўляную тумбу
з пяціканцовай зоркай з надпісам “Вечная памяць Невядомаму Салдату”. У
2015 годзе тут замест драўлянай тумбы быў усталяваны новы абеліск. Вось такая нітка падзей, якая
ўзяла пачатак ад нераўнадушша жыхара аграгарадка Далекія. Яна ўвабрала ў
сябе старанні супрацоўнікаў розных устаноў і арганізацый, якія не
толькі па доўгу службовых абавязкаў, а ад шчырага сэрца імкнуліся, каб
невядомае імя стала бессмяротным.
Я ганаруся нашай краінай! Падстаў
для гэтага вялікае мноства. Адна з іх тая, што словы “Ніхто не забыты,
нішто не забыта!” праз усе дзесяцігоддзі з таго часу, як адгрымелі
пераможныя залпы, увасабляліся ў рэчаіснасць. У аддзеле ідэалагічнай
работы і па справах моладзі райвыканкама я даведалася, што і сёлета на
Лідчыну прыедуць вайскоўцы пошукавага батальёна для правядзення раскопак
меркаванага месца пахавання ахвяраў вайны. Важная і патрэбная справа
для цяперашніх і будучых пакаленняў прадаўжаецца.
Людмила Петрулевич