Галоўная /
Навiны рэгiёна
15.05.2024
Іх недаспяваную песню мы даспяваем: пра тое, як у верасні 1943 года ў вёсцы Шаўдзіні акаўцы расстралялі групу савецкіх ваеннапалонных
Каб не згаснуць агеньчыку памяці Апошнім часам мне нярэдка даводзіцца сутыкацца з тым, што людзі
старэйшага пакалення імкнуцца расказаць моладзі пра падзеі, якія
адбываліся ў гады вайны, пра герояў і пра звычайных людзей, жыццё якіх
забрала страшная навала. Мэта – не даць згаснуць агеньчыку памяці аб
мінулым, які дапамагае будаваць мірнае заўтра. Вось і нядаўна да мяне як да журналіста звярнулася ўраджэнка вёскі
Шаўдзіні, а зараз лідчанка, былая настаўніца гісторыі сярэдняй школы №5
Марыя Антонаўна Шалкоўская. Жанчына казала мне, што ў 2004 годзе я
рыхтавала матэрыял аб тым, як у верасні 1943 года ў вёсцы Шаўдзіні
акаўцы расстралялі групу савецкіх ваеннапалонных. Матэрыял друкаваўся на
старонках “Лідскай газеты”. “Аднак з таго часу мінула дваццаць гадоў. Магчыма, каб не забыліся
трагічныя старонкі гісторыі, якія ўпісвае ў яе вайна, патрэбна зноў
нагадаць у газеце пра падзеі ў Шаўдзінях. Бо не толькі жыхары вёскі,
якія былі сведкамі падзей, адышлі ў нябыт. Усё менш становіцца і тых,
каму з вуснаў у вусны перадаваліся ўспаміны. Зараз праўнукі
шаўдзінёўцаў, якія прыязджаюць на радзіму продкаў, дзеці прыезджых
людзей, якія купілі ў Шаўдзінях хаты пад дачы, спыняючыся каля абеліска,
пытаюць, адкуль з’явілася гэта памятнае месца”, – упэўнена Марыя
Антонаўна. Я ахвотна адгукнулася на прапанову чытачкі. Вялікі дзякуй Марыі
Антонаўне за неабыякавасць, за актыўную грамадзянскую пазіцыю.
Успамінаю, як дваццаць гадоў назад з асаблівым хваляваннем гартала я
папку з дакументамі, пісьмамі, што былі сабраны за час пошукавай работы
настаўнікамі і вучнямі Моцевічскай школы, як гутарыла з жыхарамі
Шаўдзінёў, якія з болем расказвалі аб тым, што бачылі асабіста, альбо
згадвалі пачутае ад старэйшых вяскоўцаў, і як разам з людзьмі стаяла ля
абеліска, схіліўшы галаву ў памяць аб ахвярах вайны. У верасні 43-га З матэрыялаў, з якімі азнаёмілася, з успамінаў склалася карціна падзей,
якія адбываліся ў верасні 1943 года. У адну з начэй група савецкіх
байцоў пад камандаваннем маёра Мікалая Кісялёва, выконваючы асаблівае
заданне, перайшла лінію фронта, аднак папала ў палон. Ваеннапалонных
пагрузілі ў вагон і адправілі цягніком у Германію. Дзесьці на ўчастку
чыгункі Ваўкавыск-Ліда яны выламалі ў падлозе вагона дошку, апусцілі яе
на шпалы і адзін за другім пачалі выбірацца з цягніка на поўным ходзе.
Спроба прайшла паспяхова. У Мікалая Кісялёва была думка дабыць рацыю,
каб звязацца з часцямі Чырвонай Арміі. Потым, даведаўшыся, што на другім
баку Нёмана знаходзіцца партызанскі атрад, ён вырашыў прабірацца з
байцамі туды. Вайскоўцы раздзяліліся на дзве групы. Адна з іх
накіравалася ў бок вёскі Яселевічы (знаходзіцца ў Шчучынскім раёне),
другая рушыла іншым маршрутам і аказалася на Лідчыне. Вось што мне расказвала жыхарка вёскі Шаўдзіні Вера Гражуль: “У нашай вёсцы, якраз у 1943 годзе, размясціўся атрад акаўцаў. Мясцовыя
жыхары іх не віталі, і ў атрадзе з шаўдзінёўцаў ніхто не быў. І ўсё ж
супраць ісці баяліся. Паабяцалі акаўцы: калі што, то ад вёскі попел
застанецца. Хаця за Нёманам у Дзям’янаўцах, Шаршнях, Зачэпічах
абаснаваліся чырвоныя партызаны, а гэта як рукой падаць. Памятаю, як у адзін з дзён няпрошаныя госці ўспалашыліся. Схапілі зброю і
заспяшаліся да сябе ў штаб, ці як там у іх называлася месца збору. А па
Шаўдзінях чутка прайшла, маўляў, дзеўка з хутара бачыла недалёка
савецкіх ваеннапалонных, хлеба ў яе прасілі. Яна і прагаварылася
камусьці. І вось пад вечар вядуць бяззбройных салдацікаў. Спачатку адну группу,
чалавек з сем, потым такую ж, а можа і большую, другую. Бачна, не
ўдалося сысці ад нелюдзяў. Сядзяць салдацікі на лаўцы каля вясковага
крыжа, маладзенькія, худзенькія, і кажуць ахове: ”Адпусціце нас. У нас
жа маці, як і ў вас, ёсць, дома нявесты чакаюць”. А тыя бандыты і
слухаць не хочуць. Тады заспявалі салдаты песню. Хто чуў з нашых
вяскоўцаў гэты спеў, казалі, што ў іх сэрца кроўю аблівалася ад жалю. На ноч загналі акаўцы палонных у гумно, а на наступны дзень, дзесьці
апоўдні, чуем: “бах”, “бах” – пачалі расстрэльваць палонных. Людзі па
хатах пахаваліся. А я таксама дамоў што ёсць сілы бягу, карову ганю. І
тут чую стрэл, і проста перада мною на дарогу падае салдацік, рукі
раскінуў, светлыя валасы на ветры развіваюцца. Бо бандыты палонных
распраналі, па адным з таго гумна выводзілі і расстрэльвалі дзе
прыдзецца. Потым забітых акаўцы ў яме з-пад бульбы недалёка ад гумна
пахавалі”. А ад жыхаркі вёскі Шаўдзіні Тэрэзы Жоль у 2004 годзе даведалася наступнае: “Аб трагедыі, якая адбылася, людзі маўчалі. І нават калі савецкая ўлада
ўсталявалася, размоў аб тым вераснёўскім дні не вялося, бо ў лясах яшчэ
хавалася многа бандытаў. Ужо пазней старшыня мясцовага калгаса Віктар
Юзэфавіч Усціновіч і дырэктар Моцевічскай школы Антон Міхайлавіч Кучура
арганізавалі людзей і на месцы захавання тых салдацікаў паставілі
абеліск. Праўда, і камісія ў Шаўдзіні прыязджала. Пасля гэтага астанкі
забітых перавезлі ў Жалудок і там пахавалі ў брацкай магіле. А дзесьці ў пачатку 80-х гадоў да мяне ў дом зайшла незнаёмая жанчына.
На вуліцы была непагадзь, і яна моцна замерзла. Я яе адразу чаем
напаіла, блінамі накарміла. Адагрэлася госця і расказвае, што завуць яе
Тамара Васільеўна.Яна сястра камандзіра Чырвонай Арміі Мікалая Кісялёва.
Праз шмат гадоў пасля заканчэння вайны пачала пошук, бо мама перад
смерцю наказвала: “Томачка, выканай апошнюю просьбу: адшукай Коліну
магілку”. Тамара звярталася ў розныя інстанцыі. Ёй адказвалі, што
камандзір стралковага батальёна Мікалай Кісялёў значыцца без весткі
прапаўшым у верасні 1943 года. Тады праз пісьмы Тамара звязалася з
аднапалчанамі брата. Яны адгукаліся аб ім як аб мужным чалавеку і ўмелым
камандзіры. Па маленькіх крупінках Тамара сабрала і інфармацыю, што,
выконваючы заданне, група вайскоўцаў пад камандаваннем Кісялёва папала ў
палон, здзейсніла ўцёк, аднак зноў аказалася ў палоне і была
расстраляна на тэрыторыі Лідскага раёна. На месцы расстрэлу вайскоўцы і
пахаваны. Ведаючы гэта, Тамара з Палтаўскай вобласці, дзе жыла на той
час, адправілася ў Беларусь. Шлях прывёў яе да нас у вёску Шаўдзіні. Пайшлі мы з Тамараю да помніка. Жыхары вёскі да нас далучыліся, пачалі
праз слёзы расказваць пра бяду, якая здарылася ў верасні 1943 года.
Паслухала прыезджая госця і кажа: “Усё сходзіцца. Ды і сэрцам адчуваю,
што тут наш Мікалай быў расстраляны і пахаваны”. Пасля гэтага Тамарачка часта прыязджала ў Шаўдзіні і адна, і з сям’ёй.
Мы з ёю сябравалі, перапісваліся. Яе ўсе нашы жанчыны любілі як родную,
шкадавалі. На сабе адчувалі, што значыць страціць на вайне блізкага
чалавека. Бо мужчыны з Шаўдзінёў у 1944 годзе пайшлі на фронт, і
некаторыя з іх былі паранены ці забіты”.
* * * На шчасце, пошук Тамарай звестак
аб браце Мікалаю Кісялёве прынёс вынік. Але ж колькі невядомых
вайскоўцаў ляжыць у брацкіх магілах, дзе на помніку напісана “Невядомы
салдат”! У тых жа Шаўдзінях акрамя камандзіра Кісялёва абарвалася жыццё і
іншых маладых хлопцаў, якія ўзялі ў рукі зброю, каб абараніць ад ворага
сваю Радзіму, і родныя якіх не ведаюць, дзе загінуў і пахаваны іх сын і
брат. Але да кожнага невядомага салдата можна аднесці словы: “Імя тваё
невядома, подзвіг твой несмяротны”. У нашай Беларусі, якая
прытрымліваецца міралюбівай палітыкі, ніколі не зарастуць сцежкі да
помнікаў загінуўшым у барацьбе з фашызмам. Да месца гібелі вайскоўцаў у
Шаўдзінях жыхары Лідчыны таксама будуць прыносіць кветкі,
добраўпарадкаваць тэрыторыю ля абеліска, а таксама захоўваць памяць у
сэрцы. І я, як журналіст, лічу для сябе важным унесці ў гэта свой уклад
дадзеным артыкулам.