Галоўная /
Навiны рэгiёна
16.02.2023
Як i чаму купляюць дамы у вёсках Ваверскага сельсавета
Зараз грамадзяне пачалі больш актыўна купляць пустуючыя дамы ў
сельскай мясцовасці. Што падштурхоўвае іх да таго, каб стаць
уладальнікамі вясковых “фазэнд”? Шукаючы адказ на гэтае пытанне,
журналіст “Лідскай газеты” адправілася ў Ваверку. «Набыў “фазэнду” і не шкадую»
Жыхар аграгарадка Ваверка, былы механізатар, а зараз вартаўнік мясцовай
гаспадаркі Сяргей Бялан зацікавіў журналіста з той нагоды, што купіў
недалёка ад сваёй сядзібы пустуючы дом за адну базавую велічыню.
– Некалі ў гэтым доме размяшчалася школьная сталовая, пасля жылі людзі, а цяпер без гаспадара ён толькі мазоліць вочы, – расказвае Сяргей Юзэфавіч . – Жыве
наша сям’я ў аднапавярховым чатырохкватэрным жылым доме (кватэру ў свой
час прыватызавалі). Мы даглядаем будынак, падтрымліваем парадак на
ўчастку, садзім агарод, а праз плот ад нас зарастае тэрыторыя, трухлее
старая хата. У мяне даўно былі думкі стаць іх уладальнікам, прывесці ўсё
ў парадак і выкарыстоўваць для ўласных патрэб. І тут, што вельмі
дарэчы, на рэспубліканскім заканадаўчым узроўні людзям была дадзена
магчымасць купіць пустуючыя закінутыя дамы за мінімальную плату. Ну як
было не скарыстацца гэтым? Паразуменне адразу знайшоў у сельскім Савеце. Дарэчы, тое, што ў распараджэнні гаспадарлівага Сяргея Бялана аказаліся
пустуючае збудаванне і дадатковы кавалак зямлі па суседстве з яго
ўчасткам, на карысць не толькі яму. Закінутая сядзіба, якая размяшчаецца
недалёка ад цэнтра Ваверкі, безумоўна, не ўпрыгожвае населены пункт і
выбіваецца з агульнага строю акуратных, дагледжаных участкаў іншых
вяскоўцаў. Цяпер сітуацыя зменіцца да лепшага. Рэгіна Станіславаўна Васілевіч з вёскі Серафіны – жанчына сталага
ўзросту. Аднак і яна звярнулася ў Ваверскі сельскі Савет з просьбай
дазволіць ёй набыць закінуты дом насупраць сваёй сядзібы. Задаволіў кошт
– адна базавая велічыня.
Як расказала жанчына журналісту, прычынаю гэтага ў першую чаргу стала…
настальгія. Справа ў тым, што зараз пустуючая хата некалі належала яе
бацькам і ў ёй яна нарадзілася. Замуж Рэгіна Станіславаўна выйшла за
суседа, таму перасялілася недалёка ад радавога гнязда, і яно, у прамым
сэнсе, заўсёды было ў яе перад вачыма. Пасля смерці бацькоў Рэгіны
Станіславаўны іх дом перайшоў у спадчыну да аднаго са сваякоў. Той
прадаў хату, аднак новага гаспадара тут мала хто бачыў. Дом аказаўся
закінутым. – Я даглядала не толькі свой уласны ўчастак. Душа балела ад таго,
што бацькоўская сядзіба прыходзіць у заняпад, таму і на ёй па магчымасці
імкнулася падтрымліваць парадак. А зараз, пасля таго як па законе
сядзіба стала маёй, тым больш буду гэта рабіць, – адзначае Рэгіна Станіславаўна. Жанчына кажа, што бацькоўскі дом будзе выкарыстоўваць для сваіх
патрэб. Праўда, каб пастаянна жыць у ім, трэба замяніць адну бэльку і
аднавіць электрычнасць, бо раней пустуючая пабудова была ад яе
адключана. Рэгіна Станіславаўна мяркуе, што такія неабходныя абнаўленні
дома могуць зрабіць тыя, каму ад яе сядзіба пяройдзе ў спадчыну. Ну хіба
дрэнна мець у такім прыгожым месцы, як Серафіны, дачу? 32-гадовы лідчанін Андрэй Богдан купіў прыватны дом у вёсцы Касілаўцы.
Палічыў, што, па-першае, да Касілаўцаў напалову бліжэй, чым да Радуні,
адкуль ён родам, па-другое, маёмасць, якую набыў, будзе яго ўласнасцю. А
мець для сям’і свой куток на ўлонні прыроды немалаважна. Набыты дом
можна падладзіць, можна акультурыць участак, пасадзіць кветкі – і
атрымаецца цудоўнае месца адпачынку для дарослых і дзяцей. Андрэй Францішкавіч падкрэслівае, што, паставіўшы перад сабой мэту
займець дом у сельскай мясцовасці па дарозе ў Воранаўскі раён, звярнуўся
ў Ваверскі сельскі Савет. Яго супрацоўнікі падказалі, якія вясковыя
дамы прадаюцца, і дапамаглі звязацца з уладальнікам аблюбаванай сядзібы.
Дарэчы, па словах Андрэя Францішкавіча, той згадзіўся прадаць яе за 500
рублёў. Іван Кароль, работнік Ваверскага Дома культуры, з якім таксама давялося
пагутарыць журналісту, нарадзіўся, вырас і жыве ў Рулевічах. Ён
прызнаецца, што сваю малую радзіму ні на які іншы населены пункт не
прамяняе – гэта дарагі яго сэрцу куток. Тым больш што нясе пэўную
адказнасць за вёску: мясцовыя жыхары вылучылі яго старастам. Іван
Казіміравіч кажа, што людзей, якія пастаянна пражываюць у Рулевічах,
стала мала – можа, з дзясятак набярэцца. Затое летам вёска ажывае,
прыязджаюць дзеці і ўнукі былых уладальнікаў сядзіб. Яны ж і
патрымліваюць у іх парадак. Некаторыя хаты купілі іншыя гаспадары. Ёсць і
закінутыя хаты, але іх толькі дзве. Безумоўна, з іх уладальнікамі і
супрацоўнікі сельскага Савета, і стараста вёскі праводзяць пэўную
работу. Вынік ёсць. Вось нядаўна гаспадыня аднаго з дамоў напісала ў
сельскі Савет паведамленне і дала дазвол на разборку старой пабудовы. Бо сядзібе патрэбен гаспадар
А вось што расказаў у гутарцы з журналістам старшыня Ваверскага
сельскага Савета Аляксандр Іодка. За 2022 год сіламі сельскага Савета
было знесена пяць дамоў і пяць фундаментаў. Усяго ж, пачынаючы з 2017
года, у вёсках сельсавета такім чынам было разабрана 32 дамы,
ліквідаваны іх фундаменты. Акрамя таго, за мінулы год і пачатак бягучага
тры дамы, якія суд прызнаў вымарачнымі і якія ўключылі ў Адзіны рэестр
пустуючых дамоў, былі прадазены: дзве сядзібы – за адну базавую велічыню
(яны былі закінутымі), а адна – за 2600 рублёў. У гэтым доме мелася
электрычнасць, усё было дагледжана. Застаўся ён пасля адзінокай жанчыны,
якая адышла ў нябыт, не пакінуўшы пасля сябе нашчадкаў. Па словах Аляксандра Станіслававіча, на дадзены момант неабходныя
дакументы яшчэ на пяць пустуючых дамоў знаходзяцца ў судзе. Там пабудовы
прызнаюць вымарачнымі, і яны будуць перададзены на баланс сельскага
Савета. З’явіцца магчымасць выставіць іх на продаж. Калі ж забудова
знаходзіцца ў зусім дрэнным стане і не знойдзецца ахвотнік яе купіць, то
яна будзе знесена. Журналіст пацікавіўся ў Аляксандра Станіслававіча, як дамы трапляюць у
разрад безгаспадарных, а затым пераходзяць на баланс сельскага Савета.
Ён адказаў, што перш чым запусціць такі працэс, работнікі сельскага
Савета з падтрымкай старастаў вёсак, мясцовых жыхароў шукаюць
уладальнікаў – нашчадкаў гаспадароў закінутай сядзібы – і патрабуюць
наводзіць там парадак альбо прапануюць прадаць іншаму чалавеку.
Уладальнікам накіроўваюцца паведамленні пра выкарыстанне. Калі ж
уладальнік адмаўляецца выкарыстоўваць сваю вясковую маёмасць, то ён піша
афіцыйнае адмаўленне ад яе. Тады сельскі Савет звяртаецца ў раённую
камісію, якая прызнае дом безгаспадарным. Затым матэрыялы перадаюцца ў
суд з хадайніцтвам райвыканкама для перадачы яго ў ведамства сельскага
Савета. Згодна з заканадаўствам, суд прымае пэўнае рашэнне. Кіраўнік мясцовай улады таксама адзначыў, што свае дамы ў населеных
пунктах прадаюць і самі людзі. Так, за 2022 год у сельскім Савеце
рэгістравалася восем дагавораў куплі-продажу. (Гэта можна зрабіць, калі
само жыллё не зарэгістравана ў агенцтве па дзяржаўнай рэгістрацыі і
зямельным кадастры.) – На якія дамы і ў якіх населеных пунктах сельсавета ёсць найбольшы попыт ? – пацікавілася журналіст у Аляксандра Іодкі. Ён адказаў, што сярод дамоў, якія ў апошні час прадавалі людзі, большым
попытам карысталіся хутары. А дамы, якія рэалізоўваў сельскі Савет,
ахвотней куплялі ў вёсцы Серафіны. Адмоўны момант для рэалізацыі дамоў: тэрыторыя Ваверскага сельсавета
размешчана далекавата ад горада, і людзі лічаць, што дабірацца да
вясковай “фазэнды” ім накладна. Няма ахвотнікаў набываць хаты ў
аддаленых маленькіх вёсках, такіх, як Міхнаўцы, Мікуты, Маркуці, якія
бліжэй да Воранаўскага раёна. А вось, напрыклад, у параўнальна блізкай
да Ліды вёсцы Мыто, дзе ёсць газ, водаправод, каналізацыя і дзе недалёка
ад самога населенага пункта працякае рэчка Дзітва, усе пустуючыя дамы
распраданы. Вёскі Янаўляне і Касілаўцы таксама ў выйгрышнай сітуацыі:
знаходзяцца блізка да трасы. Аляксандр Станіслававіч адзначае, што патэнцыяльныя пакупнікі звяртаюць
увагу не толькі на месцазнаходжанне, але і на стан дома і, вядома,
улічваюць пры гэтым мэту, з якой набываюць “фазэнду”. Адны плануюць
займацца падсобнай гаспадаркай, другія – выкарыстоўваць толькі для
адпачынку ў летні час. Але ў любым выпадку вясковыя хаты зноў адчуваюць
чалавечае цяпло, участкі зноў пачынаюць радаваць вочы сваёй
дагледжанасцю. Жыццё вёскі працягваецца.