Настройкі
Настройкі шрыфту
Arial
Times New Roman
Памер шрыфту
A
A
A
Міжлітарная адлегласць
Стандартнае
Павялічанае
Вялікае
Колеравая схема
Чорным
па белым
Белым
па чорным
Лiдскi раённы выканаўчы камітэт
Галоўная / Навiны рэгiёна
10.03.2026

Як жыхарка Лідскага раёна стала першай і адзінай жанчынай-трактарыстам у калгасе

Жыхарка Лідскага раёна Марыя Шут расказала пра тое, як перажыла вайну, прыехала на Гродзеншчыну і стала першай і адзінай жанчынай-трактарыстам у калгасе. На кожнага з нас у Бога свае планы. Менавіта такая думка круцілася ў галаве, пакуль гутарыла з Марыяй Шут, старэйшай жыхаркай аграгарадка Ганчары Лідскага раёна. 31 студзеня ёй споўнілася 99 гадоў.   “У мяне такой сястры няма” Марыя Яфрэмаўна нарадзілася ў вёсцы Камарова Сафонаўскага раёна Смаленскай вобласці. Калі пачалася вайна, ёй было 14 гадоў (паспела толькі скончыць чацвёрты клас). Фашысты даволі хутка дайшлі да іх вёскі. Тых, хто меў якую сілу, пабралі ў палон – рыць акопы. На гэтую катаржную працу трапілі Марыя і яе старэйшая сястра Наташа. Кіркі, лапаты, абутак на босую нагу, праца да знямогі… У такім пекле дзяўчаты мусілі выжываць да самага вызвалення. Адступаючы, ворагі пазбаўляліся ад палонных – забівалі. – Але калі Бог вырашыў, што ты выжывеш, то так яно і будзе. Побач з намі ў яме хавалася жанчына з дачкой. Іх забілі, а нас з сястрой чамусьці не зачапіла,  – разважае жанчына. І хоць сёстры выжылі, але менавіта вызваленне іх разлучыла. Наташа паехала ў Вязьму, дзе працавала да вайны. А Марыя рушыла (дзе пяшком, дзе спадарожным транспартам) на малую радзіму, шукаць маму з малодшай сястрой Вольгай. Як аказалася, яны таксама выжылі. Адразу хаваліся ў бані, потым, напрыканцы вайны, жылі ў зямлянцы. Аднавяскоўцы дапамаглі знайсці сястру. Тая паглядзела на яе і прамовіла: “У мяне такой сястры няма”, – не пазнала Марыю ў знямоглай дзяўчыне. Не адразу змагла пазнаць яе нават родная маці.  Пазней Марыя даведалася, што маці прышлося перажыць яшчэ большае ўзрушэнне. Старэйшы сын прапаў без вестак на вайне (паспеў толькі прыслаць адно пісьмо з фотакарткай), а два малодшыя – былі ў партызанах у той жа мясцовасці. Калі аднойчы жанчына панесла ім харч, убачыла, што яны разам з іншымі арыштаваныя. Іх расстралялі прама на яе вачах. Таму, калі ў 1945 годзе пачалі мужчыны-аднавяскоўцы вяртацца з вайны дадому, ад разумення таго, што ні адзін з сыноў больш ніколі не пераступіць яе парог, мацярынскае сэрца не вытрымала. Аднойчы пасля ночы яна больш не прачнулася… Пасля пахавання Марыя засталася зусім адна – Вольга яшчэ раней паехала шукаць лепшай долі ў Калінінград.  За кусок хлеба Марыя вырашыла перабірацца жыць у Беларусь. Дабіралася яна доўга і цяжка: пешшу, цягнікамі… У Беларусі спрабавала ўладкавацца да каго-небудзь на працу. Але, як аказалася, у свае васямнаццаць гадоў яна нічога не ўмела рабіць, акрамя рыцця акопаў. У мірны час гэты навык быў ужо непатрэбны.  Адразу гаспадарам прызнавалася шчыра, што нічога не ўмее. Зразумела, што тыя таму і не бралі яе на работу. Але голад прымусіў да падману: стала згаджацца на любую працу. Канешне, потым высвятлялася праўда. Але гаспадары, напэўна, разумелі, што не ад добрай долі тая падманула, вучылі немудрагелістай сялянскай працы. Неўзабаве Марыя навучылася прасці, ткаць, араць, сеяць, баранаваць, касіць, жаць, апрацоўваць лён…  Так пражыла шэсць гадоў, працавала за кусок хлеба то ў адных гаспадароў, то ў другіх. Потым некаторы час працавала на торфараспрацоўцы. Трактарыстачка  Якім чынам аказалася на Гродзеншчыне, Марыя Яфрэмаўна ўжо і не памятае. Але менавіта на гэтай зямлі наступіў новы этап яе жыцця. З аб’явы ў газеце даведалася, што праводзіцца набор на курсы трактарыстаў, запісалася і паспяхова іх скончыла. Так з’явілася першая і адзіная ў Лідскім раёне трактарыстачка. Пайшла працаваць у мясцовы калгас. На трактары арала, сеяла, вазіла на поле гной. Падчас жніва перасаджвалася за руль камбайна – жала збожжа. Яе працавітасць і ўдаласць выклікалі павагу сярод калег-мужчын. А кіраўніцтва калгаса неаднаразова выступала ініцыятарам заахвочвання Марыі Шут рознага ўзроўню ганаровымі граматамі, падзякамі. Так адпрацавала яна дванаццаць гадоў. Дарэчы, менавіта ў гэты перыяд пазнаёмілася са сваім будучым мужам. Ён таксама працаваў трактарыстам і звярнуў увагу на працавітую дзяўчыну. – Цяпер трактарыстам працаваць адносна проста. Заводзіцца трактар лёгка, ключамі. Едзеш амаль як на аўтамабілі. У той час калі працавала я, ён заводзіўся рукаяткай. Хоць і звыклая да цяжкай працы, але, бывала, што сіл не хапала, прыходзілася прасіць дапамогі ў мужчын. Бо нават было два выпадкі, калі ламала руку…  – успамінае жанчына. Таму прыйшлося пазней перайсці працаваць тэхнічкай: адразу – у мясцовай школе, потым – у сельвыканкаме. Сама каго хочаш навучыць Нездарма кажуць, што жыццё пражыць не поле перайсці, усяму навучышся. Так атрымалася і ў Марыі Яфрэмаўны: – Сёння я ўмею рабіць усё: і цвік забіць, і страву прыгатаваць. Гэта добра, навык за плячамі не насіць. Але па-сапраўднаму жанчыне трэба ўмець ўсё рабіць, але не ўсё, што ўмееш, трэба рабіць,  – з усмешкай дала яна слушную параду. Аднак свае веды і навыкі з задавальненнем перадала супрацоўнікам філіяла “Ганчарскі дом культуры” Лідскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці. Калі там сталі адраджаць старадаўнія спосабы апрацоўкі ільна, Марыя Яфрэмаўна стала для іх асноўным кансультантам. Акрамя гэтага, дасюль прымае ўдзел у працы народнай студыі сямейных святаў і абрадаў “Печкі-лавачкі”. Дапамагае вырабляць штучныя кветкі з сурвэтак, іншы дэкор для ўпрыгожвання інтэр’ера клуба. Не пакідае свайго захаплення вышыўкай. Не запускае свой агарод, у мінулым годзе нават абнавіла градкі з трускаўкамі. Падчас гутаркі жанчына прызналася, што вельмі любіць дранікі. І пры гэтым падзялілася некалькімі сваімі сакрэтамі іх прыгатавання.  Адзін з іх – дабаўленне тварагу ў нацертую бульбу ў суадносінах 1:4. Больш не варта, бо аладкі будуць прыставаць да патэльні. Далей дабаўляецца мука або крухмал, соль. А для прыгатавання сваіх “цуда-дранікаў” Марыя Шут бульбу таркуе па-рознаму: палова – на звычайна дробнай тарцы, а другую палову – на буйной. Затым дабаўляе яйка, соль, а замест мукі – крахмал – так дранікі атрымліваюцца больш хрусткімі. Дарэчы, смажыць дранікі яна на сухой патэльні. У чым сакрэт даўгалецця? Так, лёс не шкадаваў Марыю Яфрэмаўну, раз за разам выпрабоўваючы яе вытрымку. Зараз ужо няма ў жывых ні сясцёр, з якімі змагла звязацца толькі праз шмат гадоў пасля вайны, ні мужа, ні адзінага сына. Зрэдку прыязджаюць унучкі – у іх сваё жыццё. Праўда, як нарадзілася праўнучка – прывезлі паказаць. Па хатніх справах жанчыне дапамагае сацыяльны работнік. Не забываюцца пра яе супрацоўнікі сельвыканкама – калі трэба якая дапамога, стараюцца выканаць просьбы, віншуюць са святамі. А супрацоўнікі Ганчарскага ДК ужо не ўяўляюць, як можа прайсці падрыхтоўка нейкага свята без удзелу гэтай моцнай духам жанчыны, якая, нягледзячы ні на што, захавала ясны розум і пачуццё гумару.  Можа гэта і ёсць сакрэт даўгалецця Марыі Шут?