Настройкі
Настройкі шрыфту
Arial
Times New Roman
Памер шрыфту
A
A
A
Міжлітарная адлегласць
Стандартнае
Павялічанае
Вялікае
Колеравая схема
Чорным
па белым
Белым
па чорным
Лiдскi раённы выканаўчы камітэт
Галоўная / Навiны рэгiёна
13.02.2026

Лепшы настаўнік і дзеяч культуры. Расказваем пра лаўрэатаў прэміі імя А.І. Дубко

13 прафесіяналаў сталі пераможцамі прэстыжнага штогадовага абласнога конкурсу імя А.І. Дубко "Творчыя дасягненні ў сферы культуры і мастацтва" за 2025 год. Расказваем пра некаторых з іх. Яе прызначэнне – раскрываць таленты Тамара Харашылава, выкладчык і кіраўнік Народнага аматарскага калектыву ансамбля “Вербіца” Лідскага дзяржаўнага музычнага каледжа, – адна з трох лідчанак-лаўрэатаў прэміі імя А.І. Дубко ў галіне культуры і мастацтва па выніках 2025 г. у намінацыі “Лепшы выкладчык года”. Сапраўды, выкладчыкам Тамара Пятроўна працуе больш за 35 гадоў – з 1989-га. Будучы выпускніцай Лідскага музвучылішча (на той час такая была назва), пачала працоўную дзейнасць менавіта там, завочна скончыла Беларускі інстытут культуры. Працавала з народным хорам, з якога ў 2000 г. вылучыўся і дапоўніўся музыкантамі іншых накірункаў (піяністамі, духавікамі і інш.) калектыў “Вербіца”. Званне “народны” атрымаў у 2017 г. У дакавідны перыяд са сваімі канцэртамі пабывалі не толькі ў шматлікіх кутках Беларусі, але і ў Італіі, Францыі, Бельгіі, Чэхіі, Польшы, Германіі. У апошнія гады паспяхова прымалі ўдзел у конкурсах, якія праходзілі ў нашай краіне (“Над Нёманам сінім” – 3 месца, “Лідскі ХОР-Фэст” – 1 месца, Гродзенскі міжнародны фестываль імя Х.Ф. Сакалоўскага – Гран-пры) і ў Расіі (у Вялікім Ноўгарадзе ўзялі Гран-пры), выступалі ў Санкт-Пецярбургу. Шматлікія выпускнікі Тамары Харашылавай зараз працуюць ў вядучых музычных калектывах Беларусі. Напрыклад, Дзмітрый Някрасаў і Наталля Базарэвіч з’яўляюцца салістамі Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору Рэспублікі Беларусь імя Г.І. Цітовіча, Людміла Кірыленка – салістка Беларускага дзяржаўнага ансамбля народнай музыкі «Свята», Наталля Брацалоўская – салістка Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра Рэспублікі Беларусь імя І. Жыновіча, Андрэй Зінаватны і Юрый Гродзь – салісты Акадэмічнага ансамбля песні і танца Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. Праз некалькі месяцаў у творчы шлях выйдзе яшчэ адзін таленавіты вучань Тамары Пятроўны – Раман Віткевіч, пераможца шматлікіх музычных конкурсаў, таксама лаўрэат прэміі імя А.І. Дубко для таленавітай моладзі. – Не магу сказаць, што цікавей: назіраць, як пад тваім кіраўніцтвам, нібы бутон кветкі, раскрываецца талент маладога чалавека, або сачыць за творчым шляхам свайго выпускніка. Але заўсёды прыемна разумець, што дзякуючы паўсядзённай працы даеш пуцёўку ў жыццё таленавітым людзям, якія сваёй творчасцю будуць несці добры настрой сваім гледачам і паклоннікам, –  падзялілася ўражаннямі Тамара Харашылава. На варце захавання гістарычнай памяці Ганна Некрашэвіч, загадчык аддзела “Лідскі замак” Лідскага гісторыка-мастацкага музея, таксама па праву стала лаўрэатам прэміі імя А.І. Дубко ў галіне культуры і мастацтва па выніках 2025 г. – чвэрць стагоддзя аддала працы ў гэтай установе. Яна з’яўляецца аўтарам і куратарам шматлікіх музейных праектаў. Распрацавала і рэалізавала музейна-асветніцкую праграму “Замак Гедыміна – сведка мінуўшчыны”, якая праводзіцца ў рамках культурна-турыстычнай праграмы “Замкавы гасцінец” і прыцягвае наведвальнікаў цэлымі сем’ямі. Бо ўражанняў і цікавай інфармацыі хапае і для дзяцей, і для дарослых.  Яшчэ адзін папулярны праект -- тэатралізаваная экскурсія “Вандроўка ў мінулае”, дзе наведвальнікі ўсіх узростаў могуць паспрабаваць сябе ў ролі сапраўдных жыхароў сярэднявечча. Не засталіся без увагі людзі з абмежаванымі магчымасцямі. Для іх распрацавала і рэалізавала інклюзіўны праект “Лідскі замак для ўсіх і кожнага”.  Ганна Тадэвушаўна актыўна займаецца навукова-даследчай працай, вынікі якой прэзентуюцца на семінарах, рэспубліканскіх і міжнародных навукова-практычных канферэнцыях. Аднак навуковая і адміністрацыйная праца не перашкаджае ёй таксама праводзіць экскурсіі для наведвальнікаў Лідскага замка. Гэта заўсёды цікава, эмацыянальна і з добрай доляй інтэлігентнага гумару. Гродзенская праўда