Настройкі
Настройкі шрыфту
Arial
Times New Roman
Памер шрыфту
A
A
A
Міжлітарная адлегласць
Стандартнае
Павялічанае
Вялікае
Колеравая схема
Чорным
па белым
Белым
па чорным
Лiдскi раённы выканаўчы камітэт
Галоўная / Навiны рэгiёна
10.12.2024

Напрыканцы мінулага тыдня падведзены вынікі першага абласнога конкурсу праектаў, які прадставілі члены Маладзёжнага парламента пры гарадскім, абласным і раённых Саветах дэпутатаў. Усяго на разгляд камісіі паступіла 20 ініцыятыў, з якіх вылучана трое пераможцаў

Як падкрэсліла падчас фестывалю старшыня Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Алена Пасюта, ніводзін праект не застанецца без увагі. Кожны з іх будзе рэалізаваны ў сваім населеным пункце з прыцягненнем мясцовых улад, устаноў і арганізацый. — «Будзем трымацца разам» — так называецца першы маладзёжны інтэрактыўны фестываль маладзёжных ініцыятыў. Яго ідэя ўзнікла яшчэ на першай сесіі Маладзёжнага парламента пры Гродзенскім абласным Савеце дэпутатаў, а тэмай, якая аб’яднала маладых парламентарыяў, стала 80-годдзе Вялікай Перамогі. Усе праекты маладзёжных ініцыятыў скіраваны на раскрыццё гэтай тэмы, — зазначыла Алена Пасюта. — Асноўная мэта фестывалю — падтрымка патрыятычнай актыўнасці моладзі, уцягванне маладых людзей у жыццё рэгіёна, пашырэнне магчымасці для самарэалізацыі. Члены маладзёжных парламентаў актыўна ўключыліся ў праектную дзейнасць і падрыхтавалі цікавыя і змястоўныя работы. Многія гатовы самі рэалізоўваць свае ініцыятывы, якія вельмі разнастайныя і крэатыўныя. У гэтым, дарэчы, можна было ўпэўніцца падчас прэзентацыі праектаў, якія нікога не пакінулі раўнадушнымі. Было відавочна, што тэма Вялікай Перамогі глыбока кранае маладое пакаленне беларусаў. Напрыклад, у сям’і гродзенскай школьніцы, члена Маладзёжнага парламента пры гарсавеце Аляксандры Сідарэнкавай вельмі ганарацца яе прадзедам Пятром Шукайлам, які дайшоў з баямі да Берліна. А сама дзяўчына вучыцца ў патрыятычным класе і цікавіцца ваеннай гісторыяй. Яе праект «Каляндар Перамогі» стаў найлепшым на фестывалі маладзёжных ініцыятыў. — Мы штогод кожны дзень з 1 студзеня да 31 снежня будзем выкладваць у сацыяльных сетках Маладзёжнага парламента цікавыя і малавядомыя гістарычныя факты аб ваенным перыядзе Гродзенскай вобласці. Таксама ў ТікТок штомесяц будуць выходзіць кароткія відэа аб вайне, каб паказаць наглядна, які жах напаткаў людзей, іх перажыванні. Лічу, што вучняў і моладзь зацікавіць і гісторыя іх вуліцы, і лёс людзей, розныя ўнікальныя факты, асабліва калі такую інфармацыю будуць прадстаўляць самі вучні. Мы хочам, каб было больш патрыётаў у нашай краіне, — расказала аб сваёй задумцы Аляксандра. Праект Ірыны Курдзюк, старшыні Маладзёжнага парламента пры Мастоўскім райсавеце дэпутатаў, таксама ў ліку пераможцаў фестывалю. Гэта патрыятычная гульня «Твой ход». Праект аб’ядноўвае гульню ў шашкі і віктарыну на інтэрактыўнай пляцоўцы памерам тры на тры метры. Дыяметр шашкі — 30 сантыметраў, вышыня — 10 сантыметраў. Пад шашкай знаходзіцца пытанне, якое задае той, хто робіць ход. У працэсе гульні можна даведацца больш фактаў аб Вялікай Айчыннай вайне. У тройку пераможцаў увайшла ініцыятыва слонімскіх маладых парламентарыяў. У іх ёсць ідэя ўвекавечыць імёны герояў-землякоў у назвах вуліц. Цяпер у горадзе 23 вуліцы і аб’екты названы імёнамі герояў і ўдзельнікаў вайны, з іх 13 — Героі Савецкага Саюза. Аднак не ўсе тыя, хто абараняў горад і раён, увекавечаны такім чынам. Да таго ж ёсць патрэба ў стварэнні і аднаўленні 25 мемарыяльных дошак, запуску афіцыйнага інтэрнэт-рэсурсу. Многія іншыя праекты таксама атрымалі высокую ацэнку членаў конкурснай камісіі. У гэтым шэрагу — «Сцяна памяці», якую прадставіў Бераставіцкі раён. Сабраную інфармацыю аб сваіх земляках, удзельніках вайны, тут мяркуюць аформіць у выглядзе сцяны ў музейным пакоі. Маладзёжны парламент пры Ваўкавыскім раённым Савеце дэпутатаў выйшаў з прапановай аднаўлення і рэканструкцыі помніка «Воін і партызанка», які знаходзіцца ў аграгарадку Падароск на брацкай магіле. Тут пахаваны астанкі 160 воінаў, якія загінулі на пачатку вайны і падчас вызвалення Ваўкавыскага раёна. Прапаноўваецца ўстаноўка новага гранітнага пакрыцця. Прадугледжваецца таксама і добраўпарадкаванне самой тэрыторыі. Маладыя парламентарыі Воранаўскага раёна гатовыя прыняць удзел у стварэнні на шматпавярховіку мурала, прысвечанага Дню Перамогі. Асноўны этап рэалізацыі запланаваны на сакавік будучага года з прыцягненнем прафесійнага мастака-манументаліста. Адкрыццё мурала будзе прымеркавана да Дня Перамогі. «Дарогу Памяці» прапаноўваюць увекавечыць памятным знакам члены Маладзёжнага парламента Зэльвенскага раёна. Напачатку вайны на беразе рэчкі Зальвянкі ішлі жорсткія баі, вялікая колькасць савецкіх часцей аказалася ў коле ворага, байцы гераічна змагаліся і разграмілі 117-ы нямецкі пяхотны полк. Аперацыя вядомая пад назвай «Зэльвенскі прарыў».  Каб захаваць памяць аб гэтых абаронцах, маладыя зэльвенцы прапануюць устанавіць памятны знак каля дарогі, а ў далейшым — і банер з указаннем часцей Савецкай Арміі, якія тут гераічна змагаліся. У Лідскім Маладзёжным парламенце выйшлі з міжнародным праектам, у рэалізацыі якога задзейнічаны лідчане і іх партнёры з Алтайскага краю Расіі. У планах — арганізаваць работу пляцоўкі па ўзаемадзеянні моладзі Саюзнай дзяржавы і стварэнне міжнароднага зборніка літаратурных твораў паводле ўспамінаў ветэранаў-землякоў, удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны. Дэпутаты Маладзёжнага парламента пры Свіслацкім райсавеце прапануюць стварыць на тэрыторыі кожнай установы адукацыі інтэрактыўную «Лаўку вечнай памяці» — усяго адзінаццаць на ўвесь раён. На пляцоўцы будзе ўстаноўлена чырвоная зорка, лаўка і камень з таблічкай і QR-кодам, па якім можна атрымаць інфармацыю аб земляках — удзельніках вайны і іх подзвігах... Як паведаміла Алена Пасюта, некалькі праектаў могуць быць прадстаўлены на абласны конкурс грамадзянскіх ініцыятыў. Яго новы этап пачнецца ў студзені будучага года. Праекты могуць трапіць у спіс пераможцаў і атрымаць пэўную суму сродкаў на іх рэалізацыю. "Звязда"