Галоўная /
Навiны рэгiёна
07.12.2022
Старшыня Бярозаўскага гарсавета Валерый Яводзік: «Мы за любы «кіпіш» на карысць горада»
Працягваючы праект «Рэгіянальная палітыка: быць з людзьмі і для
людзей», журналіст адправілася ў Бярозаўку, каб даведацца, як улада на
месцы падтрымлівае людскія прапановы і натхняе на рэалізацыю ініцыятыў.
Да таго ж убачыла ў горадзе некаторыя новаўвядзенні. Імі і пацікавілася ў
пачатку гутаркі са старшынёй Бярозаўскага гарадскога Савета дэпутатаў
Валерыем Яводзікам. Вось, напрыклад, каля аднаго з двухпавярховых дамоў па вуліцы Леніна
з’явілася пляцоўка, вымашчаная тратуарнай пліткай. Хто прыклаў да гэтага
рукі? Аказваецца, па дазвол зрабіць яе звярнуўся прыватны
прадпрымальнік Віталь Чылек. Некаторы час назад ён набыў кватэру на
першым паверсе дома, перавёў памяшканне ў разрад нежылога, каб адкрыць
магазін аўтазапчастак. Пляцоўка будзе служыць для разгрузкі тавару,
зручнасці паркоўкі машын пакупнікоў, і, безумоўна, разам з тым яна –
чарговы крок у напрамку добраўпарадкавання горада. Ініцыятыва прадпрымальніка была падтрымана мясцовай уладай. Да таго ж з
яе боку была аказана дапамога ва ўзгадненні праекта тэрыторыі з
адпаведнымі службамі. Вялося апытанне жыхароў навакольных дамоў: ці не
супраць яны такой пляцоўкі. І вось зараз каля дома добраўпарадкавана
плошча на 80 квадратных метраў. У дадатак вясной побач з пляцоўкай
будуць высаджаны дэкаратыўныя дрэвы. У такі калодзеж не плююць Ля шматкватэрнага жылога дома №37 па вуліцы Леніна позірк не абмінуў
утульны куток, дзе ўсталяваны імправізаваны калодзеж, лавачка,
разнастайныя малыя формы для кветак, шпакоўня і іншае. Стваральнік гэтай
прыгажосці – Анатоль Матылевіч, майстар на ўсе рукі. Доўгі час ён
працаваў на шклозаводзе «Нёман», а зараз шчыруе на ДП «Конус». – Ідэя прыйшла дзякуючы гартэнзіі, – расказвае Анатоль
Іосіфавіч. – Калі кветка разраслася, ёй патрэбна было надаць дагледжаны
выгляд. Так і з’явіўся першы імправізаваны кошычак. А затым да мяне
прыйшло натхненне. Прыемна, што людзям мая творчасць падабаецца.
Добраўпарадкаваным кутком любуюцца не толькі мясцовыя жыхары – іх госці
ці проста прахожыя таксама захапляюцца гэтай пляцоўкай і не прамінуць
сфатаграфавацца на яе фоне. І не выключана, што ў некага з’явілася думка
пра падобнае добраўпарадкаванне ў сваім двары, бо, як вядома, добры
прыклад заразлівы.
– Улада вітае такую ініцыятыву. Мы за любы, як кажа моладзь, «кіпіш»,
які ідзе на карысць гораду, – усміхаецца Валерый Яводзік. Валерый Анатольевіч у дадатак да тэмы добраўпарадкавання гарадской
тэрыторыі згадвае і жыхароў дома №26 по вуліцы Навагрудскай: Тамару
Аляксандраўну Карполь, Юлію Канстанцінаўну Уласевіч, Тамару Пятроўну
Шавялянчык, Сямёна Мікалаевіча Заека. Гэтыя грамадзяне сваімі сіламі, не
чакаючы пабочнай дапамогі, заўсёды імкнуліся прыбраць у двары,
пасадзіць кветкі, пачысціць ад снегу дарожкі, адрамантаваць
лаўку. Адгукаюцца на заклік мясцовай улады наводзіць прыгажосць на сваіх
падворках і многія жыхары прыватнага сектара. Дарэчы, ініцыятыва людзей зрабіць свой горад яшчэ больш утульным і
прыгожым заахвочваецца мясцовай уладай. На свяце горада, што праводзіцца
кожны год, жыхары, якія вызначыліся добрымі пачынамі, узнагароджваюцца.
Безумоўна, прысутным расказваецца, якія карысныя справы гэтыя
грамадзяне зрабілі. Даспадобы шкляны букет – Радуе, што аздабляць гарадскую тэрыторыю імкнуцца арганізацыі і прадпрыемствы, – кажа Валерый Анатольевіч. Так, напрыклад, шклозавод «Нёман» усталяваў ля ўвахода на прадпрыемства
шкляныя кветкі. «Зацвіў» шкляны букет і на клумбе непадалёку ад
фірменнага магазіна завода, а камунальшчыкі, у сваю чаргу, накіравалі на
яго ліхтары, каб зіхацеў фарбамі ў цёмны час сутак. У парку, што
знаходзіцца ля заводакіраўніцтва, на п’едэстал, які застаўся тут з
савецкіх часоў, прадпрыемства ўсталявала шкляны кветкавы фантан.
Элементы дэкору з’явіліся на агароджы прадпрыемства. Усё гэта
беразаўчане і госці горада нярэдка выкарыстоўваюць як фотазону. Тут гэта вуліца, а там гэты дом... Праваднікамі пытанняў беразаўчан з’яўляюцца дэпутаты. На сесіях, акрамя
разгляду планавых пытанняў, ідзе абмеркаванне праблем, якія маюцца ў
горадзе. Напрыклад, не толькі кіраўніцтва Бярозаўскага гарадскога Савета
пачало клапаціцца пра прывядзенне ў належны стан вуліцы Дзяржынскага – з
пытаннямі звярталіся таксама дэпутаты гарсавета і звычайныя грамадзяне.
І вось справа зрушылася з месца. У Лідскім райвыканкаме паабяцалі
выдзеліць сродкі для правядзення капітальнага рамонту вуліцы
Дзяржынскага, а значыць, няма сумнення ў тым, што беразаўчане ў хуткім
часе будуць ездзіць і хадзіць па абноўленай вуліцы. А яшчэ Валерый Анатольевіч згадвае, што ў свой час беразаўчан, асабліва
жыхароў трох інтэрнатаў, хвалявала асвятленне тэрыторыі ля гэтых
будынкаў. Дакладней, яго не было ўвогуле. Людзі ставілі пытанне перад
мясцовай уладай, а гарадскі Савет, у сваю чаргу, па падтрымку ў яго
вырашэнні звярнуўся ў Лідскі райвыканкам. Ажыццяўленне просьбы людзей
узяў на кантроль сам кіраўнік раёна Сяргей Ложэчнік. Адпаведнае
даручэнне было дадзена ГУП ЖКГ, выдзелены бюджэтныя сродкі. Аб’ект быў
пабудаваны і здадзены ў эксплуатацыю. Ці, напрыклад, жыхары дома №14 па вуліцы Гагарына пазалетась узнялі
пытанне пра неабходнасць правядзення ў іх доме капітальнага рамонту.
Мясцовая ўлада растлумачыла: трэба пачакаць, існуе чарга, аднак яна
падыдзе хутка, бо капітальны рамонт шматпавярховікаў у Бярозаўцы
рэалізуецца кожны год дакладна ў адпаведнасці з планам. І вось сёлета
дом №14 па вуліцы Гагарына атрымаў новы выгляд. Жыхары задаволены. Цесную сувязь падтрымлівае Валерый Яводзік і з упаўнаважанымі вуліц і
дамоў. Абавязкова раз у год яны запрашаюцца на сесію Бярозаўскага
гарадскога Савета дэпутатаў, дзе яго старшыня трымае справаздачу пра
тое, што зроблена ў горадзе за мінулы перыяд, а таксама вызначаюцца
планы на будучае. Прадстаўнікі дамоў і вуліц маюць магчымасць унесці
свае прапановы, агучыць праблемы, якія маюцца ў жыхароў. Хаця, па
праўдзе кажучы, упаўнаважаныя не чакаюць, калі надарыцца вось такая
магчымасць выказаць зварот прылюдна, – звяртаюцца да Валерыя Яводзіка
пры асабістай сустрэчы альбо па тэлефоне. Не абыходзіцца і без таго, што
самі ўпаўнаважаныя бяруцца рэалізоўваць свае задумкі на практыцы.
Летась па ініцыятыве ўпаўнаважанай дома №11 па вуліцы Маркевіча Жанны
Валеўскай быў добраўпарадкаваны пад’езд, наведзены парадак вакол
будынка. Валерый Яводзік заўважае, што яго радуе, калі людзі адгукаюцца на
справу, якую пачынае рэалізоўваць мясцовая ўлада. Зараз заканчваецца
разборка хлевушкоў, што знаходзіліся ля дома №15 па вуліцы Навагрудскай.
На вызваленай пляцоўцы беразаўчане, у адпаведнасці з чаргой, змогуць
узвесці гаражы. Разбіраць пабудовы актыўна дапамагалі мясцовыя жыхары,
уладальнікі гаражоў, якія ўжо маюцца непадалёку. Валерый Яводзік з удзячнасцю гаворыць і пра бярозаўскага
прадпрымальніка Ірыну Пышко, якая бязвыплатна дапамагла ў падрыхтоўцы
праекта забудовы будучых гаражоў. Ірына Станіславаўна таксама ўнесла
свой уклад у бягучы рамонт помніка загінулым у гады Вялікай Айчыннай
вайны, што знаходзіцца на вуліцы Левабярэжнай, – падрыхтавала
архітэктурны праект. Не адмовіла яна і ў стварэнні эскіза для рэалізацыі
чарговай задумкі мясцовай улады – абнаўлення ўчастка дарогі да школы №3
(размежавання ўезду машын і ўваходу пешаходаў).
– Мы дзейнічаем так, як патрабуе Закон «Аб мясцовым кіраванні і
самакіраванні ў Рэспубліцы Беларусь»: наладжваем узаемадзеянне з
насельніцтвам, з органамі самакіравання, – кажа старшыня Бярозаўскага
гарадскога Савета дэпутатаў. – Тады і атрымліваецца вынік, ад якога ўсе
маюць задавальненне, а аўтарытэт улады ўзрастае.
Лидская газета