Галоўная /
Навiны рэгiёна
14.09.2022
Табольская школа вокнамі ў сад: Вера Гулевіч нястомна запісвае ўспаміны аб мінулым вёскі
Жыхарка вёскі Табала Вера Гулевіч – старажыл з прыродным
розумам, яснай памяццю і добрым сэрцам. На працягу шэрагу гадоў Вера
Аляксандраўна нястомна запісвае ўспаміны аб мінулым вёскі і яе жыхароў. Аднойчы яны ўжо леглі ў аснову артыкула пра гісторыю абраза Маці Божай
Крывіцкай на старонках “Лідскай газеты”. Яшчэ адной яскравай старонкай
яе нататкаў з’яўляецца гісторыя навучання ў Табале. Муж Веры
Аляксандраўны настаўнічаў, ды і сама яна ўсё жыццё цягнулася да ведаў. А
звярнуцца менавіта да гэтай тэмы на старонках газеты натхнілі верасень,
пачатак навучальнага года і дата – 17 верасня. Запрашаем у гістарычны
экскурс… 20-30-я гады ХХ стагоддзя… Усе дзеці з вёсак Табалы і Восава вучыліся ў Табольскай школе. “Мой муж Станіслаў Гулевіч скончыў у ёй чатыры класы, а ў пяты пайшоў у
Няцецкую школу. Скончыўшы сямігодку, паступіў у Лідскую купецкую
гімназію. Экзамен здаў на выдатна і 1 верасня 1935 года стаў студэнтам, –
расказвае Вера Гулевіч. – Навучанне ў гімназіі было платнае. Інтэрнату
не было, сталовай таксама. На другі год вучобы адна гарадская сям’я
ўзяла яго на кватэру – дзеля таго, каб і іх сын вучыўся разам са
Станіславам. Жыллё і абед (суп і катлету) за гэта давалі дарма. На жаль,
іхні сын не здаў экзамен пры паступленні і ў кватэры Станіславу
адмовілі. Муж успамінаў пра сваё жыццё ў гады вучобы… Зімой ён хадзіў у гімназію ў
аўчынным кажусе (за няйменнем іншай верхняй вопраткі). Настаўнік
пакпіў: “Што, “раб”, з Сібіры прыехаў?” Хлопец засаромеўся. Пасля гэтага
прыехалі яго бацькі і пайшлі ў краму купляць паліто. Але каштавала яно
ажно 130 злотых. Студэнт быў вымушаны застацца ў старым кажусе”. 9 мая 1939 года заканчваецца вучоба. Пачынаюцца экзамены, а 21 чэрвеня з вынікам
“добра” ён атрымаў пасведчанне. І даў сабе слова: “Буду працаваць,
зараблю грошай і куплю паліто”. Але жыццё прадыктавала іначай. Станіслава забіраюць у войска, на курсы падрыхтоўкі афіцэраў. У г.
Быдгошч курсанты вучыліся ваеннай справе, будавалі ўмацаванні. А 1
верасня 1939 г. немцы напалі на Польшчу. Курсантаў распусцілі па хатах. Шлях дадому, у Беларусь, быў цяжкім. Ішлі начамі, закладвалі рукі
адзін аднаму на плячо і падтрымлівалі, каб не заснуць і не ўпасці. Днём
нямецкія самалёты лёталі нізка над дарогамі і стралялі з кулямётаў.
Хлопцы сядзелі ў лесе пад елкамі нерухома. У вёсках людзі давалі ім
есці. 15 верасня 1939 года яны дайшлі да Варшавы. Дзень быў сонечны, на
вуліцах ні душы, толькі глоснікі спявалі “Пад тваю абарону, Ойча, на
небе”. Вечарам з Варшавы адправіўся апошні цягнік на Баранавічы. Адтуль
ён ішоў у Ліду. Гэтым цягніком Станіслаў Гулевіч прыехаў на станцыю
Нёман (в. Сялец) і пяшком прыйшоў дамоў. Ён нават склаў радкі: “Тут мая
радзіма, тут і мой дом. Дзякую Пану Богу, што ў родную зямлю прывёў”. 17 верасня 1939 года Чырвоная Армія перайшла нямецка-польскую мяжу і з’яднала Усходнюю і Заходнюю Беларусь. Пачалося новае жыццё. Хутка ў Лідзе адкрыліся курсы настаўнікаў. Станіслаў Гулевіч скончыў
іх і ў 1941 годзе быў накіраваны настаўнікам пачатковых класаў у
Брэсцкую вобласць. Але 22 чэрвеня 1941 года зноў пачалася вайна:
фашысцкая Германія напала на Савецкі Саюз. А ў Табале тым часам падзеі развіваліся так: падчас ваеннай акупацыі і
адразу пасля яе школы не было. Яна працавала толькі ў Беліцы. Партызаны
казалі: “Советы придут и школу принесут”. 8 ліпеня 1944 года Чырвоная Армія прагнала фашыстаў з Ліды.
Праз Табалу ішоў конны абоз. Немцы ўцякалі ў бок станцыі Курган. Коні
падбітыя, кульгавыя… Як убачаць немцы на гаспадарцы каня, патрабуюць:
“Замяні”. Многія вяскоўцы хавалі коней у няцецкім лесе. Удалечыні ад
шашы Беліца – Жалудок яшчэ свісталі снарады. А потым стала зразумела:
немцаў прагналі канчаткова. Прыйшлі “другія Саветы”. Ваенкамат прызываў мужчын на вайну.
Станіславу Гулевічу далі “браню”, пакінулі ў Табале вучыць дзяцей. 4 верасня 1944 года Лідскі
раённы аддзел адукацыі назначыў мужа загадчыкам Табольскай школы і
адначасова настаўнікам. Вучыў у дзве змены па два класы. Усіх вучняў
было 120 чалавек. Два школьныя гады працаваў адзін. У 1946 годзе ў Табале было 80 двароў: 20 двароў на вуліцы і 60 на
хутарах. Насельніцтва – 367 чалавек, мужчын – 78 чалавек, жанчын – 116,
дзяцей – 87 хлопчыкаў і 86 дзяўчынак. У 1946 годзе ў Табольскай школе праводзіўся экзамен для вучняў 4 класа
(разам з вучнямі школы в. Яманты). Некаторыя вучні былі ва ўзросце 16
год. Мая сястра Шура (1931 года нараджэння) таксама вучылася. А мне тата
сказаў: “Ты са сваімі рукамі справішся і ў калгасе”. Так я і засталася
на ўсё жыццё калгасніцай. У 1947/1948 навучальным годзе ў Табольскую школу прыслалі
настаўнікаў Аляксандра Георгіевіча Каральчука і Аляксандра Іосіфавіча
Цыунеля. У 1948/1949 навучальным годзе з’явіліся настаўніцы Валянціна
Паўлаўна Карась, Лідзія Парфір’еўна Кучкоўская. Школа працавала ў прыватным доме Іосіфа Вяршылы (гэта мой хросны). І
толькі ў 1950 годзе Станіслаў Гулевіч збудаваў новую школу. Ездзіў па
вёсках, збіраў матэрыял, кулі саломы (ёю крылі дах). У 1950/1951 навучальным годзе Табольская школа ўжо сямігодка, яе дырэктар – Іван Іванавіч Вільбік. Станіслаў Гулевіч ў 1951 годзе ажаніўся. Нехта лжыва заявіў у раённы
аддзел адукацыі, што ён вянчаўся, і яго пераводзяць у Жалудоцкі раён
загадчыкам Парэчскай пачатковай школы. Там ён адпрацаваў дзевяць год.
Тым часам, у 1953 годзе, Табольская школа згарэла, і класы зноў сталі
вучыцца па хатах. У 1959 годзе калгасныя будаўнікі збудавалі ў Табале новую
школу. У суседняй вёсцы Крывічы яшчэ ад паншчыны застаўся будынак (у
народзе яго звалі панскі палац) – яго і перавезлі ў Табалу пад школу.
Яна атрымалася выдатная, светлая, усім на радасць і ўжо васьмігодка. У 1961 годзе Гулевіча пераводзяць у Табольскую школу
настаўнікам пачатковых класаў і працы. Дырэктар школы – Арон
Мендзялеевіч Клябанаў. Пасля яго дырэктар школы – Сцяпан Вікенцьевіч
Капцэвіч. Ён быў дырэктарам ад Бога. Станіслаў
Гулевіч разам з вучнямі пасадзілі за школай парк, кожны сваё дрэўца.
Пасля вучні шмат гадоў прыязджалі і адпачывалі ў яго цені. У 1970 годзе, 22 красавіка, у дзень нараджэння Леніна, настаўнікі з вучнямі пасадзілі каля школы 100 яблынь. Яны і сёння растуць, пладаносяць…
Лідская газета