Галоўная /
Навiны рэгiёна
03.02.2023
У Доме Таўлая адкрылася выстава, прысвечаная Канстанцыі Буйло
У мінулым 2022 годзе ў Доме Таўлая Лідскага гісторыка-мастацкага музея
дзейнічала выстава, прымеркаваная да 140-годдзя з дня нараджэння
народнага паэта Беларусі Янкі Купалы. А ў надышоўшым 2023 годзе Янка
Купала, вобразна кажучы, перадаў свае паўнамоцтвы паэтцы-юбіляршы гэтага
года – Канстанцыі Буйло, і ў Доме Таўлая днямі адкрылася выстава да
130-годдзя з дня яе нараджэння (а нарадзілася яна 14 студзеня 1893 года)
“Песня даўжынёю ў жыццё”. Дарэчы, Янка Купала меў дачыненне да першай
кнігі вершаў паэткі (пра гэта будзе сказана ніжэй). Вядома, што жонка
Купалы Уладзіслава Луцэвіч сябравала з Канстанцыяй Буйло, па-сяброўску
называла яе “мая Костачка”. – За сваё доўгае жыццё Канстанцыя Антонаўна выдала шмат зборнікаў паэзіі, – расказвае куратар выставы, навуковы супрацоўнік Лідскага гісторыка-мастацкага музея Алесь Хітрун. – Першая
яе кніга вершаў называецца “Курганная кветка” (выдадзена ў 1914 годзе ў
Вільні). Факсімільнае выданне гэтай кнігі можна ўбачыць на выставе. Яго
перадаў у Дом Валянціна Таўлая лідскі паэт Міхась Мельнік. Рэдактарам і
ўкладальнікам кнігі “Курганная кветка” з’яўляўся Янка Купала,
мастаком-афармляльнікам – Язэп Драздовіч (дарэчы, яго пэндзлю належаць і
выявы Лідскага замка). На вокладцы кнігі выява сфінкса – вобразнае
ўвасабленне загадкавасці яе аўтара (пра загадкі ў біяграфіі Канстанцыі
Буйло я скажу асобна). На многія вершы паэткі напісаны песні. Але, бадай, самая вядомая з
гэтых песень – на верш “Люблю” (“Люблю наш край, старонку гэту…”),
напісаны дзесьці ў пачатку 1920-х гадоў. Музыку да яе склаў кампазітар
Мікола Равінскі. Песня стала народнай, увайшла ў рэпертуар многіх
прафесійных і самадзейных творчых калектываў. Замілавана, па-жаночаму
пранікнёна выконвае яе Алеся з ансамбля “Сябры”, дачка кіраўніка
ансамбля Анатоля Ярмоленкі. Відэакліп на песню “Люблю” ў выкананні Алесі
быў паказаны першым наведвальнікам выставы. Праспявалі гэтую песню
хорам дзеці вайны, якія па нядзелях наведваюць Дом Валянціна Таўлая.
Мелодыю песні найграў на баяне Алесь Хітрун. У 1923 годзе Канстанцыя Буйло пераехала ў Маскву да свайго першага
мужа. У Маскве, у Ціхвінскім завулку, яна пражыла да самай смерці (а
памерла паэтка 4 чэрвеня 1986 года, на 94-м годзе жыцця). У 1989 годзе
урну з яе прахам перавезлі з Масквы ў мястэчка Вішнева Валожынскага
раёна. Максім Гарэцкі называў Канстанцыю Буйло “найвыдатнейшай пасля
Цёткі жаноцкай сілай у нашай паэзіі”. Яна з’яўлялася заслужаным дзеячам
культуры БССР, была ўзнагароджана ордэнам “Знак Пашаны” і медалямі. Імем
Канстанцыі Буйло названы вуліца ў Мінску, сярэдняя школа ў Вішневе. – Мае паэтка дачыненне і да Лідчыны , – адзначае Алесь Часлававіч . – Ёсць
звесткі, што ў 1914 годзе (якраз у год выдання свайго першага зборніка)
яна пачала настаўнічаць у школе ў вёсцы Чаўшклі Лідскага павета. Аднак
гэты факт у яе біяграфіі па сённяшні дзень выклікае спрэчкі. На Лідчыне,
у Ваверскім сельсавеце, ёсць вёска Чашэйкі, а вёска з назвай Чаўшклі
ёсць на Іўеўшчыне. І такіх заблытаных фактаў у біяграфіі Канстанцыі
Буйло нямала, у тым ліку яны датычацца года яе нараджэння, яе першых
вершаў. Вядома, што Канстанцыя Антонаўна знішчала свае архівы, каб
даследчыкі не разгадалі асобныя моманты з яе біяграфіі. Загадак у яе
жыцці застаецца шмат, але, спадзяюся, прыйдзе час іх разгадаць, у тым
ліку і мне як навуковаму супрацоўніку.
На выставе “Песня даўжынёю ў жыццё”, акрамя ўжо згаданага факсімільнага
выдання першай кнігі Канстанцыі Буйло, прадстаўлены фотаматэрыялы,
гісторыя напісання самай вядомай песні на словы паэткі, дваццаць цікавых
фактаў з жыцця гераіні выставы, яе першыя вершы, вокладкі яе кніг і
інш. Многае з прадстаўленага з’яўляецца копіямі матэрыялаў з Дзяржаўных
музеяў гісторыі беларускай літаратуры і імя Янкі Купалы. У пачатку
экспазіцыі змешчана пейзажная карціна лідскага мастака Мікалая
Лазоўскага, якая можа служыць яркай ілюстрацыяй да песні “Люблю” – той
самай песні даўжынёю ў жыццё паэткі.
Лідская газета