Галоўная /
Навiны рэгiёна
25.11.2024
У Лідзе плануюць выдаць кнігу – падарунак для першакласнікаў
Ідэя нарадзілася падчас сустрэчы
старшыні райвыканкама Аляксандра Вярсоцкага з моладдзю, актывам
Маладзёжнага парламенту пры Лідскім раённым Савеце дэпутатаў і Савета
рабочай моладзі. І з’явілася не на пустым месцы. Кожнаму першакласніку
ва ўрачыстай абстаноўцы 1 верасня дораць падарунак ад Прэзідэнта краіны –
кнігу “Беларусь – наша Радзіма”. У ёй распавядаецца пра тое, чым
ганарыцца наша краіна. Чаму б нам не выдаць кнігу для дзяцей, якая б
расказвала пра дасягненні малой Радзімы, Лідчыны?! Тым больш, ганарыцца
нам таксама ёсць чым. Гэта і наша багатая 700-гадовая гісторыя (дарэчы,
пра яе цудоўна расказваецца ў кніжцы “Кароткая гісторыя Ліды, расказаная
і намалёваная” В. Сліўкіна і У. Мурахвера), і славутыя, прыгожыя
мясціны і аб’екты гісторыка-культурнай спадчыны на чале з Лідскім
замкам, і дасягенні сучаснасці – усё, што выпускаецца пад знакам
“лідскае”: вялізныя камбайны і функцыянальныя плугі, сучасныя аўтобусы,
найпрыгажэйшыя шкляныя вырабы, смачнае малако, мука, каўбасы, хлеб і
многае іншае.
Ад слоў да справы. Якой будзе кніга?
Абмеркаванню канцэпцыі была прысвечана першая сумесная нарада пад
кіраўніцтвам старшыні Лідскага раённага Савета дэпутатаў Інэсы Белуш. Кнігу плануецца выдаць да 1 верасня 2025 года і прымеркаваць да Дня беларускага пісьменства, які будзе адзначацца ў Лідзе.