Галоўная /
Навiны рэгiёна
19.06.2024
З якімі набыткамі паедзе гродзенская дэлегацыя на ХІ Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі?
Напярэдадні буйнога мерапрыемства на пытанні адказаў старшыня Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Уладзімір Каранік.
Сёлета гасцей сустрэне Віцебск. Год таму падобнае мерапрыемства
адбылося ў сталіцы Башкартастана Расійскай Федэрацыі — Уфе. Кожны форум
мае сваю назву. Тэма сёлетняга — «Роля міжрэгіянальнага супрацоўніцтва ў
пабудове інавацыйнай эканомікі Саюзнай дзяржавы». Арганізатарамі
выступаюць Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі і Савет
Федэрацыі Федэральнага сходу Расіі. За час правядзення форум набыў
статус дыялогавай пляцоўкі прадстаўнікоў улады і бізнес-супольнасці
абедзвюх краін. Вынікамі сталі кантракты і міжрэгіянальныя пагадненні,
якія садзейнічаюць умацаванню эканамічных сувязяў у працэсе інтэграцыі і
саюзнага будаўніцтва.
ХІ форум прадугледжвае не толькі сустрэчы дзелавых колаў, але і
маштабныя выставачныя мерапрыемствы на адкрытай пляцоўцы Летняга
амфітэатра агульнай плошчай больш чым пяць тысяч квадратных метраў.
Форум пройдзе з 27 да 30 чэрвеня.
Напярэдадні буйнога мерапрыемства на пытанні карэспандэнта « Звязды » адказаў старшыня Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Уладзімір Каранік.
— Уладзімір Сцяпанавіч, як наогул ідзе супрацоўніцтва паміж
Гродзенскай вобласцю і расійскімі рэгіёнамі? Якая дынаміка ў пашырэнні
такіх сувязяў?
— Мы жывём у эпоху глабальных выклікаў, таму каштоўнасць
беларуска-расійскага адзінства і стратэгічнага партнёрства мае важнае
значэнне. І хаця заходняя Гродзенская вобласць не мае граніц з Расійскай
Федэрацыяй, мы цесна і ўзаемавыгадна супрацоўнічаем з Расіяй.
За апошнія гады наладжаны моцныя партнёрскія гандлёва-эканамічныя
сувязі з суб’ектамі Расійскай Федэрацыі, перш за — міжрэгіянальныя.
Паміж Гродзенскай вобласцю і расійскімі рэгіёнамі падпісана і дзейнічае
29 пагадненняў у гандлёва-эканамічнай, навукова-тэхнічнай, экалагічнай,
сацыяльна-гуманітарнай і культурнай сферах. Яшчэ 50 афіцыйных дагавораў
дзейнічае паміж райвыканкамамі і муніцыпалітэтамі нашых дзяржаў.
Радуе, што сумесны абмен візітамі паміж Гродзенскай вобласцю і
рэгіёнамі Расійскай Федэрацыі стаў добрай традыцыяй. Так, ужо сёлета
праведзены шэраг сустрэч і перагавораў з расійскімі рэгіёнамі на
пляцоўцы ВДНГ у Маскве. У рамках праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва
адбыўся ўзаемны абмен візітамі дэлегацый Гродзенскай і Калінінградскай
абласцей. У маі з рабочым візітам наш рэгіён наведаў губернатар
Алтайскага краю Віктар Таменка. Дэлегацыя Гродзенскай вобласці прыняла
ўдзел у Пецярбургскім міжнародным эканамічным форуме, дзе адбыліся
сустрэчы з кіраўніцтвам Рэспублікі Саха (Якуція), Рэспублікі Тыва і
Краснадарскага краю.
— Як спрацаваў рэгіён за апошні год у гандлёва-эканамічным плане з
расійскімі рэгіёнамі? Ці ёсць дынаміка ў параўнанні з папярэднімі
гадамі?
— Расія была і застаецца ключавым гандлёвым партнёрам Гродзенскай
вобласці і займае першае месца па аб’ёме тавараабароту. На расійскім
рынку рэалізоўваецца каля 60 працэнтаў прадукцыі рэгіёна. Толькі за
чатыры месяцы гэтага года аб’ём знешняга гандлю з Расійскай Федэрацыяй
склаў больш за 800 мільёнаў долараў ЗША, з іх большую частку складае
выручка ад экспартных аперацый, якія ажыццяўляюцца з 75 рэгіёнамі Расіі.
Наша прадукцыя найбольш запатрабавана на рынках Масквы,
Санкт-Пецярбурга, Маскоўскай, Смаленскай, Бранскай, Растоўскай абласцей.
На тэрыторыі Гродзенскай вобласці дзейнічае каля 200 арганізацый з
удзелам расійскага капіталу, з іх 9 — гэта рэзідэнты СЭЗ «Гроднаінвест».
У якасці найбольш паспяховага праекта саюзнай кааперацыі на тэрыторыі
рэгіёна адзначу, вядома, узвядзенне Беларускай атамнай станцыі ў
Астраўцы. Гэта самы маштабны і высокатэхналагічны саюзны праект, які
аб’яднаў навуковыя і інжынерныя школы, дзясяткі прадпрыемстваў і тысячы
спецыялістаў абедзвюх краін. Ва ўмовах санкцый развіццё атамнай
энергетыкі бачыцца асабліва актуальным, таму невыпадкова на парадку дня
стаіць пытанне аб будаўніцтве другой атамнай станцыі альбо трэцяга
энергаблока на дзеючай.
— Наколькі прадукцыйнай была работа на папярэднім форуме ва Уфе? Ці
можна гаварыць аб новых партнёрах Гродзеншчыны па яго выніках?
— Як і чакалася, мінулы Х форум памножыў вынікі супрацоўніцтва
Гродзенскага рэгіёна і дазволіў яшчэ больш пашырыць узаемавыгаднае
партнёрства паміж нашымі краінамі, у тым ліку на міжрэгіянальным
узроўні. Мы адчулі вельмі спрыяльную атмасферу башкірскай зямлі,
гасціннасць нашых сяброў-партнёраў. Быў падпісаны шэраг пагадненняў,
якія маюць добрыя перспектывы. У прыватнасці, паміж Гродзенскай вобласцю
і Рэспублікай Башкартастан Расійскай Федэрацыі падпісаны План
мерапрыемстваў па рэалізацыі Пагаднення аб здзяйсненні міжнародных і
знешнеэканамічных сувязяў у гандлёва-эканамічнай, навукова-тэхнічнай,
сацыяльнай і культурнай абласцях на 2024–2027 гады.
Дзякуючы сістэмнай рабоце, часткай якой сталі дадзеныя форумы,
Беларусь і Расія выйшлі на больш устойлівую станоўчую дынаміку
ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва, што садзейнічае абароне нашых
нацыянальных інтарэсаў.
— Перад Віцебскам беларускі бок прымаў форум у Гродне. Што адметнага
тады адбылося? Наколькі важнае знаёмства расіян з рознымі рэгіёнамі на
месцы?
— Так, Гродна прымаў ІХ Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі ў 2022 годзе.
Мерапрыемства прайшло пад знакам пашырэння міжрэгіянальнага
супрацоўніцтва, паглыблення інтэграцыйных працэсаў Саюзнай дзяржавы.
Гродзенская вобласць здаўна мае рэпутацыю эфектыўнай пляцоўкі для
ўстанаўлення і развіцця ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва. ІХ форум у
Гродне — таму яскравы прыклад. У ім прынялі ўдзел усе рэгіёны Беларусі і
42 рэгіёны Расіі.
Важна адзначыць, што дзелавыя перагаворы праходзілі ў канструктыўнай і
разам з тым сяброўскай атмасферы. Іх вынікам стала падпісанне шэрагу
міжурадавых і міжрэгіянальных адносін, планаў і праектаў. У агульнай
колькасці на форуме было заключана кантрактаў на 2,5 мільярда беларускіх
рублёў. Гэта свайго роду фінансавы рэкорд ва ўмовах беспрэцэдэнтнага
санкцыйнага ціску.
— Ці можна гаварыць аб папярэдніх дамовах, якія атрымаюць сваё
замацаванне падчас работы ХІ форуму? Якія галіны эканомікі важна ахапіць
больш шырока з расійскімі партнёрамі менавіта ў інавацыйным кірунку?
— Мы бачым сваёй задачай зрабіць так, каб развіццё пабрацімскіх
адносін стала эфектыўным механізмам павелічэння тавараабароту паміж
нашымі краінамі, стымулам для навуковага і культурнага ўзаемадзеяння.
Важна, каб гэта дапамагала грамадзянам нашых краін усталяваць добрыя
кантакты. Што датычыць эканомікі, у рэгіёне ёсць цэлыя галіны, якія
гістарычна завязаны на экспарце ў Расію, — гэта харчовая і хімічная
прамысловасць, машынабудаванне. Значную частку нашага экспартнага
патэнцыялу складаюць менавіта прадукты харчавання. Іх высокая якасць і
натуральнасць дазваляе дастойна канкурыраваць з сусветнымі аналагамі.
Таксама на расійскім рынку карыстаецца попытам гродзенская мэбля,
будматэрыялы, азотныя ўгнаенні, поліэфіры, сельскагаспадарчая тэхніка.
Гэта тыя сферы, дзе будуць развівацца інавацыі, у тым ліку ва ўмовах
Саюзнай дзяржавы.
І на найбліжэйшы форум ёсць пэўныя дамовы. Так, у яго рамках плануецца
падпісанне міжрэгіянальных дакументаў з Пензенскай, Пскоўскай,
Уладзімірскай абласцямі, Рэспублікамі Карэлія, Тыва, Комі. У графіку
двухбаковых сустрэч маюць адбыцца перагаворы з губернатарамі
Краснадарскага краю і Растоўскай вобласці.
— Ці ёсць намер у гродзенцаў прадставіць на форуме дасягненні
рэгіёна ў выставачных варыянтах, напрыклад, культурны, турыстычны
патэнцыял?
— У рэгіёна багатая культурная спадчына і высокі турыстычны патэнцыял.
На Форуме прадставім усё самае адметнае. У першую чаргу гэта нашы
старадаўнія рамёствы, якія існавалі і існуюць на тэрыторыі Прынёмання.
Прадставім таксама элементы нематэрыяльнай культурнай спадчыны і вырабы
народнай творчасці. Нашы знакамітыя майстры правядуць майстар-класы па
традыцыйных відах рамёстваў. Тут можна згадаць і практыку
саломапляцення, і беларускае мастацтва выцінанкі, і розныя віды ткацтва.
Напрыклад, сваю творчасць прадставіць вядомы майстар габеленаў Алена
Шунейка. Пакажам і тэхнікі роспісу велікодных яек, якія існуюць толькі ў
нашым рэгіёне. Пазнаёмім з багатым турыстычным патэнцыялам — цікавымі
маршрутамі і славутасцямі Гродзеншчыны. У гэтай галіне нямала новых
кірункаў, якія павінны зацікавіць як беларусаў, так і нашых расійскіх
гасцей.
Сустракаць гасцей і ўдзельнікаў форуму будуць найлепшыя аматарскія калектывы мастацкай творчасці рэгіёна.
— Кожны форум мае сваю адметнасць. Гэтым разам важнае месца будзе
адведзена праекту «Цягнік Памяці». Як у ім будзе прадстаўлены Гродзенскі
рэгіён?
— Праект «Цягнік Памяці» ўнікальны. Гэта яшчэ адно звяно, якое звязвае
Беларусь і Расію, розныя рэгіёны дзвюх краін. Сімвалічна, што дадзены
праект стартуе напярэдадні форуму і яго маршрут пройдзе і па Віцебшчыне —
месцы правядзення Форуму рэгіёнаў. Адметна, што, акрамя школьнікаў
Беларусі і Расіі, у праекце прымуць удзел іх аднагодкі з іншых краін —
Казахстана, Арменіі, Азербайджана, Таджыкістана, Узбекістана. Ад
Беларусі дэлегаваны 55 чалавек, з іх восем — прадстаўнікі Гродзенскай
вобласці. Яны заваявалі пуцёўку на дадзены праект па выніках
рэспубліканскага конкурсу «Я — патрыёт сваёй краіны». Упэўнены, што
ўдзельнікі праекта «Цягнік Памяці» атрымаюць шмат ведаў, прыемных
эмоцый, даведаюцца аб гераічным мінулым сваіх прадзедаў, якія перамаглі
фашызм, убачаць сучаснае жыццё беларускіх і расійскіх гарадоў. Думаю,
што карыснымі для школьнікаў стануць і сустрэчы з прадстаўнікамі Форуму
рэгіёнаў Беларусі і Расіі ў Віцебску.
— Дзякуй за гутарку.