Галоўная /
Навiны рэспублiкi
06.06.2025
Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ № 227 «Аб павышэнні эфектыўнасці кантрольнай (нагляднай) дзейнасці»
Неабходныя новаўвядзенні ў гэтай сферы неаднаразова разглядаліся на
ўзроўні кіраўніка дзяржавы. У сакавіку Аляксандру Лукашэнку прадставілі
праект адпаведнага ўказа, дапрацаваны з улікам заўваг і прапаноў,
выказаных на нарадзе ў маі мінулага года. Аднак Прэзідэнт адправіў
дакумент на дапрацоўку. Адно з галоўных яго патрабаванняў датычылася
зручнасці выкарыстання норм дакумента, змянення стылю і метадаў работы
кантралюючых органаў з акцэнтам на павышэнне эфектыўнасці работы.
Зацікаўленым дзяржорганам ставілася задача знайсці кампраміс,
перагледзець падыходы і выдаць дакумент належнай якасці. Да гэтага
пытання кіраўнік дзяржавы вяртаўся і на мінулым тыдні, падчас нарады з
кіраўніцтвам Савета Міністраў.
Павышэнне адказнасці і ўзмацненне прафілактыкі
Такім чынам, дакументам карэкціруецца парадак ажыццяўлення кантрольнай
(нагляднай) дзейнасці (дагэтуль яе рэгуляваў Указ ад 16 кастрычніка
2009 года № 510, што цяпер страціў сілу).
У новым указе прапісаны нормы, накіраваныя на зніжэнне ўзроўню
бюракратызму, павышэнне лічбавізацыі працэсаў. Скасоўваецца абавязак
суб’ектаў гаспадарання весці кнігу кантрольных (наглядных)
мерапрыемстваў і журнал правядзення работ (такія звесткі ўжо ўносяцца ў
інтэграваную аўтаматызаваную сістэму кантрольнай (нагляднай) дзейнасці).
Скасавана таксама вядзенне і выкарыстанне адзінай інфармацыйнай базы
даных кантралюючых (наглядных) органаў.
Указам зацверджана Палажэнне аб парадку правядзення мерапрыемстваў
тэхнічнага (тэхналагічнага, паверачнага) характару, якое ўстанаўлівае
тэрміны, правы, абавязкі суб’ектаў і службовых асоб кантралюючых
(наглядных) органаў.
Замацаваны нормы, якія датычацца мер адказнасці такіх органаў за
парушэнне парадку правядзення праверак, маніторынгу, мерапрыемстваў
тэхнічнага характару. Узмоцнена прафілактычная роля маніторынгу за кошт
змянення падыходу да прымянення мер адказнасці (будуць прымяняцца толькі
пры няўхіленні добраахвотна парушэнняў ва ўстаноўлены тэрмін пры кожным
факце іх выяўлення).
Уведзены абавязак для правяраючых вызначаць тэрмін для ўхілення
выяўленых парушэнняў зыходзячы з іх спецыфікі. Будзе ўлічвацца пры гэтым
аб’ектыўная магчымасць ухілення парушэння ва ўстаноўлены тэрмін.
Акрамя таго, прыведзена ў адпаведнасць з іншым заканадаўствам
тэрміналогія, якая ўжываецца ў заканадаўстве аб кантрольнай (нагляднай)
дзейнасці.
Без бяздумных, неабгрунтаваных, непатрэбных праверак
Як адзначыў генеральны пракурор Андрэй Швед, указ накіраваны на тое, каб спрасціць работу як кантралёраў, так і суб’ектаў, якія правяраюцца.
«Але самае галоўнае, аб чым неаднаразова гаварыў кіраўнік дзяржавы, —
не павінна быць бяздумных, неабгрунтаваных, непатрэбных праверак, —
акцэнтаваў увагу кіраўнік нагляднага ведамства. — Неабходна зняць
непатрэбны націск на эканоміку, на суб’ектаў гаспадарання, на
прадпрымальнікаў з тым, каб, як людзі гавораць, іх ніхто не кашмарыў і
не перашкаджаў працаваць. Гэта самае галоўнае».
Пры распрацоўцы дакумента была прааналізавана практыка, абагульнены
скаргі, заявы прадпрымальнікаў, суб’ектаў гаспадарання,
бізнес-супольнасці — па гэтых пытаннях, адпаведна, былі ўлічаны
пажаданні.
«Фактычна з сённяшняга дня як кантралёры, так і правяраемыя
знаходзяцца ў аднолькавым прававым статусе і надзяляюцца аднолькавымі
правамі і абавязкамі», — падкрэсліў генпракурор. Ён растлумачыў, што
любая праверка можа пачынацца толькі з наяўнасці адпаведнага дакумента, у
якім дакладна ўказаны час, мэта правядзення праверкі і хто гэта робіць.
Любая праверка павінна заканчвацца выніковым дакументам.
Адказнасць за парушэнне палажэнняў указа ў роўнай ступені будуць несці
як правяраемы, так і правяраючы. «Гэта значыць, калі правяраючы
выходзіць, напрыклад, за прадмет праверкі, за мэту праверкі, ён нясе за
гэта адказнасць, — патлумачыў Андрэй Швед. — З іншага боку, суб’ект
гаспадарання мае права яму адмовіць прадаставіць інфармацыю, дакументы,
сказаць, што да праверкі гэта не мае ніякага дачынення, і ён мае рацыю».
Далей выніковы дакумент можа, а ў некаторых выпадках павінен быць
вывучаны суб’ектам гаспадарання, які правяраецца. У яго ёсць шырокія
правы на абскарджанне ў выпадку нязгоды з высновамі рэвізораў,
выказванне сваіх прапаноў і г. д.
Забаронена перашкаджаць паўсядзённай дзейнасці добрасумленнага суб’екта гаспадарання
Андрэй Швед заўважыў, што шмат скаргаў было наконт так званых
маніторынгаў, і яны ўлічаны. Асобным палажэннем, якое зацверджана
ўказам, маніторынг прапісаны вельмі дакладна, зразумела, як і сама
праверка. Гэта значыць, любыя праверачныя мерапрыемствы сталі
празрыстымі, выразнымі і зразумелымі, падкрэсліў ён. Кіраўнік нагляднага органа звярнуў увагу, што таксама, як і праверка,
маніторынг можа пачынацца толькі пры наяўнасці пэўнага дакумента, з
указаннем, хто маніторыць, па якім пытанні праходзіць маніторынг, і,
адпаведна, павінен быць выніковы дакумент. Пры гэтым для таго, каб
стварыць больш спрыяльныя ўмовы для эканомікі, суб’ектаў гаспадарання,
па выніках маніторынгу прадугледжана вызваленне ад адказнасці, калі
выяўленыя парушэнні ў ходзе маніторынгу аператыўна ўхіляюцца.
Ва ўказе ёсць шэраг іншых навацый, накіраваных на тое, каб без
наяўнасці дакладнай інфармацыі, без неабходнасці прыняцця мер па
ўхіленні нейкіх парушэнняў у дзейнасць суб’екта гаспадарання ніхто
проста так не ўмешваўся.
Напрыклад, дакладна рэгламентавана забарона для правяраючых
перашкаджаць паўсядзённай дзейнасці добрасумленнага суб’екта
гаспадарання. «Калі суб’ект добрасумленна працуе, ён павінен працаваць.
Людзі павінны атрымліваць зарплату. Эканоміка павінна развівацца», —
падкрэсліў генеральны пракурор.
Ëн акцэнтаваў увагу на тым, што ўсе новаўвядзенні, якія прадугледжаны
ўказам у мэтах выканання даручэння Прэзідэнта, накіраваны на выключэнне
непатрэбных праверак. «З аднаго боку, не павінна быць непатрэбнага,
залішняга ціску на эканоміку, бізнэс, — канстатаваў ён. — З іншага боку,
працэдура фіксацыі і рэагавання на выяўленыя парушэнні прапісана вельмі
зразумела і дакладна».
Вольніцы не будзе
Генпракурор дадаў, што прыняцце гэтага ўказа ні ў якім разе не мяняе
палітыку работы кантралюючых (наглядных) органаў. Дзяржава абавязана
выяўляць любыя парушэнні і рэагаваць на іх. «Гэта не азначае, што
павінна быць нейкая вольніца — яе не будзе, — сказаў Андрэй Швед. —
Вядома, мы разумеем, што праверачных мерапрыемстваў — кантрольных,
наглядных — будзе менш. Але яны будуць больш эфектыўныя — на гэта
накіраваны ўказ».
Суб’ект, які правяраецца, павінен разумець, што ў выпадку парушэнняў
ён будзе несці адказнасць у строгай адпаведнасці з законам, заўважыў
генпракурор. Генпракурор дадаў, што тут патуранняў таксама быць не можа.
Разам з тым ён дадаў, што ўстанаўліваюцца больш дакладныя, празрыстыя,
зразумелыя правілы, прыбіраецца лішняе, напрыклад, кніга ўліку праверак.
У сувязі з гэтым кіраўнік нагляднага органа адзначыў, што тая ж кніга
ўліку праверак для прадпрымальнікаў, суб’ектаў гаспадарання была
галаўным болем. Яе трэба было заводзіць, рэгістраваць у пэўных органах.
Цяпер гэтага не спатрэбіцца. Лічбавізацыя і іншыя сучасныя працэсы
дазволілі ў плане ўліку кантрольных і наглядных мерапрыемстваў увесці
адзіную аўтаматызаваную сістэму, якая абслугоўваецца адпаведным органам.
У той жа час самі суб’екты гаспадарання маюць права самастойна весці
ўлік таго, хто і калі прыходзіць, весці ўлік маніторынгаў і іншых
мерапрыемстваў пры наяўнасці законных падстаў іх правядзення.
У аснове — прафілактыка
Адносна прафілактыкі правапарушэнняў генпракурор звярнуў увагу, што
Прэзідэнт асобна ўдзяліў увагу гэтаму пытанню. Акрамя таго, што
неабходна спрасціць парадак, аблегчыць ціск з боку кантралюючых органаў,
чырвонай ніткай праходзіць думка аб найважнейшай ролі прафілактыкі.
«Мы ўсе — кантралюючыя (наглядныя) органы — разумеем, што павінны
дапамагаць нашым прадпрыемствам не дапускаць парушэнняў заканадаўства,
недзе ім падказваць, — канстатаваў Андрэй Швед. — Гэта значыць
вырашаецца агульная задача — павышэнне эфектыўнасці эканомікі любымі
формамі і сродкамі. Але пры гэтым ніякага паслаблення не будзе тым, хто
парушае закон».
«Гэта збалансаваны дакумент»
Як звярнуў увагу старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Васіль Герасімаў ,
апошнія змены ў заканадаўства аб кантрольнай дзейнасці ўносіліся 8
гадоў таму. Па яго словах, практыка паказала пэўныя шурпатасці, якія
трэба было ўхіліць.
«З 2020 года колькасць кантрольных мерапрыемстваў зменшылася ў два
разы, — праінфармаваў Васіль Герасімаў. — Акцэнт зрушаны ў бок
прафілактыкі. Але пры гэтым ёсць жорсткае патрабаванне кіраўніка
дзяржавы: усё, што датычыцца жыцця і здароўя грамадзян, падаткаў і іншых
сур’ёзных парушэнняў, — адказнасць павінна быць тая, якая прадугледжана
законам».
Па яго словах, маніторынгі дэталёва ўрэгуляваны новым указам. «Для
таго, каб маніторынгамі не падмянялі праверкі, — адзначыў старшыня КДК. —
Што датычыцца мерапрыемстваў тэхнічнага характару, то калі раней
правілы ўстанаўліваў кожны орган, то цяпер такога не будзе. Будуць
адзіныя правілы. Пры гэтым мы павінны разумець, што маніторынгі і
мерапрыемствы тэхнічнага характару (а гэта праверкі ліфтаў,
абсталяванні, машын) займаюць 96% усіх кантрольных мерапрыемстваў. Гэта
значыць, гэты пласт зараз будзе ўрэгуляваны».
Кіраўнік Камітэта дзяржкантролю дадаў, што тэрміны для ўхілення
парушэнняў павінны быць адэкватныя. «На жаль, былі выпадкі, калі давалі
на ўхіленне парушэнняў, дзе аб’ектыўна патрабуецца некалькі тыдняў, да
прыкладу, два дні, — прывёў ён прыклад. — Ёсць шмат іншых тэхнічных
правак, якія ўнесены ўказам у кантрольную дзейнасць».
Васіль Герасімаў падкрэсліў, што гэта збалансаваны дакумент. «Ён
рыхтаваўся не толькі кантралюючымі (нагляднымі) органамі, але ў тым ліку
ўлічвалася меркаванне суб’ектаў гаспадарання, — канстатаваў кіраўнік
КДК. — Таму тое, што змяняецца ў плане маніторынгаў, мерапрыемстваў
тэхнічнага характару, для суб’ектаў, вядома, лепш з пункту гледжання
абароны іх інтарэсаў. Але ёсць рэчы, якія ўзмацняюць патрабаванні па
патрабаванні. Раней быў мараторый. Цяпер, напрыклад, што да
цэнаўтварэння, калі мы бачым, што суб’ект сістэматычна парушае, то такія
праверкі будуць магчымыя. Таму ў гэтым выпадку ўлічаны інтарэсы ўсіх».
"Звязда"