Настройкі
Настройкі шрыфту
Arial
Times New Roman
Памер шрыфту
A
A
A
Міжлітарная адлегласць
Стандартнае
Павялічанае
Вялікае
Колеравая схема
Чорным
па белым
Белым
па чорным
Лiдскi раённы выканаўчы камітэт
Галоўная / Навiны рэспублiкi
23.01.2025

Аляксандр Вярсоцкі: Грамадства гатова да таго, каб ісці эвалюцыйным шляхам

Прыгожая Ліда, на ўвесь свет вядомая велічным замкам, даўно займела назву прамысловага горада. Прадукцыя, якая вырабляецца на мясцовых прадпрыемствах, заслужана стала брэндавай: попыт на «лідскае» — гэта не проста паказчык высокай якасці тавараў, а і прытрымліванне традыцый, якія на Лідчыне захоўваюцца стагоддзямі. Раён мацнее сацыяльнымі аб’ектамі, сучаснай медыцынай, культурнымі здабыткамі. Моладзь застаецца на сваёй зямлі, аб чым сведчаць шматпавярховікі, якія, быццам грыбы пасля дажджу, пашыраюць гарадскі ландшафт. Летась у кастрычніку Лідскі райвыканкам узначаліў Аляксандр Вярсоцкі.  Чалавек на Гродзеншчыне не новы: дагэтуль быў старшынёй Свіслацкага райвыканкама, займаўся ідэалагічнай работай у Гродзенскім аблвыканкаме, сур’ёзны кар’ерны шлях — ад настаўніка да намесніка старшыні райвыканкама — прайшоў на Смаргоншчыне. Якія планы ў вопытнага ўпраўленца па развіцці Лідчыны, распыталі асабіста. — Прызначаючы кіраўнікоў мясцовай вертыкалі, Аляксандр Лукашэнка заўсёды кажа аб тым, што старшыні райвыканкамаў — прэзідэнты ў сваіх раёнах, а таму не павінны баяцца прымаць рашэнні. Як спраўляецеся з гэтым даручэннем? — Кажучы гэта, Прэзідэнт мае на ўвазе не толькі правы, якімі надзелены старшыня райвыканкама, а найперш — адказнасць. Адказнасць перад людзьмі — асноўны прынцып маёй работы. Для мяне такога няма, што калі прадпрыемства прыватнае — значыць, не маё. Гэта ўсё маё. І ўсе праблемы, якія там існуюць, таксама. У нас адказнасць у дзяржаве персаніфікаваная. На прадпрыемстве за ўсё ў адказе кіраўнік, у раёне — старшыня райвыканкама, у вобласці — старшыня аблвыканкама, а ў краіне — Прэзідэнт. Само жыццё дыктуе адносіны старшыні райвыканкама да сваіх функцыянальных абавязкаў. Ты насамрэч у адказе за ўсё і за ўсіх, што адбываецца на даверанай табе тэрыторыі. Іншага не можа быць. — Аляксандр Людвігавіч, ці хапіла вам часу ўвайсці ў курс справы, пазнаёміцца з калектывамі? — Паспеў, і ўражанні найлепшыя. Там, дзе я думаў, што сітуацыя, перш за ўсё кадравая, будзе значна горшай (напрыклад, у сельскай гаспадарцы), гэта не так. Усіх кіраўнікоў — і прамысловых, і сельскагаспадарчых прадпрыемстваў — аб’ядноўвае жаданне рухацца наперад, выпраўляць сітуацыю і рабіць яе лепшай. — У Лідзе сканцэнтраваны шэраг вядучых прадпрыемстваў краіны. Ці паспелі яны адаптавацца да працы ва ўмовах санкцый? Увогуле з якімі паказчыкамі сацыяльна-эканамічнага развіцця Лідчына завяршыла год? — Прадпрыемствы працуюць штатна: санкцыі не адбіваюцца ні на заробках, ні на аб’ёмах вытворчасці. Узяць тую ж «Лакафарбу»: з увядзеннем санкцый аб’ём прамысловай вытворчасці знізіўся амаль напалову. Прадпрыемства пераарыентавала сваю прадукцыю (перш за ўсё на рынак Расійскай Федэрацыі) і практычна аднавіла дасанкцыйныя аб’ёмы. І такіх прыкладаў нямала. Дагэтуль не знятыя праблемы на прадпрыемстве «Белтэкс Оптык». Калі б не пазіцыя асноўных акцыянераў, якія знаходзяцца ў Літве, сітуацыю можна і патрэбна было б выправіць. Але людзі не пацярпелі: пераважная большасць уладкавана на іншыя прадпрыемствы. Сокал падымаецца ўверх тады, калі супраць ветру ляціць. Так і тут: чым большае супраціўленне, тым лепшыя вынікі. Што датычыцца сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна, усе тыя планы, якія былі даведзены на мінулы год, выкананы, за выключэннем інвестыцый у асноўны капітал. Разам з тым работу над памылкамі мы зрабілі. Сёлета і гэты паказчык паспяхова выканаем за кошт новых аб’ектаў, дадатковых сродкаў. — Як развіваецца Ліда, бачна кожнаму, хто наведвае горад: новыя дарогі, актыўна будуецца жыллё… — У новым мікрараёне пабудавана сем шматпавярховых дамоў, на канец мінулага года ўведзена ў эксплуатацыю каля 68 тысяч квадратных метраў. Мікрараён будзе расці далей. Прынята рашэнне аб будаўніцтве там школы на 1020 месцаў з басейнам. У рамках правядзення свята Дня беларускага пісьменства плануем адкрыць помнік паэту Валянціну Таўлаю, дадзім другое жыццё стадыёну. Сёлета абавязкова прывядзём у парадак дваровыя тэрыторыі. У горадзе адкрыем 23 дзіцячыя гульнявыя пляцоўкі, недалёка ад замка з’явяцца велапешаходныя дарожкі. Рыхтуецца праектна-каштарысная дакументацыя на будаўніцтва тэрапеўтычнага корпуса Лідскай ЦРБ. Гэтага народ даўно чакае. Удзелім увагу і таму, што людзі не ацэняць, бо не бачаць, — гарадскім ачышчальным устаноўкам. Гэта нятаннае, але вельмі важнае мерапрыемства. — Жыллё — класічны спосаб замацавання кадраў на месцах. Што яшчэ робіцца для таго, каб моладзь не з’язджала? — Для замацавання маладых спецыялістаў у Лідзе створаны ўсе ўмовы. Пераважная колькасць прадпрыемстваў прадстаўляе арэнднае жыллё, інтэрнаты. Сярэдні заробак па раёне — 1863 рублі. Гэта таксама годна. Што датычыцца правядзення вольнага часу, у горадзе ёсць Палац культуры, вельмі шмат кавярняў, спартыўных аб’ектаў, якім многія могуць пазайздросціць. — Краіна перажывае найважнейшы перыяд грамадска-палітычнага жыцця: праходзяць выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Ці гатовыя лідчане, грамадства ў цэлым, уступіць у новы этап? — Усё пазнаецца ў параўнанні. Што такое шчасце, зразумееш тады, калі страціш тое, што цаніць не ўмееш. Параўноўваючы нашу краіну з тымі дзяржавамі, якія выпырхнулі з намі з аднаго (савецкага) гнязда, больш нічога і казаць не трэба. Хто гэта разумее — вельмі добра, хто не — мы спрабуем гэта данесці падчас шматлікіх дыялогавых пляцовак. Улада зрабіла работу над памылкамі пасля 2020 года, і грамадства пераацаніла сваё становішча, гледзячы на тую ролю, якая нам была наканавана, і на той шлях, па якім пайшла тая ж Украіна. Народ разумее: нам гэта не патрэбна. Грамадства гатова да таго, каб ісці эвалюцыйным шляхам паступальнага развіцця, а не рэвалюцыйным.