Галоўная /
Навiны рэспублiкi
25.11.2024
Як праходзіць збор подпісаў за кандыдатаў у Прэзідэнты Беларусі
У каляндарным плане выбарчай кампаніі, якая стартавала ў
нашай краіне, цяпер рэалізоўваецца трэці пункт — збор подпісаў
выбаршчыкаў у падтрымку вылучэння кандыдатаў у Прэзідэнты. Ва ўсіх
рэгіёнах краіны заўважана вялікая колькасць пікетаў, на якіх члены
ініцыятыўных груп збіраюць подпісы, адзначае Цэнтральная выбарчая
камісія Рэспублікі Беларусь і нагадвае: выбаршчык павінен уласнаручна
паставіць дату подпісу і распісацца ў падпісным лісце. Таксама выбаршчык
мае права паставіць подпіс у падтрымку некалькіх кандыдатур, якія
прапаноўваюцца для вылучэння кандыдатамі ў Прэзідэнты, але толькі адзін
раз у падтрымку адной і той жа кандыдатуры.
12 лістапада для жыхароў і гасцей Партызанскага раёна каля аднаго з
найстарэйшых кінатэатраў «Мір» з нагоды гэтага этапу электаральнай
кампаніі адбыўся квэст-канцэрт «Я іду на выбары». А яшчэ ў той дзень тут
размясціліся адразу чатыры пікеты па зборы подпісаў.
У кожнага ахвотнага была магчымасць падтрымаць як вылучэнне аднаго кандыдата, так і адразу ўсіх чатырох.
Збор подпісаў для вылучэння кандыдатаў у Прэзідэнты
Беларусі стартаваў 7 лістапада. Менавіта ў гэты святочны дзень на беразе
вадасховішча Вяча, што пад Мінскам, адбыўся ІІІ Чэмпіянат СМІ па колцы
дроў. Звяздоўцы ў ліку самых першых тады і паставілі свае подпісы і
годна прадставілі сябе ў спаборніцтвах.
Сярод тых, хто пакінуў подпіс каля кінатэатра «Мір» у аўторак,
большасць — моладзь. Яна актыўна ўдзельнічае ў лёсавызначальнай падзеі
для ўсёй краіны. «Гэта мая першая выбарная кампанія, — распавяла жыхарка
сталіцы Яўгенія. — Для мяне выбары — гэта сапраўднае свята. Хочацца,
каб з кожным годам Беларусь квітнела ўсё больш і больш».
Прадстаўнікі моладзі бяруць актыўны ўдзел у будаўніцтве нашай
дзяржавы, лічыць мінчанін Ігар: «Удзел у выбарах і актыўная
грамадзянская пазіцыя асабліва важныя сёння. Наша моладзь якраз такая.
Мы выступалі і працягваем выступаць за моцную і квітнеючую Беларусь».
Мы папрасілі падзяліцца ўражаннямі тых, хто збірае подпісы. «Людзі
масава ўдзельнічаюць у перадвыбарнай кампаніі. Толькі за сёння я спісаў
дзесяць падпісных лістоў! — распавёў прадстаўнік ініцыятыўнай групы ў
падтрымку Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі Аляксей Аляксандравіч. — Народ
прыходзіць з выдатным настроем! Тут пануе святочная атмасфера, гучыць
музыка, усім весела».
Аляксей Аляксандравіч упэўнены, што інфармацыі пра выбары дастаткова,
таму і пытанняў, як правіла, не ўзнікае: «У гэтым заслуга ў тым ліку і
СМІ».
Затым падышлі да жанчын, якія збіралі подпісы за іншага
кандыдата. «Сёння тут пануе святочная атмасфера, вельмі шмат моладзі,
што не можа не радаваць, — адзначыла Таццяна Сяргееўна. — Многія жадаюць
праявіць сваю грамадзянскую пазіцыю, многія падыходзяць, ставяць
подпісы. Кожны можа падпісацца нават за ўсіх кандыдатаў адразу. Галоўная
— мець пры сабе пашпарт».
Па словах Таццяны Сяргееўны, выбары — гэта заўсёды вялікае свята: «У
гэты час мы не толькі праяўляем сваю грамадзянскую пазіцыю, але і
галасуем за сваю будучыню, за будучыню нашай краіны. Збор подпісаў, як і
заўжды, ідзе ў рабочым парадку. Больш людзей прыходзяць менавіта ў
выхадныя і святочныя дні. Станоўчыя эмоцыі выбаршчыкаў заўсёды грэюць
душу і сэрца. У цэлым да нас прыходзяць з пазітыўным настроем, задаюць
пытанні аб нашым кандыдаце, на якія мы заўсёды з задавальненнем
адказваем».
«Мы збіраем подпісы за камуніста, першага сакратара ЦК КПБ, галоўнага
рэдактара газеты „Камуніст Беларусі. Мы і час“, — паведаміў прадстаўнік
ініцыятыўнай групы ў падтрымку Сяргея Аляксандравіча Сыранкова
Аляксандр Васільевіч. — Прыходзіць вельмі шмат людзей. Усе цікавяцца. Ва
ўсе часы наша партыя стаяла за сацыяльную справядлівасць перш за ўсё
для працоўных. Якраз і цікавяцца нашым напрамкам і курсам. Таксама
распытваюць аб лініі нашай партыі ў сучаснасці. Мы стараемся адказаць на
ўсе пытанні, усё растлумачыць. Наш народ заўсёды быў добразычлівым.
Многія людзі, даведаўшыся, што я з’яўляюся яшчэ і членам Саюза
пісьменнікаў, задаюць шмат пытанняў аб нашай культуры. Адпаведна, я
заўсёды імкнуся нашу культуру прадстаўляць ва ўсім свеце на высокім
узроўні».
«Беларусы павінны цікавіцца палітычным жыццём сваёй краіны!» —
адзначыла жыхарка сталіцы Алена падчас квэст-канцэрта. Па яе словах,
беларусы могуць ганарыцца сваёй краінай.
Прэзідэнцкія выбары — сапраўды лёсавызначальная падзея.
Такім меркаваннем падзялілася мінчанка Таццяна. «Трэба думаць аб тым,
каб наша Беларусь заставалася і далей надзейнай, свабоднай, мірнай і
бяспечнай. За гэта і трэба аддаваць свой голас», — упэўнена жанчына.
Пікеты па сборам подпісаў разгарнуліся ва ўсіх раёнах сталіцы. З 7 да
21 снежня ЦВК будзе прымаць дакументы, неабходныя для рэгістрацыі
кандыдатаў. З 22 да 31 снежня адбудзецца рэгістрацыя. Перадвыбарная
агітацыя і інфармаванне выбаршчыкаў пройдуць з 1 да 25 студзеня,
датэрміновае галасаванне адбудзецца з 21 да 25 студзеня. Выбары
Прэзідэнта Беларусі прызначаны на 26 студзеня 2025 года.
"Звязда"