Галоўная /
Навiны рэспублiкi
10.12.2024
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў час размовы з калектывам ТАА "ПАЖСНАБ" расказаў, як пакрыху ідзе перабудова айчыннай эканомікі
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў час размовы з калектывам ТАА
"ПАЖСНАБ" расказаў, як пакрыху ідзе перабудова айчыннай эканомікі,
перадае карэспандэнт БЕЛТА. Кіраўнік дзяржавы адзначыў пазітыўныя вынікі работы прадпрыемства,
створаныя сучасныя камфортныя працоўныя месцы. "Мне, вядома, прыемна
паглядзець і парадавацца за такое прадпрыемства, за ваш калектыў. Але як
Прэзідэнта мяне цікавіць іншае - важнае. Калі ёсць на рынку попыт на
вашу прадукцыю, ці зможам мы ў большым аб'ёме, больш якасна, калі гэта
трэба, вырабляць прадукцыю?" - у пачатку сустрэчы спытаў Прэзідэнт. Цяпер на "ПАЖСНАБе" працуюць амаль 250 чалавек, а пры пашырэнні
вытворчасці колькасць працоўных месцаў можа значна ўзрасці, што важна
для эканомікі як рэгіёна, так і краіны ў цэлым. Дарэчы, пытанне
стварэння новых працоўных месцаў ужо не стаіць так востра, як раней,
з-за асаблівасцей сучаснай сітуацыі на рынку працы. "У краіне дэфіцыт
рабочых людзей для стварэння любой прадукцыі. Не толькі ў сельскай
гаспадарцы, але ўжо і ў гарадах, прамысловасці дэфіцыт", - заўважыў
Прэзідэнт. "Тым не менш рабочым, спецыялістам прыемна працаваць на такім
прадпрыемстве. Для мяне важна, каб такія былі прадпрыемствы, - сказаў
кіраўнік дзяржавы. - Малайцы. Для сябе я зрабіў выснову: такія прыватныя
прадпрыемствы трэба падтрымліваць. Не купі-прадай (гэта таксама трэба,
таму што некаму ж трэба і прадаваць, але там у нас праблем фактычна
няма), а вось такія вытворчыя калектывы мы будзем падтрымліваць". У якасці важнага аспекту дзейнасці прадпрыемства "ПАЖСНАБ" і іншых
такіх структур Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што яны, вырабляючы канечны
прадукт, маюць кааперацыйныя сувязі з многімі і перш за ўсё з
дзяржаўнымі прадпрыемствамі, дзе закупляюць сыравіну, дэталі і вузлы,
шасі і дапаўняюць усё гэта ўласнымі суперсучаснымі надбудовамі. У выніку
атрымліваецца прадукцыя для высакароднай мэты - выратавання людзей. Такая тэхналагічная і канкурэнтная па цане прадукцыя, зразумела,
запатрабавана на знешніх рынках. І Прэзідэнт ставіць задачу на базе
гэтага паспяховага вопыту і кампетэнцый развівацца далей, маштабаваць
гэты прыклад на іншыя прадпрыемствы і галіны эканомікі ў цэлым. "Калі
ёсць попыт на рынку, ці зможам мы вырабляць больш? - спытаў кіраўнік
дзяржавы. - Для мяне важна, ці будзем вырабляць больш і прадаваць.
Вельмі вялікі інтарэс, таму што вы, як лакаматыў, цягнеце многія
прадпрыемствы, у тым ліку і дзяржаўныя". "Вось так пакрыху ідзе перабудова нашай эканомікі. А эканоміка - гэта прадпрыемствы", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што на працягу вясны, лета, пачатку
восені традыцыйна ўдзяляе значную ўвагу сферы сельскай гаспадаркі, таму
што гэта важна для забеспячэння харчовай бяспекі. А цяпер, паводле яго
слоў, настане перыяд для прадпрыемстваў прамысловасці. "Позняй восенню і зімой, ранняй вясной мы будзем працаваць у
прамысловасці. У бліжэйшы час паглядзім на перспектыўныя прадпрыемствы",
- растлумачыў Прэзідэнт. Гэта неабходна ў першую чаргу для таго, каб
вылучыць тыя сферы і асобныя аб'екты, дзе ў Беларусі ёсць поспехі,
напрацаваныя кампетэнцыі, якія можна ў бліжэйшы час маштабаваць,
развіваць. Цяпер, паводле слоў кіраўніка дзяржавы, шмат гаворыцца пра
неабходнасць інвесціраваць, будаваць нешта новае, адкрываць новыя
галіны. І Беларусь таксама ішла гэтым шляхам, але рух у гэтым напрамку
звязаны са шматлікімі цяжкасцямі і фінансавымі затратамі, а таксама
расцягнуты па часе. "Мы спрабавалі і новае будаваць. Гэта не так проста.
Калі нешта новае, накшталт атамнай станцыі, БНБК, - у нас увогуле
кампетэнцый не было", - растлумачыў Прэзідэнт. Такая стратэгія ў эканоміцы, як асваенне новых галін, зразумела,
таксама мае месца быць. Гэта асабліва важна для набыцця прарыўных,
высокатэхналагічных галін. Так было, напрыклад, у выпадку з будаўніцтвам
атамнай электрастанцыі. Аляксандр Лукашэнка расказаў, што, калі
дамаўляўся з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным наконт магчымасці
будаўніцтва АЭС, выставіў адну ўмову. "Умова была пастаўлена перад
расіянамі і Пуціным, што мы, беларусы, працуем разам з вамі і вы ад нас
нічога не ўтойваеце. Мне было важна вас (беларускіх спецыялістаў. -
Заўвага БЕЛТА) навучыць гэтаму", - адзначыў ён. "Дзякуй богу, нам розуму хапіла сваю станцыю пабудаваць, не баючыся
Чарнобыля, Фукусімы. Гэта - будучыня. Сёння мы пра гэта ўжо гаворым.
Літоўцы і нават палякі, якія ў 2020 годзе ўвесь час даймалі мяне: "Вось
ён народ знішчыць хоча і атамную станцыю будуе", сёння дзве атамныя
станцыі хочуць пабудаваць", - адзначыў Прэзідэнт. Такую істэрыку асобных
суседніх краін проста растлумачыць - уся справа ў канкурэнцыі. "Ім не
патрэбны канкурэнты, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Але мы іх
апярэдзілі. Таму ў нас сёння дастаткова электрычнасці, з лішкам. Вельмі
танна ў параўнанні з іншымі рынкамі прадаём насельніцтву і будуем
электрыфікаваныя дамы". Больш таго, ідзе размова аб магчымым будаўніцтве
ў Беларусі другой АЭС. А работа першай ужо фактычна поўнасцю
забяспечваецца беларускімі спецыялістамі. Асваенне любой новай сферы звязана са значнымі фінансавымі
ўкладаннямі і доўгім перыядам часу. "Гэта доўга, гэта дорага, - звярнуў
увагу Аляксандр Лукашэнка. - Таму, ствараючы новае і інвесціруючы ў
нейкія новыя праекты, я падумаў: чаго мы перажываем, трэба развіваць
свае школы там, дзе мы ўмеем. Умеем машыны будаваць (МАЗ, БЕЛАЗ,
"Белкамунмаш"). Рабілі на рухавіку ўнутранага згарання - пачалі рабіць
электрамабілі, попыт вялікі. Бачым попыт вялікі на аўтобусы, асабліва на
асноўным рынку, - мы пачалі рабіць аўтобусы ў вялікай колькасці і нават
завод новы будуем, у студзені мы яго здадзім. Літаральна за два гады
яго пабудавалі". "Гэта значыць, на базе тых кампетэнцый, таго, што мы ўмеем рабіць,
трэба рухацца далей і грошы ўкладваць у гэта. Таму што мы ўжо гэта
сваімі рукамі паспрабавалі рабіць", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. І ў гэтым сэнсе паказальны прыклад "ПАЖСНАБа". Кіраўнік дзяржавы
падкрэсліў, што такім чынам у краіне ствараюцца ўласныя кампетэнцыі,
свая вытворчасць, у якой актыўна задзейнічаны і іншыя прамысловыя
аб'екты, напрыклад, МАЗ, "Полацк-Шкловалакно". "Вы не проста прадалі
(сваю прадукцыю на рынку. - Заўвага БЕЛТА). Вы ўцягнулі нашы
прадпрыемствы", - сказаў ён.