Галоўная / Навiны раёна
09.11.2026

Дакудава? Нідакудава! або Дзе заходзіцца самая доўгая вёска Лідскага раёна

Амаль кожны куток нашага рэгіёна мае свае легенды, паданні і сакрэты, разгадаць якія мы паспрабуем у новым праекце «Таямніцы маёй вёскі».  Дзе пакінула адбітак сваёй нагі Багародзіца, чаму вёска Кабыльнікі знікла з карты Лідскага раёна, і назва якога паселішча пайшла ад выразу «Мінай ты»?! Адказы на гэтыя і іншыя пытанні будзем шукаць разам з навукоўцамі і мясцовымі жыхарамі.

На першы погляд – гэта звычайная беларуская вёска з радком хат паабапал дарогі, буслянкамі на слупах і ўслончыкамі ля плоту. Праўда, маленькай яе наўрад ці назавеш, бо распрасцерлася яна ўздоўж аж на чатыры кіламетры! Гэта, бадай, самая працяглая вёска ў Лідскім раёне. А каб лягчэй было ўпраўляцца, падзялілі яе на дзве часткі – Дакудава-1 і Дакудава-2. 

Але мясцовыя жыхары лічаць, што такая нумарацыя пазбавіла іх мястэчка дасціпнага гумару. Вось раней да назваў вёсак ставіліся з большай гарэзлівасцю. Пра гэта нават існуе жартаўлівая легенда. Маўляў, сустрэліся дзесьці тут два шляхцічы. Абодва мажныя, як індыкі, і задзірыстыя, як пеўні. 

– Ты дакуда ідзеш? – пытае адзін. 

– А табе якая справа? – прадчуваючы нейкі фокус, падазрона пытае другі. 

– Дык дакуда?  – не сунімаецца першы. 

– А нідакуда! – узлаваўся другі шляхціч. 

Мабыць, паны спрачаліся так горача, што іх лямант пачулі вяскоўцы. І з таго часу два населеныя пункты, паміж якімі не больш за кіламетр, сталі Дакудава і Нідакудава. Прынамсі, менавіта гэтыя назвы ўпершыню ўспамінаюцца ў летапісах XIV стагоддзя. 

Як князь Карыбут ля Дакудава па носе атрымаў

Што такога важнага магло адбыцца на дакудаўскіх землях, каб гэта занатавалі ў сваіх дакументах розныя летапісцы? Канечне, бітва! Тут, на беразе Нёмана, дужаліся не звычайныя ваяры, а вялікія князі  Карыбут і Вітаўт. А не падзялілі стрэчныя браты паміж сабой наш горад. Непаразуменне ўзнікла тады, калі Карыбут Альгердавіч (родны брат Ягайлы) запатрабаваў, каб Вітаўт вярнуў яму Ліду. Той адмовіўся, за што і атрымаў па носе. Войскі князёў сышліся ў верасні 1392 года. У летапісах гэта бітва значыцца як «бітва пры Дакудава-Нідакудава». Князь Карыбут пацярпеў знішчальнае паражэнне і ўцёк з жонкай і дзецьмі ў Навагрудскі замак, дзе яго зноў напаткаў  Вітаўт. 

«Водная кішэнь» і партызанская песня 

Мясціны ў Дакудава вельмі старажытныя. Беларускія археолагі знайшлі тут аж пяць стаянак часоў палеаліту, мезаліту, бронзавага і жалезнага вякоў. Неверагодна, але факт: людзі аблюбавалі гэтую зямлю яшчэ мільёны гадоў таму! Чым яна вабіла нашых продкаў? Канечне, сваім асаблівым месцазнаходжаннем. Дакудава раскінулася нібыта ў «воднай кішэні»: з аднаго боку  аб яе бераг б’юцца хвалі Нёмана, з другога – пляскоча невялікая рачушка Нарва, з трэцяга – паселішча адгарадзілася балотам, якое і сёння шчодра адорвае тубыльцаў суніцамі і журавінамі. 


Шпацыруючы па вёсцы з фотаапаратам, я збірала на плёнку прыгожыя моманты: тут незвычайная разьба на аканіцах, а там – яркімі пацеркамі зіхаціць куст шыпшыны. Пярэсценькі каток лашчыцца пад нагамі, а вось хтосьці каларытна прыпаркаваў веласіпед ля плоту – галоўны сялянскі транспарт. 

І ўсё ж... Вёска зараз у разрадзе неперспектыўных: хаты пусцеюць, вуліцы цішэюць... І толькі адна царква, каменная, моцная, стаіць у цэнтры сяла, непадуладная ніякім гістарычным віхурам. Як маяк у акіяне часу, прыцягвае ўвагу, уражвае сваёй велічнай прыгажосцю.

Акурат насупраць мураванкі – аўтобусны прыпынак. Маю ўвагу прыцягнулі дзве сталыя жанчыны, якія, падставіўшы свае твары пад лагодныя восеньскія прамяні, аб нечым гучна гаварылі. Я прывіталася. 

– Хадзілі сёння на балота за журавінамі, назбіралі па літраў дзесяць. Цяпер вось павязём гэтыя вітамінкі ў Ліду ўнукам, каб узмацнялі імунітэт, – вось так па-сялянску проста пачала гутарку адна з жанчын – Лілія Фёдараўна. І паказала на вядзерка з сакавітымі ягадамі, што трымала пад нагамі.

Крыху стомленыя, але па-свойму прыгожыя – у яркіх хусцінках, цёплых кажушках і гумовых ботах – бабулі так арганічна ўпісваліся ў вяскова-восеньскую замалёўку Дакудава, што я папрасіла дазволу іх сфатаграфаваць.  

– А мы і заспяваць можам! – прапанавалі мае новыя знаёмыя. – Хочаце?

– Канечне! – які журналіст адмовіцца ад такой імпрэзы. 

Пра што могуць спяваць тыя, хто глядзеў вайне ў твар і на сабе адчуў цяжар пасляваеннага ліхалецця? Канечне, пра Радзіму – мясціны, што блізкія сэрцу, і мужнасць яе сыноў. Вось і гэтыя жанчыны заліліся звонкім, крыху дрыжачым голасам. Спявалі яны партызанскую песню. 

Дуга Струве

На ўскрайку вёскі, акурат насупраць мясцовых могілак, можна заўважыць металічную трыногу.  Гэтую высокую канструкцыю, што загадкава ўсталявалася пасярод поля, я бачыла і раней, але чамусьці ніколі ёй не цікавілася. І дарэмна!  «Гэадэзічная Дуга Струве. Пункт «Дакудава». XIX стагоддзе», – напісана на шыльдачцы.  Аказваецца, гэта сапраўдны помнік гісторыі, які прадстаўляе сабой яшчэ і навуковую каштоўнасць! 

У XIX стагоддзі людзі ўжо ведалі, што Зямля – гэта не ідэальны шар, а пляскаты з палюсоў эліпсоід. Аднак ведалі толькі тэарэтычна, дакладных матэматычных разлікаў ніхто не праводзіў. 

І вось расійскі астраном Васіль Струве вырашыў гэта высветліць. З 1816 па 1855 год пад яго кіраўніцтвам вялося стварэнне ланцуга з 265 вымяральных пунктаў, якія прадстаўлялі сабой спецыяльныя каменныя кубы, гранітныя стэлы або жалезныя крыжы, укапаныя ў зямлю. З дапамогай матэматычнага метаду (трыянгуляцыі) вымяралася адлегласць ад адной кропкі да іншай. Атрымалася, калі казаць проста, гіганцкая лінейка даўжынёй амаль 3000 кіламетраў, якую чалавецтва літаральна «прыклала» да геаграфічнай карты, каб вымераць зямны шар. І назвалі гэты ланцужок гэадэзічных знакаў Дугой Струве – у гонар астранома, пад кіраўніцтвам якога праводзіліся ўсе вылічэнні.   

Дуга Струве прайшла з поўначы на поўдзень праз 10 сучасных дзяржаў (ад берагоў Нарвегіі да Чорнага мора). На тэрыторыі Беларусі быў закладзены 31 такі пункт. Адзін з іх знаходзіцца ў Лідскім раёне. 

У Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА ў Беларусі ўключаны чатыры матэрыяльныя аб’екты: Мірскі і Нясвіжскі замкі, Белавежская пушча і геадэзічная Дуга Струве.

У апошні час усё больш турыстаў наведваюць Лідчыну, каб пабачыць менавіта гэтую мясцовую славутасць. А ў вас ужо ёсць фотаздымак каля Дугі Струве? 

Тры педагогі, тры суседкі, тры сяброўкі

Перайшоўшы масток, які раздзяляе Дакудава на дзве часткі, я апынулася каля мясцовай школы. Будынак ужо даўно пустуе. І па нейкай недарэчнай іроніі, насупраць яго ў шматкватэрным доме жывуць былы дырэктар гэтай школы Ніна Карпава і дзве настаўніцы – Алена Грыгаровіч і Яўгенія Кухарчук. Напэўна, нялёгка кожны дзень бачыць былое месца працы, дзе пакладзена столькі сіл, часу і здароўя, такім зніякавелым, пакінутым? – пытаюся ў жанчын. 

– Канечне, раней такое відовішча кранала. Цяпер ужо звыкліся, не заўважаем, – прызнаецца Ніна Карпава.  – Дакудаўскай школай я кіравала амаль чвэрць стагоддзя. Тут навучалася больш за 200 дзяцей. 

– А мне часта прыгадваюцца мае вучні, – міла ўсміхаецца Алена Грыгаровіч, якая некалі выкладала ў Дакудава беларускую мову. – Многія з іх сталі сапраўднымі людзьмі – прафесіяналамі ў справе, якую абралі, добрымі бацькамі... 

– А мне на ўсё жыццё запомніліся нашыя навагоднія аганькі. Толькі ўявіце: у школу запрашалі сапраўдных артыстаў! Гэтай падзеі чакалі не толькі дзеці, але і самі настаўнікі, – успамінае настаўніца рускай мовы Яўгенія Кухарчук. 

Тры педагогі, тры суседкі, тры сяброўкі… Колькі розных успамінаў – і светлых, і сумных – захоўваюць яны ў сваіх сэрцах. Так утульна мне было з гэтымі простымі, але адукаванымі жанчынамі размаўляць тут, на ўскрайку Дакудава, пад старой яблыняй. Больш бы такіх сустрэч!

ЛідаМедыяКампанія