Майстар-клас па рабоце на сучасным артраскапічным комплексе даў у Лідскай раённай бальніцы галоўны пазаштатны траўматолаг Міністэрства аховы здароўя, дырэктар РНПЦ траўматалогіі і артапедыі, член-карэспандэнт НАН Беларусі, доктар медыцынскіх навук, прафесар Міхаіл Герасіменка.
Аб гэтым паведамілі БелТА ва ўстанове аховы здароўя.
Як растлумачылі спецыялісты, артраскапія — гэта малаінвазіўны метад дыягностыкі і лячэння суставаў, які шырока прымяняецца ў траўматалогіі і артапедыі. Ён заключаецца ў выкарыстанні спецыяльнага аптычнага прыбора — артраскопа ў суставе праз невялікія праколы. Гэта дазваляе траўматолаг-артапеда дэталёва агледзець унутраныя структуры сустава і пры неабходнасці адразу выканаць хірургічнае ўмяшанне
Артраскапія выкарыстоўваецца для дыягностыкі і лячэння розных
захворванняў і траўмаў суставаў: пашкоджанне меніскаў і звязкаў
каленнага сустава, разрывы рататарнай абшэўкі плечавага сустава, артрыты
і артрозы на ранніх стадыях, запаленчыя і дэгенератыўныя захворванні
суставаў, выкарыстоўваецца для выдалення храстковых або касцяных
фрагментаў пасля траўмаў. Яе перавагі — мінімальная траўматычнасць,
хуткае аднаўленне, высокая дакладнасць дыягностыкі, а таксама зніжэнне
пасляаперацыйных ускладненняў і эстэтычны вынік — адсутнасць вялікіх
шрамаў пасля працэдуры.