Галоўная / Навiны раёна
28.08.2024

Тэматычная фальклорная пляцоўка “Хата бацькоў” упершыню будзе ўсталявана 31 жніўня на свяце да Дня горада Ліды

 ТЭМАТЫЧНАЯ ПЛЯЦОЎКА “ХАТА БАЦЬКОЎ”
Элементы прадстаўлення брэндавых мерапрыемстваў аграгарадкоў, тэатралізаваныя праграмы і лакацыі пляцоўкі
“Хата бацькоў


    Тэматычная фальклорная пляцоўка “Хата бацькоў” упершыню будзе ўсталявана 31 жніўня на пляцоўцы каля Палаца культуры г.Ліды і будзе працаваць з 14:00 да 20:00 на свяце да Дня горада Ліды.
    За тэматычную аснову лакацыі ўзяты брэндавыя мерапрыемствы аграгарадкоў Лідскага раёна, якія раскрываюць тэму “Хаты бацькоў”, “малой Радзімы”, “беларускай культуры і  традыцый” – гэта свята ручніка “Па ручніку, што з роднай хаты, мы пазнаем маленькую Радзіму” (аграгарадка Ваверка), раённае свята “Спазнай смак сваёй кухні” (аграгарадка Беліца), фестываль нарояў “Глыток гісторыі з Брахоцкім” (аграгарадка Мажэйкава), свята гармоніка “Гуды, грай!” (аграгарадка Гуды), фестываль побытавых танцаў “Танцуем па-даўнейшаму”  (аграгарадка Дзітва).

    Жыхары горада Ліды – адкрытыя і гасцінныя. Таму на пачатку агляду тэматычнай пляцоўкі “Хата бацькоў” гасцей будзе сустракаць хлебам, соллю і прывітальнай песняй народны ансамбль бытавых інструментаў “Каханачка” Мажэйкаўскага Дома культуры.
    Хлеб у беларусаў заўсёды падаваўся на ручніку ў знак паважлівага стаўлення да яго. Так, далей, госці трапляюць на тэматычную экспазіцыю, прысвечаную святу ручніка. Ручнікі – гэта культурныя помнікі нашай зямлі. Гэта і абярэгі, і спадарожнікі жыцця, і паказальнікі дабрабыту нашага народа. Адным з цэнтраў даўніх традыцый беларускага ткацтва ў Лідскім раёне з’яўляецца аграгарадок Ваверка, таму тут штогод праходзіць свята ручніка.

    На экспазіцыі, прысвечанай брэндаваму святу ручніка, будуць стаяць ткацкія кросны, за якімі народны майстар Рэспублікі Беларусь і майстар Лідскага аддзела рамёстваў Валянціна Сільвановіч на працягу дня будзе праводзіць майстар-класы па белаўзорыстаму ткацтву Панямоння, якое ўнесена ў дзяржаўны спісак нематэрыяльных культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь. Экспазіцыя будзе ўключаць выставу унікальных ручнікоў белаўзорыстага ткацтва, асаблівых ручнікоў, якія ткаліся толькі ў Лідскім раёне, паясоў ручной работы.
    У Беларусі гавораць: “Ці з перцам, ці не з перцам – абы было са шчырым сэрцам”, або “У добрай кухаркі – на стале скваркі, а ў дрэннай – прыгаркі. А хлебасольная Лідская “Хата бацькоў” будзе сустракаць гасцей самым смачным і шчырым частаваннем. На экспазіцыі, прысвечанай брэндаваму святу традыцыйных беларускіх страў “Спазнай смак сваёй кухні” (аграгарадка Беліца) будзе арганізавана выстава-дэгустацыя традыцыйных беларускіх страў, дзе кожны жадаючы зможа пакаштаваць падрыхтаваныя з дапамогаў сельскіх гаспадарак Лідскага раёна духмяныя стравы. Візітоўка нацыянальных і рэгіянальных страў будзе суправаджацца цікавым гістарычным аповедам з гісторыі нацыянальнай беларускай кухні.

    Адну з галоўных частак у харчаванні беларусаў заўсёды займалі напоі, якіх у традыцыйнай беларускай кухні даволі шмат. Таму, наведвальнікаў “Хаты бацькоў” далей сустракае пляцоўка напояў, прысвечаных фестывалю напояў “Глыток гісторыі з Брахоцкім”, якое праходзіць у аграгарадку Мажэйкава. Свята прысвечана знакамітай гістарычнай сям’і Брахоцкага, які жыў на Мажэйкаўскай зямлі і ўнёс вялікі ўклад у развіццё сваёй роднай зямлі. Аграгарадок Мажэйкава вядомы ў рэгіёне часткова захаваным помнікам сядзібна-паркавай архітэктуры XIX стагоддзя, які будаваў Брахоцкі. 

    На сталах – напоі рознай моцы: кісялі, кампоты, зёлкавая гарбата, збіцень, наліўкі, вішнёўка, пяршак, жывіца, медавуха… Госці змогуць пачаставацца рознымі напоямі, запісаць іх рэцэпты, пазнаёміцца з іх гісторыяй узнікнення і спосабамі ўжывання.
    Хата бацькоў неўявіма без прыгожай песні, якая бярэ за душу. Наступная экспазіцыя брэнда аграгарадка – да свята гармоніка “Гуды, грай!”, якое з’яўляецца брэндавым для аграгарадка Гуды, бо тут больш за 35 гадоў вядзе сваю актыўную творчую дзейнасць народны ансамбль народнай музыкі “Гудскі гармонік”. Тут Народны ансамбль “Гудскі гармонік” сустрэне кожнага беларускай песняй пад гармонік, будзе гумар, імправізацыя, найгрышы, прыпеўкі. На пляцоўцы размесціцца выстаўка гармонікаў, акардэёнаў і розных іншых музычных інструментаў. Плануецца правесці батл прыпевак пад гармонік.

    Завершыць інтэрактыўную вандроўку па пляцоўцы “Хата бацькоў” майстар-класс па побытавых танцах, які прадставіць брэндавае свята – фестываль побытавых танцаў “Танцуем па-даўнейшаму”. На ўсталяваным подыуме на працягу дня будуць праводзіцца майстар-класы для ўсіх жадаючых па побытавых танцах, такіх як “Нарэчанька”, “Ойра”, “Каханачка”, “Падыспань”, “Кракавяк”.., а фальклорныя калектывы прадставяць танцы і кадрылі, якія выконвалі нашы бабулі і дзядулі.

    Трэба адзначыць, што “Хата бацькоў” будзе ўключаць шэраг фоталакацый – гэта інтэрактыўная  “жывая карціна” у нацыянальным стылі, фотазона “Буслы на адпачынку”.

    Так сама будзе ўсталявана сцэнічная пляцоўка невялікага памеру, дзе на працягу вызначанага часу будуць выступаць народныя калектывы сельскіх устаноў культуры: народны сямейны ансамбль Парфенчыкаў “Мы з вёскі-калыскі” (Бердаўскі культурна-дасугавы цэнтр), народны вакальны ансамбль “Святліца” (Дзітвянскі Дом культуры), народны фальклорны гурт “Талер” (Лідскі аддзел рамёстваў).
    Таму запрашаем лідчан і гасцей горада на нашу традыцыйную пляцоўку “Хата бацькоў”. Будзе гучна! Будзе смачна! Будзе гасціна па-лідску!