Галоўная / Навiны раёна
18.08.2022

У ААТ «Лідахлебапрадукт» ідзе прыёмка збожжа па дзяржзаказе

Жніво зараз ў самым разгары. Нашы чытачы ад самага яго пачатку ўжо назіралі на старонках “Лідскай газеты” за работай камбайнёраў і сачылі за пажарнай бяспекай у полі, зазірнулі ў рамонтна-механічныя майстэрні і зерне-сушыльны комплекс падчас дажджу. А сёння прапануем пазнаёміцца з наступным этапам шляху зерня ад поля да мукі – прыёмкай ураджаю на ААТ “Лідахлебапрадукт”.

Хто хоць раз бываў на тэрыторыі гэтага прадпрыемства, зразумеюць, чаму я ўзрадавалася нагодзе наведаць яго ізноў. І не толькі таму, што там робяць, на мой густ, самую лепшую ў свеце муку. Настрой пачынае ўздымацца яшчэ пры падыходзе да прахадной, перад якой размешчана скульптурная кампазіцыя – сноп і мяшкі з зернем. А вось за прахадной – пачынаецца казка! Каго тут толькі не сустрэнеш: аленіху, якая прыхавала свайго гадаванца ў хмызняку, паважнага крата, паўліна, пеўня, буслоў, церам-церамок з яго жыхарамі, Бабак Ёжак на любы густ – усяго не пералічыць. І ўсю гэту прыгажосць робіць сваімі рукамі супрацоўнік завода Юрый Жамойда, майстар цэха па вытворчасці камбікормавай прадукцыі.

З гарантавана добрым настроем трапляю ў госці на працоўнае месца да Надзеі Тэрзі, намесніка начальніка вытворча-тэхналагічнай лабараторыі. Тут мне давялося пазнаёміцца і з яе астатнімі супрацоўнікамі, паназіраць за тымі маніпуляцыямі, якія яны па-майстэрску праводзяць з толькі што прывезеным зернем.

– Наша прадпрыемства знаходзіцца ў складзе іншых у галіне, на якія дзяржавай ускладзена нарыхтоўка сельгасгаспадарчай прадукцыі і сыравіны для рэспубліканскіх дзяржаўных патрэб (прасцей кажучы, дзаржзаказ). Акрамя жыта і пшаніцы, якія мы нарыхтоўваем па дзяржзаказе, мы прымаем трыцікале, ячмень, авёс, гарох для асабістай вытворчасці. У гэты перыяд працуем кругласутачна, бо ўраджай вязуць да нас з усёй Гродзенскай вобласці. Але перад тым, як машына пойдзе на вагі і разгрузку, мы правяраем якасць груза. Калі некалькі гадоў назад гэта працэдура займала не менш за гадзіну, то сёння, дзякуючы набытым аўтаматычным прыстасаванням па адборы проб і вызначэнні якасці зерня, асноўных паказчыкаў на колер, пах, вільготнасць, ступень заражэння шкоднікамі, колькасць і якасць клейкавіны пшаніцы, лік падзення (аб гэтым трохі пазней) мы робім за некалькі хвілін, – паведаміла Надзея Пятроўна.

Каб не быць галаслоўнай, яна паказала, як гэта робіцца на практыцы, пры гэтым пазнаёміўшы мяне з іншымі спецыялістамі. Аказалася, што непасрэдным адборам проб пад чуйным вокам тэхніка-лабаранта Ірыны Місуры займаюцца байцы моладзевага працоўнага атрада.

– Усяго працуе восем дзяўчат. Сёння на змене Анастасія Драбко (дарэчы, трэці год запар), Ангеліна Белагрывая і Аляксандра Богдан. Я вельмі задаволена іх працай: працалюбівыя дзяўчаты. Прыемна, што і ім у нас падабаецца, – паведаміла Ірына Вітольдаўна.

Між тым пад’ехала чарговая машына з новым ураджаем. Аўтаматычным пробаадборнікам была ўзята патрэбная колькасць зерня на даследванне. А далей супрацоўнікі лабараторыі, кожны ў сваёй кампетэнцыі, правёў патрэбныя замеры. Пшаніца аказалася добрай якасці і дапушчальнай вільготнасці (не больш за 13 працэнтаў), таму яе адправілі адразу на элеватар. У адваротным выпадку – павезлі б на зернесушыльны комплекс, які таксама ёсць на прадпрыемстве.

– Сёлета, дзякуючы намаганням хлебаробаў, якім яшчэ і спрыяла надвор’е, усё зерне, якое да нас паступае, мае высокую натуру: буйнае, налітае. Таму мукі з новага ўраджаю будзе шмат. Больш за тое, дзякуючы высокаму ўтрыманню клейкавіны пшаніцы і ліку падзення (гэта біяхімічны паказчык, калі казаць па-простаму), яна будзе вельмі высокай якасці. На раніцу 16 жніўня да нас паступіла 66,4% збожжа ад дзяржзаказу. Прывоз ідзе добрымі тэмпамі, і ўсё паказвае на тое, што мы выканаем пастаўленыя задачы. Так што будзе і хлеб у магазінах, і пірагі ды аладкі на сталах. Упэўнена: усе, хто не лянуецца выпякаць дамашнія прысмакі, таксама застануцца задаволены, – працягвае свой аповед Надзея Тэрзі.

Тым часам пад’ехала наступная машына, і я, каб не перашкаджаць працаваць добразычлівым жанчынам, паспяшалася развітацца з імі.

А да транспартнай прахадной працягвалі пад’язджаць велікагрузныя машыны, у якіх за лабавым шклом віднеліся аркушы з кароткімі, але такімі важкімі словамі: “Ураджай-2022”.

Лідская газета