• Адрас райвыканкама: 231300, г. Ліда, вул. Савецкая, 8 • E-mail для дзелавой перапіскі: Lidaisp@mail.lida.by • Тэлефон па пытаннях дзелавой перапіскі: 8 (0154) 53-40-03 • Факс: (80154) 53-40-04
Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Аляксандр Сонгін наведаў Бердаўскую школу
Дэпутат Палаты прадстаўнікоў
Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Аляксандр Сонгін, працуючы
непасрэдна ў сваёй выбарчай акрузе (а як мы ведаем, яна ўключае
тэрыторыі трох раёнаў), нярэдка прыязджае на Лідчыну. Вось і першага
верасня парламентарый не прамінуў пабываць у нашым рэгіёне – у
Бердаўскай базавай школе. Гэтаму ёсць некалькі прычын. Асноўная з іх –
кіраўнік нашай дзяржавы ўдзяляе вялікую ўвагу сферы адукацыі, выхаванню
моладзі. Такога ж кірунку ў сваёй дзейнасці прытрымліваюцца
парламентарыі рэспублікі. А Аляксандру Сонгіну такая тэма вельмі
знаёмая. Ён педагог па адукацыі, у свой час працаваў настаўнікам,
узначальваў структуры сферы адукацыі ў нашым раёне і ў Гродзенскай
вобласці. Нездарма падчас яго размовы з кіраўніцтвам і настаўнікамі
Бердаўскай школы адчувалася веданне справы да драбніц.
Па
прыездзе парламентарыя ва ўстанову адукацыі дырэктар школы Сяргей
Саўчык прапанаваў яму зрабіць экскурсію па будынку ўстановы. Нельга не
адзначыць: у памяшканнях, як і належыць, перад пачаткам навучальнага
года ўсё зіхаціць чысцінёй і свежасцю. Самі педагогі ў добрым,
пазітыўным настроі, прыветліва ўсміхаюцца насустрач. Разам з тым не
ўпускаюць выпадку, каб задаць пытанні, якія іх цікавяць, народнаму
абранніку, паслухаць яго інфармацыю.
Так,
напрыклад. Аляксандра Генрыхавіча абступілі педагогі дашкольнай
адукацыі. З цеплынёй, з зацікаўленасцю расказвалі пра сваю работу, планы
і Бердаўскую школу наогул. Высветлілася: частка з іх – выпускнікі гэтай
школы. Выхавальнікам з 1990 года працуе Наталля Піута. Работу з
дашкалятамі выбрала ў свой час Тэрэза Кандыба. А выпускніца школы
Наталля Урбановіч вярнулася працаваць у родную школу
настаўнікам-дэфектолагам на так даўно.
Аляксандра Генрыхавіча цікавіла, як ідзе напаўняльнасць класаў вучнямі.
Яму падрабязна расказалі, з якімі пытаннямі ў гэтым плане сутыкаецца
педагагічны калектыў. Дарэчы, сёлета ўпершыню за парты Бердаўскай
базавай школы селі 7 дзетак. Адзін з бацькоў, Андрэй Акрыш, зазначыў:
– Сына Сашу прывялі ў першы клас. Дачка Ульянка падрасце – у гэтую ж школу пойдзе. Родную вёску пакідаць не маем намеру.
Жыве сям’я Акрышаў у Бердаўцы. Сам Андрэй працуе вадзіцелем у КСУП “Ёдкі-Агра”.
Школьная
лінейка з нагоды пачатку навучальнага года прайшла ў Бердаўскай школе
на належным узроўні: вельмі ўрачыста, запамінальна для дзяцей,
настаўнікаў, бацькоў. На лінейцы парламентарый прысутнічаў у якасці
ганаровага госця. І, вядома, як госць, не мог не падарыць падарункі
гаспадарам – спартыўны інвентар будзе нялішнім у школе. Але, бадай, яшчэ
даражэйшы падарунак атрымалі першакласнікі. Ад імя Прэзідэнта краіны
кожнаму з іх парламентарый ўручыў кнігу “Беларусь – наша Радзіма”.
Пасля
таго як школьны званок паклікаў вучняў у класы, дэпутат не развітаўся з
Бердаўкай. Цікавіла, як працуе школьны музей, якімі экспанатамі
папаўняецца. Акрамя таго, Аляксандр Генрыхавіч у Дзень ведаў наведаў
ветэрана працы, былую загадчыцу дзіцячага садка Вольгу Міхайлаўну
Кісялёву. Ён з вялікай павагай адносіцца да старэйшага пакалення
педагогаў, бо менавіта яны давалі ў свой час сваім вучням пуцёўку ў
дарослае жыццё, закладвалі падмурак сучаснай адукацыі, спрыялі развіццю
грамадства.