• Адрас райвыканкама: 231300, г. Ліда, вул. Савецкая, 8 • E-mail для дзелавой перапіскі: Lidaisp@mail.lida.by • Тэлефон па пытаннях дзелавой перапіскі: 8 (0154) 53-40-03 • Факс: (80154) 53-40-04
Куды звяртацца, каб стаць прыёмнымі бацькамі? Прыёмная мацi: Дзеці – гэта сонечныя праменьчыкі ў нашым жыцці
Дзеля сустрэчы з
чарговай гераіняй праекта едзем у аграгарадок Бердаўка. Прыгожы,
акуратны дом, утульны інтэр’ер, дзе адчуваецца клапатлівая рука, а ў
зале – стол з гарбатай і хатнім пірагом, які Людміла Янаўна Огар спякла
разам з малодшай прыёмнай дачкой Таняй. Дзяўчынка яшчэ ў школе, а мы з
яе мамай у цёплай атмасферы пачынаем размову…
«Знайдзі мяне, мама!»
Добрыя
словы пра Людмілу Янаўну я чула і раней. Падзяку ў яе адрас выказвала
прыёмная мама Наталля Крысцек, для якой Людміла Огар стала свайго роду
настаўніцай у прафесіі. І хаця ў адносінах да жанчыны не прынята казаць
пра ўзрост, але зробім невялікае выключэнне: Людміла Янаўна – адна з
самых сталых, вопытных мам. І ўвогуле яна вельмі незвычайная жанчына.
Пра такіх людзей кажуць: іх сустрэнеш не часта, яны нібыта знічкі – ярка
ззяюць людзям цёплым святлом. У яе добры, ласкавы позірк, ціхі,
спакойны голас і кожнае слова – важкае, з глыбокім сэнсам. Прынамсі,
першае ўражанне не аказалася памылковым. З кожнай хвілінай знаёмства
ўпэўніваюся: перада мной самая цудоўная мама!
– Я ўжо сталая, – жартуючы, пачынае гутарку Людміла Янаўна. – Калісьці
глядзела на сваю маму, якой было 60, і думала, якая яна старэнькая. А
зараз мне самой 62, я гляджу ў люстэрка і думаю: не такая я яшчэ і
старая. Не хочацца старэць, бо не ўяўляю свайго жыцця без дзяцей, якіх
яшчэ многа ў прытулку і якім хацела б падарыць сваё мацярынскае цяпло.
–
Сама выхоўвалася ў вялікай сям’і – нас было чацвёра, – кажа мая
суразмоўніца. – А муж у бацькоў быў адзін. Зайздросціў: “Як жа вам
добра! Вас так многа! А я адзін, як куст у полі”. Напэўна, таму і ў нас з
ім нарадзілася шмат дзяцей – пяцёра.
Дзеці хутка выраслі, параз’язджаліся… На руках заставаўся толькі
малодшы, трохгадовы Андрэй, калі жанчына раптам, у 38 год, аўдавела.
Тым часам Людміла Янаўна любіла глядзець па тэлебачанні праграму
“Знайдзі мяне, мама!”. І кожны раз, бачачы дзетак, што чакалі матулю, не
магла стрымаць слёз. Члены сям’і суцяшалі: “Ну чаго ты плачаш? Едзь ды
бяры!” І яна паехала. Гэта было ў 2007 годзе. Ёй тады споўнілася 45.
– Памятаю, прыехала ў прытулак, і першым, хто мяне прывітаў, быў
маленькі хлопчык Вадзім. Яго вочкі нібыта казалі: “Вазьмі мяне, мама!”
Сэрца маё раздзіралася… З-за слёз я не магла выразна выказаць дырэктару
прытулку, чаго я хачу. Але яна мяне зразумела і падтрымала. Так у маю
сям’ю і далі таго самага Вадзіма.
«Мама, а мае вочы ўжо падобныя на твае?»
Праз
некалькі год, якраз на Вялікдзень, у сям’і з’явіўся другі прыёмны
хлопчык – Жэня. І Людміла Янаўна падумала: напэўна, сам Бог паслаў ёй
гэтых дзетак. Хлопчыкі пайшлі ў адзін клас. Хаця і былі зусім розныя. Жэню вучоба
давалася лёгка, але ён не надта цаніў гэта. Вадзіму было цяжэй, але ён
быў вельмі старанны. Радаваўся, калі ў яго атрымлівалася і яго за гэта
хвалілі.
Абодва хлопцы перажылі ў сваіх родных сем’ях жахі. Іх трэба было вучыць
элементарным навыкам, выхоўваць, прывіваць добрыя якасці. Часам давалася
гэта нялёгка, але прыёмная мама цешылася, калі бачыла добрыя плады.
–
Выхаванне ў мяне заўсёды будуецца па прынцыпе дыялогу, – гаворыць яна. –
Канкрэтна кажу: “Гэта дрэнна, гэтага рабіць нельга…” Ніколі не
практыкую дыктатарства. Наадварот, стараюся падтрымаць дзяцей: “А вось
гэта добрая ідэя” – тым самым развіваю іх упэўненасць.
Вадзім вельмі хацеў быць маміным родным сынам, насіць яе прозвішча.
Нават пытаўся: “Калі я стану Огар?” Яна адказвала: каб стаць членам
сям’і, трэба быць падобным да членаў сям’і, рабіць так, як робяць яны. І
хлопчык стараўся… “Мама, паглядзі на мяне: я ўжо падобны на цябе? Мае
вочы сталі падобныя на твае?” – не сунімаўся Вадзім. Тады яна яму
казала: “Няважна, якое ў цябе прозвішча. Важна, што ты жывеш у гэтай
сям’і. Ты сапраўдны член сям’і”.
Потым хлопцы выраслі і ім трэба было паступаць вучыцца далей. Вадзім
зараз жыве ў Лідзе, сустракаецца з дзяўчынай і на выхадныя прыязджае ў
Бердаўку, да прыёмнай мамы, дапамагае ёй, часта тэлефануе – як самы
родны сын. Жэня іншы. Ён у Маскве і мала цікавіцца жыццём сваёй прыёмнай
сям’і.
«Адразу адчула: мая»
Са школы дамоў вярнулася Таня, узяла крэсла і села побач з мамай – іначай Людмілу Янаўну ніхто з дзяцей тут не называе.
Таня, а пасля яе і Даша з’явіліся ў гэтай сям’і за два месяцы да ад’езду хлопцаў. Дзяўчынкі – аднагодкі, але таксама розныя.
Заўважаю, як падчас размовы мама паклала далонь на Таніну руку, а тая
накрыла яе другой сваёй далонькай. І столькі ў гэтых жэстах адчулася
цеплыні! Хацелася глядзець і слухаць, і нават слёзы падступалі да вачэй
ад такой вялікай любові.
–
Прыязджаю ў прытулак, а дзеці якраз вярнуліся з лагераў (скончыліся
канікулы) і ўсе радасныя, з цукеркамі, – расказвае Людміла Янаўна. –
Толькі адна дзяўчынка сумная, і ў яе няма цукерак. “Як цябе завуць?” –
запыталася я. “Таня”. “Ты, напэўна, у лагеры не была?” “Не”. “Ну, тады
трымай шакаладку” – і дастала з сумачкі ласунак. Паміж намі ўжо тады
нібыта іскрынка праляцела, узнікла сувязь.
– Таня камунікабельная, ліслівая, адразу прытулілася, адразу я адчула:
мая, – гаворыць Людміла Янаўна. – Яна і падобная да мяне, дакладней, да
маёй старэйшай дачкі. Яна імкнецца ўсяму навучыцца, ва ўсім дапамагаць.
Ёй усё цікава. Мы трымаем коз, і Таня ўжо ўмее іх даіць. Вось і гэты
пірог яна амаль цалкам сама спякла. Даша іншая. Яна з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Спачатку
ўвогуле нікога не прымала, акрамя мяне. Вучоба і выхаванне ёй даюцца
цяжка. Але… Паціху мы разам вучымся, яна ў чымсьці дапамагае па доме.
Мары збываюцца
Браціка
і сястрычку Сашу і Вераніку Людміле Огар прапанавалі ўзяць часова,
пакуль для іх не знойдзецца пастаянная сям’я. Але прыёмная мама з
першага дня, як толькі ўбачыла, зразумела: і гэта яе дзеткі.
– Іх папярэдзілі, што яны будуць у нас часова. Але Сашу так спадабалася,
што ён захацеў застацца. На свой дзень нараджэння ён упершыню ў жыцці
задзімаў свечкі на торце. А потым прызнаўся: “Я загадаў жаданне, каб у
гэтай сям’і застацца на ўсё жыццё”.
На Новы год Сашу і Вераніцы знайшлі прыёмных бацькоў, але ў сям’і Огар
усе так прывыклі адны да адных, што папрасіліся быць разам. Жаданне Сашы
споўнілася. Зараз Вераніка вучыцца ў каледжы ў Маладзечне, яна будучы
тэхнолаг хлебабулачных вырабаў, а Саша вучыцца ў каледжы ў Гродне на
электрыка.
– Цешуся сваімі дзеткамі, – не скрывае Людміла Янаўна.
Дзеці дапамагаюць жыць
–
Сапраўды, дзеці дапамагаюць жыць. Дзеці – гэта і ёсць жыццё. Яны як
сонечныя праменьчыкі: глянеш на іхнія ўсмешкі – і сэрца радуецца, –
гаворыць Людміла Огар. – Цяжкасці, вядома, здараюцца, але ў параўнанні з
тым, колькі ты энергіі атрымліваеш, цяжкасці – нішто. Калі бачыш
шчаслівыя твары дзяцей, то сам адчуваеш удвая большую радасць. Ёсць
такое правіла: калі ты робіш дабро для іншых людзей, то і сам
атрымліваеш узамен дабро.
– Хачу сказаць, каб людзі не баяліся! – заклікае Людміла Огар. –
Схадзіце ў прытулак, паглядзіце, колькі там добрых дзетак, колькі вочак
чакаюць вас! Вельмі важна, каб яны адчулі сямейнае цяпло і навучыліся
жыць у сапраўднай сям’і.
«Ведаю, хто цябе будзе даглядаць. Гэта я!»
–
Быў час, калі я даглядала сваю свякроў, – расказвае Людміла Янаўна
такую гісторыю. – Вадзім быў яшчэ маленькі і аднойчы кажа: “Мама, а хто
цябе будзе даглядаць?”
– Ну, не ведаю, Вадзім. У мяне ж столькі дзяцей!
– Я ведаю. Гэта буду я! Дакладней, даглядаць будзе мая жонка, а я буду зарабляць для вас грошы.
– Хіба можна такіх дзяцей не любіць?! – робіць выснову Людміла Янаўна. Куды звяртацца, каб стаць прыёмнымі бацькамі?
Ва ўпраўленне адукацыі Лідскага райвыканкама па адрасе: г. Ліда, вул.
Савецкая, 8, кабінет 59 (тэл. 52-97-76) – да галоўнага спецыяліста
Марыны Дармідонтаўны Гец і ў сацыяльна-педагагічны цэнтр па адрасе: г.
Ліда, пр. Перамогі, 7 (тэл. 65-79-43, 65-79-51).