Галоўная / Навiны рэгiёна
26.02.2025

Лаўрэаты Дзяржаўных знакаў якасці — аб шляху да перамогі і планах на будучыню

Уручаючы Дзяржаўныя знакі якасці калектывам прадпрыемстваў, Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што ўладальнікамі гэтай вышэйшай узнагароды з’яўляюцца вядомыя ўсім маркі, пра якія з гонарам кажуць: «Зроблена ў Беларусі». «Яны прайшлі жорсткі адбор на адпаведнасць крытэрыям інавацыйнасці, тэхналагічнасці, бяспекі і шэрагу іншых», — канкрэтызаваў беларускі лідар і падкрэсліў, што атрымаць ганаровы знак няпроста, але яшчэ больш складана будзе захаваць гэты высокі статус.

Як гэта зрабіць, з карэспандэнтам «Звязды» падзяліліся лаўрэаты першых знакаў якасці.


«Высокі давер да фабрыкі і яе калектыву»

Высокай узнагароды ўдастоены горкі шакалад без цукру «Прэзідэнт Эксклюзіў» з утрыманнем какавы 72%, 78% і 85% кандытарскай фабрыкі «Камунарка». Як расказаў генеральны дырэктар СААТ «Камунарка» Сяргей Анюхоўскі, шакалад паступіў у шырокі продаж улетку 2018 года. «Галоўная інавацыя лінейкі заключаецца ў купажыраванні лепшых сартоў какава-бабоў з некалькіх краін, — адзначыў кіраўнік прадпрыемства. — Усе тры віды шакаладу маюць розны і непаўторны смак.

Сяргей Анюхоўскі звярнуў увагу на ўнікальнасць рэцэптуры шакаладу. Як высветлілася, яна падбіралася з удзелам кіраўніка дзяржавы: менавіта беларускі лідар стаў канчатковым дэгустатарам прадукту. «Выпускаць прадукт пад назвай „Прэзідэнт“ і атрымаць за яго Дзяржаўны знак якасці — гэта высокі давер да фабрыкі і яе калектыву, — падкрэсліў гендырэктар. — Роля дзяржавы, якую яна адыгрывае ў развіцці „Камунаркі“, вялізная. Фабрыка ўступае ў перыяд мадэрнізацыі, і тут з боку горада, урада — падтрымка, фінансаванне, праектаванне, падбор пляцоўкі».

«Без развіцця няма заўтра»

Дзяржаўны знак якасці прысвоены эмалі ПФ-115, якая вырабляецца на ААТ «Лакафарба» ў Лідзе. 

Дырэктар прадпрыемства Андрэй Гурчын падкрэсліў, што за высокай узнагародай — праца вялікага калектыву. «Гэта заслуга не кіраўніка, а ўсіх людзей, якія працавалі, — удакладніў ён. — Гэта і тыя, хто стаяў ля вытокаў прадпрыемства, ствараў першыя прадукты, і тыя, хто цяпер трымае марку, каб праслаўляць Беларусь па ўсім свеце».

Па словах Андрэя Гурчына, усіх беларусаў аб’ядноўвае імкненне жыць лепш, забяспечваць развіццё краіны, горада, у якім жывеш, прадпрыемства, на якім працуеш. «Без развіцця, калі мы спынімся на месцы, заўтра ў нас няма, — перакананы ён. — Імкненне ствараць новыя прадукты, развівацца — гэта і ёсць тыя крокі, якія трэба рабіць. А цяжка будзе заўсёды. Калі было лёгка? Кожны год новыя цяжкасці з’яўляюцца, але мы спраўляемся. Далей будзе лепш».

«Нам трэба ганарыцца людзьмі, якія ўсё гэта зрабілі»

Дзяржаўным знакам якасці ўзнагароджаны трактар «BELARUS-1222.3».

Генеральны дырэктар ААТ «Мінскі трактарны завод» Сяргей Аўраменка адзначыў ролю дзяржавы і асабіста Прэзідэнта ў развіцці айчыннай прамысловасці. Акцэнт на гэтай галіне, пастаянная пільная ўвага да яе кіраўніка дзяржавы, па яго словах, дазволілі істотна нарасціць патэнцыял прадпрыемстваў.

«Упор на прамысловасць — гэта той рычаг, які дазволіў не толькі захаваць саму прамысловасць і развіваць яе, але і рабіць гэта ў абсалютна правільным кірунку з пункту гледжання эканомікі, у тым ліку працаваць больш глыбока па зніжэнні сабекошту, — канкрэтызаваў гендырэктар Мінскага трактарнага завода. — Гэта дазволіла рухацца далей і навуцы».

Па словах кіраўніка прадпрыемства, задзел у прамысловасці, створаны за апошні час, дае магчымасць нават у цяперашніх няпростых умовах санкцый і канкурэнцыі паспяхова ісці наперад і дасягаць добрых паказчыкаў у рабоце прадпрыемстваў. «Нам у першую чаргу трэба ганарыцца людзьмі, якія ўсё гэта зрабілі», — падкрэсліў Сяргей Аўраменка.

Звязда