У адным з нумароў на другой старонцы пад загалоўкам «Няма ходу фашысцкім цягнікам» паведамляецца аб падрыўной групе атрада імя Чкалава, якая вярнулася з задання. Камандзір дакладвае ў штабе, што заданне выканана: пад адкос пушчаны два вайсковыя эшалоны, якія ішлі на фронт. Поўнасцю знішчаны два паравозы, шэсць платформ з танкамі, платформа з аўтаматчыкамі і восем платформ з сенам, пад якім была замаскіравана вайсковая тэхніка. Тут жа паведамляецца яшчэ аб адной групе падрыўнікоў, якая вярнулася з задання. На іх рахунку — таксама два эшалоны, якія перавозілі прадукты харчавання. «Такія баявыя будні ў адным са шматлікіх атрадаў савецкіх патрыётаў». І псеўданімы былі не абы-якія. Напрыклад, аўтарам прыведзенай інфармацыі значыцца «Партызан І. Б.»
Вядома, пастаянна друкаваліся паведамленні Саўінфармбюро з франтоў на бягучы момант. І хаця першы радок сведчыў, што істотных змен на 14 чэрвеня 1943 года не адбылося, наступны абзац суха паведамляў, што напярэдадні часцямі авіяцыі на розных участках фронту знішчаны ці пашкоджаны не менш чым 20 аўтамашын з войскамі і грузам, узарваны склад боепрыпасаў, спынены агонь трох артылерыйскіх батарэй, разбіты некалькі эшалонаў ворага.