Галоўная / Навiны рэспублiкi
12.01.2023

Праверце свой арганізм. Ці абавязковая дыспансерызацыя і як яе прайсці?

Дыспансерызацыя — комплекс мерапрыемстваў, які ўключае ў сябе прафілактычны медыцынскі агляд і дадатковыя метады абследаванняў, якія праводзяцца для ацэнкі стану здароўя. Сёлета ў нашай краіне змяніўся яе парадак, і многіх палохае непазбежнасць гэтай працэдуры. Але ці абавязковая яна для ўсіх? Якія захворванні дапамагае выявіць? Як цяпер прайсці дыспансерызацыю і колькі яна зойме? Усе новаўвядзенні растлумачыла галоўны ўрач 11-й гарадской паліклінікі Мінска Ірына Болдырава.

— Ірына Мікалаеўна, з пачатку гэтага года змяніўся парадак дыспансерызацыі. Што канкрэтна абнавілася?

— З 1 студзеня 2023 года ўступіла ў сілу пастанова Міністэрства аховы здароўя ад 9 жніўня 2022 года № 83 «Аб зацвярджэнні інструкцыі аб парадку правядзення дыспансерызацыі дарослага і дзіцячага насельніцтва». Яна і вызначае парадак яе правядзення.

Калі казаць пра дарослае насельніцтва, то новаўвядзенне дапаможа нам вырашыць праблему выяўлення фактараў рызыкі развіцця неінфекцыйных хвароб, а таксама палепшыць работу па выяўленні захворванняў на ранніх стадыях. А таксама актывізуе работу па медыцынскім назіранні ў амбулаторных умовах для пацыентаў з хранічнымі захворваннямі.

Калі раней гэта была вялікая колькасць даследаванняў, то цяпер дыспансерызацыя — мерапрыемства, накіраванае на медыцынскую прафілактыку. А пытанні па медыцынскім назіранні аднесены да клінічных пратаколаў. І, адпаведна, медыцынскае назіранне пацыентаў з хранічнымі захворваннямі будзе ажыццяўляцца па канкрэтных мерапрыемствах. Гэта будуць пэўныя даследаванні пры тым ці іншым хранічным захворванні.

Мы мусім забяспечыць даступнасць правядзення дыспансерызацыі, у тым ліку цягам усяго часу работы паліклінікі. Апроч таго, наша задача — у аналізе эфектыўнасці дыспансерызацыі, а таксама ў актыўнай інфармацыйнай рабоце як сярод работнікаў, так і сярод насельніцтва.

— Якая розніца паміж дыспансерызацыяй і абавязковымі медыцынскімі аглядамі? Даводзіцца чуць меркаванне, што гэта дублюючыя працэдуры...

— Абавязковыя медыцынскія агляды праводзяцца ў рамках закона «Аб ахове працы». Гэта медыцынскія агляды пры паступленні на работу (папярэднія), тыя, што праводзяцца падчас работы (перыядычныя), і пазачарговыя — пры пагаршэнні стану здароўя работніка.

Медагляд, па сутнасці гэта допуск да работ у шкодных і небяспечных умовах працы. Яны вызначаюцца па выніках атэстацыі ці комплекснай гігіенічнай ацэнкі рабочага месца. А дыспансерызацыя праводзіцца для ўсіх. Такім чынам, пры яе правядзенні ажыццяўляецца не прафілактычны або абавязковы медыцынскі агляд, а медыцынскі агляд пацыента, накіраваны на прафілактыку і выяўленне фактараў рызыкі развіцця неінфекцыйных захворванняў, у тым ліку на ранніх стадыях.

— Як часта давядзецца праходзіць дыспансерызацыю?

— Ёсць дзве групы дыспансернага назірання. Першая — 18-39 гадоў, яны праходзяць дыспансерызацыю раз на тры гады. Другая група — 40 гадоў і старэйшыя, для іх дыспансерызацыя праводзіцца штогод. Як паказвае практыка, людзі пасля 40 гадоў больш часта звяртаюцца ў паліклініку, чым у маладым узросце.

— Што дапамагае выявіць дыспансерызацыя? Ці могуць знайсці рак, пераддыябет ці дыябет і іншыя цяжкія захворванні?

— Асноўным новаўвядзеннем падчас дыспансерызацыі стане анкетаванне дарослага насельніцтва незалежна ад узросту. І па яго выніках мы выяўляем фактары рызыкі чатырох груп асноўных неінфекцыйных хвароб. Гэта хваробы сістэмы кровазвароту, цукровага дыябету другога тыпу, хранічныя абструкцыйныя хваробы лёгкіх і анкалагічныя захворванні.

— Якія працэдуры і аналізы абавязковыя? І колькі кабінетаў давядзецца наведаць?

— Пацыент прыходзіць у адзін кабінет. Тут жа яму праводзіцца анкетаванне, вымяраюць рост, вагу, аглядаюць стан поласці рота і скуры, вымяраюць акружнасць таліі, вызначаюць індэкс масы цела, вымяраюць артэрыяльны ціск. У выпадку неабходнасці выконваюць кардыяграму, а пацыентам, якія старэй за 40 гадоў, вымяраюць ўнутрывочны ціск. На гэтым усе інструментальныя працэдуры скончаны. Па іх выніках і па ацэнцы анкетавання медыцынскі работнік вызначае далейшыя неабходныя мерапрыемствы.

Калі неабходна здаць аналізы, пацыент тут жа накіроўваецца ў працэдурны кабінет, у яго бяруць аналіз крыві праз адзін пракол — агульны, на глюкозу, пры неабходнасці — на халестэрын і ў мужчын — на вызначэнне прастатспецыфічнага антыгену. Пры неабходнасці ён здае аналіз мачы. Жанчын таксама накіроўваюць у аглядальны кабінет, ён працуе з 8 да 20 гадзін І тут жа пацыент робіць флюараграфію, якую можна прайсці ў любы час з 8 да 20 гадзін.

У схеме дыспансерызацыі дарослага насельніцтва маецца і такая працэдура, як мамаграфія. Яна праводзіцца жанчынам ва ўзросце 50-69 гадоў, адзін раз на два гады. У адпаведнасці з гэтым мы арганізавалі работу наступным чынам: усіх жанчын гэтай ўзроставай групы раздзялілі на два гады і склалі план такім чынам, каб штомесячна іх у планавым парадку абследаваць. За два гады яны ўсе пройдуць гэта абследаванне.

— Куды трэба звяртацца, каб прайсці дыспансерызацыю?

— Раскажу на прыкладзе нашай установы. Дыспансерызацыя праводзіцца па папярэднім запісе. Таксама пры самастойным звароце пацыента ва ўстанову для праходжання дыспансерызацыі, у тым ліку калі ён звяртаецца ў паліклініку па запрашэнні медыцынскіх работнікаў. Таксама дыспансерызацыя ажыццяўляецца пры аказанні медыцынскай дапамогі — калі пацыент прыйшоў па сваіх пытаннях на прыём да ўрача, яму ў гэты ж дзень будзе праведзена дыспансерызацыя ў поўным аб'ёме.

Хачу звярнуць увагу, што папярэдні запіс для правядзення дыспансерызацыі ажыццяўляецца цягам усяго часу работы паліклінікі. І калі пацыент сам звяртаецца ў рэгістратуру ці стол даведак, ён можа запісацца, у тым ліку патэлефанаваць па мабільным ці стацыянарным тэлефоне. Акрамя таго, запісацца можна праз інтэрнэт на сэрвісе talon.by. Таксама праз сайт медыцынскай установы, на якім створана спецыяльная электронная пошта. Туды пацыент заходзіць, пакідае свае дадзеныя для сувязі, і з ім звязваецца медыцынскі работнік, які запіша на зручны для пацыента час.

— Гэта значыць, што не трэба сядзець у агульнай чарзе, а ёсць спецыяльныя кабінеты, якія будуць працаваць толькі па дыспансерызацыі?

— Так, у нашай паліклініцы, напрыклад, арганізаваныя тры такія кабінеты, якія працуюць з 8 да 20. Складзены графік работы медыкаў, якія праводзяць дыспансерызацыю. Пры гэтым штатны расклад мы не павялічвалі, а за кошт сваіх рэзерваў арганізавалі работу трох кабінетаў у дзве змены. Дыспансерызацыю праводзіць урач агульнай практыкі, медыцынскія сёстры ці памочнікі ўрача па амбулаторна-паліклінічнай рабоце.

Рабочыя месцы абсталяваныя ў адпаведнасці з табелем аснашчэння кабінета ўрача агульнай практыкі. Там маецца растамер, вагі, сантыметровая стужка, прыбор для вымярэння ўнутрывочнага ціску, калькулятар індэкса масы цела, ЭКГ-апарат, каб правесці пацыенту дыспансерызацыю ў поўным аб'ёме і за адзін дзень.

Акрамя таго, на рабочым месцы камп'ютары падключаны да Нацыянальнага цэнтра электронных паслуг для правядзення анкетавання. Медыцынскі работнік заходзіць, уводзіць усе дадзеныя пацыента, яго мабільны тэлефон. Вынікі анкетавання, фактары рызыкі і ўсе неабходныя дыягнастычныя мерапрыемствы пацыент атрымае у выглядзе СМС на свой мабільны тэлефон.

Дарэчы, тыя пацыенты, якія маюць лічбавы подпіс ці ІD-карту, могуць прайсці анкетаванне самастойна дома. Яго вынікі прыйдуць у асабісты кабінет яго паліклінікі, дзе таксама спецыяльны медыцынскі работнік адсочвае гэтую інфармацыю. Ён звяжацца з гэтым чалавекам і запросіць у зручны для яго час у паліклініку для правядзення далейшых мерапрыемстваў па дыспансерызацыі.

— Менавіта на базе вашай паліклінікі праходзілі навучальныя семінары па дыспансерызацыі. Наколькі гатовы медработнікі праводзіць гэту працэдуру? Колькі яна зойме часу?

— Сапраўды на базе нашай паліклінікі праходзілі два пілотныя праекты па правядзенні дыспансерызацыі ў маі і снежні 2022 года. Гэта дазволіла асвоіць анкету, якая размешчана на Нацыянальным цэнтры электронных паслуг, і праводзіць анкетаванне хутка і зразумелай для кожнага пацыента мовай. Гэта дазваляе скараціць час анкетавання. У сярэднім дыспансерызацыя доўжыцца з улікам вопыту правядзення анкетавання 15 хвілін. Самыя галоўныя тут — пытанні арганізацыі.

— Дыспансерызацыя — абавязковая працэдура для кожнага?

— Неабавязковая. Ад яе правядзення ў адпаведнасці з артыкулам 45 закона «Аб ахове здароўя» можна адмовіцца. Медыцынская дыспансерызацыя праводзіцца ў межах медыцынскай прафілактыкі, а тая ў сваю чаргу з'яўляецца відам медыцынскай дапамогі. Таму пацыент мае права адмовіцца, але пры гэтым адмова мусіць быць аформлена ў адпаведнасці з заканадаўствам пісьмова.

Звязда