Галоўная / Навiны рэспублiкi
24.04.2024

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае сваю работу Усебеларускі народны сход. Гэта мерапрыемства ўжо сёмае па ліку ў сучаснай гісторыі нашай незалежнай краіны, але сёлета яно асабліва знакавае. Упершыню, згодна са змяненнямі і дапаўненнямі ў Канстытуцыю, прынятымі два гады назад на рэспубліканскім рэферэндуме, УНС набыў статус найвышэйшага прадстаўнічага органа дзяржаўнай улады. Амаль тысяча дзвесце чалавек, якія прадстаўляюць усе рэгіёны і сацыяльныя групы Беларусі, высокую ўладу і мясцовае самакіраванне, грамадзянскую супольнасць, збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. Фактычна ў іх руках будучыня дзяржавы і народа, бо рашэнні, якія яны прымуць, не падлягаюць адмене або аспрэчванню нейкай іншай інстанцыяй.

«Раніца ранняя, настрой бадзёры. Сёлета, хоць і сёмы па ліку сход, але разам з тым першы раз у статусе канстытуцыйным. Самае галоўнае, што Канстытуцыю вызначаў народ на рэферэндуме, таму і адчуваецца адказнасць дэлегатаў за краіну, за народ. УНС з’яўляецца цэментам, які змацоўвае грамадзянскую супольнасць, сістэму кіравання і ўсе інстытуты нашай дзяржавы», — сказаў старшыня камісіі па рабоце з моладдзю і патрыятычнаму выхаванню насельніцтва Гродзенскага абласнога савета ветэранаў Аляксандр Сягоднік. Ён дадаў: "Тыя рашэнні, якія будзе прымаць сход, вельмі важныя для кожнага ўдзельніка і для народа. Узровень адказнасці разумее кожны дэлегат”.

"Так у Беларусі было заўсёды. Самыя галоўныя пытанні і праблемы вырашалі вось так: збіраліся людзі вопытныя, прафесіяналы, і вырашалі найважнейшыя пытанні для дзяржавы. Усе разам вызначалі, якім шляхам пойдзем. Гэта сапраўды важна, — адзначыла рэктар Гродзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Святлана Сяргейка. — Сёння такі час, такія выклікі, вакол нас столькі ўсяго. І сапраўды канцэпцыя нашай нацыянальнай бяспекі, праект ваеннай дактрыны — гэта самыя асноўныя дакументы, якія павінны прыняць.

Старшыня Свіслацкага райвыканкама Аляксандр Вярсоцкі таксама звярнуў увагу на важнасць прыняцця ключавых рашэнняў для дзяржавы ўсёй краінай. «Гэта залог стабільнасці і паступальнага руху наперад. Калі прааналізаваць канфлікты апошніх дзесяцігоддзяў, то падрываць імкнуцца знутры. Гэта атрымліваецца, калі адзінства няма, калі раздрай і неразбярыха, такія з’явы ёсць у суседзяў. Успамінаючы падзеі 2020 года, узнікае пачуццё гонару за тое, што сітуацыю тады ўтрымалі, цяпер яе стабілізавалі і зараз рэспубліка далей паступова развіваецца. Той "вірус", які хацелі нам прывіць, не прыжыўся, мы яго перамаглі, вакцыну правільную своечасова знайшлі», — адзначыў ён.

«Я ўдастоіўся гонару прадстаўляць не толькі свой рабочы калектыў, народ у цэлым і Гродзенскую вобласць, у прыватнасці. Чаканне вялікіх эмоцый, неперадавальных. Усебеларускі народны сход вырашае глабальныя пытанні як унутранай, так і знешняй палітыкі. Будуць разгледжаны пытанні нацыянальнай бяспекі, ваеннай дактрыны, што на гэты момант з’яўляецца актуальным пытаннем, — падзяліўся перад адпраўленнем у сталіцу малады дэлегат, вядучы спецыяліст аддзела Гродзенскага абласнога спажывецкага таварыства Дзмітрый Беразоўскі. — Як маладому чалавеку таксама мне цікава прадстаўляць інтарэсы рабочай моладзі, прасоўваць ідэю настаўніцтва, каб яна з практычнага боку працавала ўжо ў статусе дзяржаўнага закона і была абавязковай як для дзяржаўных, так і для прыватных прадпрыемстваў, каб у маладых спецыялістаў было яшчэ больш магчымасцей праяўляць свае ініцыятывы, каб яны маглі рэалізоўваць сябе на карысць будучыні нашай краіны».

«Дэлегаты Гродзенскай вобласці, вядома, у прадчуванні тых важных падзей палітычных, якія ўпершыню будуць праводзіцца ў нашай краіне. Мы рыхтаваліся ў тым ліку і інфармацыйна. Ёсць праекты рашэнняў ваеннай дактрыны, канцэпцыі нацыянальнай бяспекі, яны прааналізаваны. Мы ўпэўнены, што дэлегацыя адпрацуе вельмі добра і потым сустрэнецца са сваімі выбаршчыкамі і будзе працаваць у гэтым напрамку. Для нас гэта і ганарова, і адказна, таму што мы разумеем важнасць рашэнняў стратэгічных, якія будзем прымаць у перыяд работы Усебеларускага народнага сходу», — падзялілася старшыня Гродзенскай абласной рады дэпутатаў Алена Пасюта.

Дэлегаты з усіх абласцей Беларусі адправіліся сёння раніцай у Мінск для ўдзелу ў VII Усебеларускім народным сходзе, які пройдзе 24 і 25 красавіка ў Палацы Рэспублікі. Удзел у УНС прымуць 1166 дэлегатаў.