Адказваючы на пытанне, ці пераняла Беларусь вопыт у суседзяў (нядаўна ў Расіі таксама праходзілі выбары), старшыня ЦВК зазначыў, што любы вопыт выкарыстоўваецца выключна ў нацыянальных інтарэсах. «Вопыт, які ёсць не толькі ў Расіі, але і ў краінах СНД, мы прымяняем з рознымі неабходнымі відазмяненнямі, дапаўненнямі, са сваім бачаннем і разуменнем. Дарэчы, цяпер пачаў работу Кансультатыўны савет выбарчых органаў краін СНД. Гэта калегіяльны орган якраз для абмеркавання актуальных праблем з работы выбарчых сістэм, абмену вопытам, абмену інфармацыяй», — дадаў ён.
Ігар Карпенка праінфармаваў, што нядаўна ў Санкт-Пецярбургу праходзіў круглы стол па пытаннях электаральнай бяспекі, электаральнага суверэнітэту. «Любая электаральная кампанія павінна разглядацца не толькі з пункту гледжання легітымізацыі органаў дзяржаўнага кіравання з наданнем пэўнага прававога статусу, але і з пункту гледжання аналізу, як працуе выбарчая сістэма, што неабходна ўдасканальваць. Пры разглядзе Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі мы паспрабавалі ўключыць такое паняцце, як электаральны суверэнітэт як неад’емнае, выключнае права суверэннай дзяржавы самастойна, без якіх-небудзь умяшанняў праводзіць выбары. Мы для сябе ўжо вызначылі напрамкі, якія павінны паставіць заслон спробам уплыву на выбарчую сістэму, у першую чаргу звонку. На жаль, такія спробы ёсць, мы ўсё часцей гэта назіраем. Прыкладаў мноства, у тым ліку і ў нашых найбліжэйшых суседзяў, калі выкарыстоўваюць розныя гібрыдныя формы ўплыву, розныя формы дэстабілізацыі абстаноўкі. Таму мы гэтыя пытанні абмяркоўвалі, вядома, заклалі шэраг і юрыдычных норм, якія павінны гэтаму перашкаджаць», — падкрэсліў старшыня ЦВК.