24.11.2022

У аддзеле рамёстваў і традыцыйнай культуры Лідскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці працуе выстава “Вёска Збляны – калыска традыцыйнай культуры Лідчыны”

Вёска Збляны Лідскага раёна заўсёды славілася сваімі ткачыхамі і
майстрамі, якія захоўвалі традыцыі пакаленняў і любоў да сваёй малой
радзімы. Жанчыны шчыра дзяліліся вопытам у ткацкім рамястве, захоўвалі
фальклор, стваралі адзенне і вышывалі па традыцыях сваёй мясцовасці. Тут і
сёння ў многіх хатах можна ўбачыць вялікія калекцыі тканых вырабаў:
дываны, ручнікі, посцілкі, паясы і адзенне ручнога вырабу.

Экспазіцыя, прадстаўленая ў аддзеле рамёстваў і традыцыйнай
культуры, цікавая тым, што на ёй прадстаўлены работы жыхароў некалькіх
пакаленняў. Унікальныя калекцыі – вышыўка гладдзю жыхаркі хутара
Збляны Лаўнік Рэгіны; экспазіцыя тканых дываноў маці і яе дачкі Шафарэвіч
Ніны Іванаўны і Шафарэвіч Надзеі Антонаўны расказвае пра гісторыю і
працэс вытворчасці; ручнікі належаць Паповіч Станіславе Іванаўне. Вялікая
калекцыя паясоў належыць Майніч Ганне Міхайлаўне. Асаблівая ўвага
адведзена касцюму, які вылучаецца сваім адметным мастацкім прыёмам,
элементамі строя вёсак Панямоння і хутара Збляны. Усе гэтыя рэчы не толькі
распавядаюць гісторыю сваёй сям’і, але і раскрываюць унутраны свет
жыхароў гэтай вёскі. Выстаўка сцвярджае значнасць вывучэння і развіцця
творчых традыцый Лідчыны, жывую сувязь і пераемнасць пакаленняў у
мастацкім услаўленні роднага краю

Малодшы навуковы супрацоўнік Марына Савіцкая